Tuesday, Feb 19th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Проекты Салдат-імя твае вядома З кагорты мужных

З кагорты мужных

E-mail Печать

Сёння Мітрафану Яўсеевічу Жамчужнікаву, ганароваму ветэрану Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, спаўняецца 90 гадоў.

 

Яго біяграфія адлюстроўвае лёс цэлага пакалення, тых мужных людзей, якія, зведаўшы нястачу ў дзяцінстве, імкнуліся вучыцца і працаваць на карысць Радзіме, мужна абаранялі яе ад ворага, а затым вынеслі на сваіх плячах пасляваенныя цяжкасці.
Нарадзіўся Мітрафан Яўсеевіч у вёсцы Каратаян Варонежскай вобласці ў беднай мнагадзетнай сялянскай сям’і. Ён быў самым малодшым з 13 дзяцей. У 16 гадоў закончыў аднагадовыя настаўніцкія курсы і пачаў працаваць адначасова загадчыкам і настаўнікам двухкамплектнай пачатковай школы.
У чэрвені 1941 года юнаку споўнілася васямнаццаць, а праз тыдзень пачалася вайна. Мітрафан змяніў школьную ўказку на вінтоўку. Кулямётчыкам стралковай дывізіі на Калінінскім фронце пачаў свой баявы шлях. Пасля заканчэння кароткатэрміновых армейскіх курсаў малодшы лейтэнант Жамчужнікаў трапіў на Сталінградскі фронт камандзірам мотастралковага ўзвода. Далей былі Курска-Арлоўская дуга, баі за вызваленне Бесарабіі, Малдавіі, шматпакутнай беларускай зямлі, Польшчы. Перамогу гвардыі лейтэнант Жамчужнікаў сустрэў у Берліне.
Вайна пакінула свае адмеціны: у баях Мітрафан Яўсеевіч двойчы быў цяжка паранены, атрымаў кантузію.
Смеласць і адвага франтавіка адзначаны двума ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За абарону Сталінграда», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй», юбілейнымі медалямі Беларусі і Украіны.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Мітрафан Яўсеевіч Жамчужнікаў працягваў вайсковую службу ў Германіі. Затым быў пераведзены ў Беларускую ваенную акругу, у воінскую часць у Маладзечне, дзе праслужыў да 1956 года.
Пасля звальнення ў запас працаваў у абласным ваенкамаце, у будаўнічым трэсце. Завочна паспяхова закончыў політэхнічны тэхнікум, 27 гадоў адпрацаваў на станкабудаўнічым заводзе інжынерам па падрыхтоўцы кадраў. Мітрафан Яўсеевіч дапамог многім работнікам дасканала авалодаць прафесіяй, палюбіць сваю справу, пранікнуцца пачуццём глыбокай павагі да чалавека працы.
М.Я. Жамчужнікаў стаяў ля вытокаў стварэння спачатку гарадскога савета ветэранаў вайны, а затым у 1987 годзе – гарадскога савета ветэранаў вайны і працы. Дваццаць гадоў з’яўляўся членам савета і старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі станказавода, намеснікам старшыні гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. І цяпер, у паважаным узросце, таксама не адыходзіць ад грамадскіх спраў – вядзе вялікую ваенна-патрыятычную работу, часта наведваецца ў навучальныя ўстановы, маладзёжныя калектывы, сустракаецца з салдатамі і афіцэрамі воінскай часці.
У мірны час да ваенных дабавіліся ўзнагароды за добрасумленную працу – медалі, Ганаровыя граматы.
Мітрафан Яўсеевіч здолеў пранесці праз ваеннае пекла і не растраціць на доўгім жыццёвым шляху такія чалавечыя якасці, як дабрыня, справядлівасць, сумленне, жаданне прыйсці на дапамогу кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу.

 

  • Паважаны Мітрафан Яўсеевіч!
    Прыміце самыя сардэчныя віншаванні з юбілеем!
    Выказваем Вам шчырую ўдзячнасць за шматгадовую добрасумленную працу ў ветэранскай арганізацыі.
    Ад усёй душы жадаем Вам здароўя, аптымізму, бадзёрасці. Няхай не меншаюць сілы, няхай сэрца будзе маладым, саграваецца любоўю родных і блізкіх, шчырай дружбай верных сяброў. Няхай здзейсніцца Ваша запаветная мара – дажыць да 70-годдзя Вялікай Перамогі!
    РАЁННЫ САВЕТ ВЕТЭРАНАЎ.


Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх