Tuesday, Jun 25th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Проекты Салдат-імя твае вядома Стала известна история семьи с хутора Клайдути, сожженного фашистами во время войны

Стала известна история семьи с хутора Клайдути, сожженного фашистами во время войны

E-mail Печать

Вёску Сакаўшчына Маладзечанскага раёна 70 гадоў таму, 11 лістапада 1943 года, фашысты спалілі яе разам з жыхарамі, якія дапамагалі партызанам. Такі ж трагічны лёс напаткаў і сем’і з хутара Клайдуці, што знаходзіўся непадалёк. {jcomments on}

Пасля нядаўняй публікацыі ў нашай газеце пра гэту сумную падзею адазваліся сведкі і сваякі загінуўшых у тым страшным агні – стрыечныя брат і сястра Віктар Андрэевіч Шаранговіч і Ніна Андрэеўна Макуцэвіч. Іх дзед Іван Дзянісавіч Шаранговіч працаваў лесніком і жыў са сваёй вялікай сям’ёй у Клайдуцях, выкарчоўваў з сынамі лес, пашыраў ніўку, сеяў збожжа.

«Калі чытаю Коласаву «Новую зямлю» -- так і бачу дзедаў хутар», -- гаворыць Ніна Андрэеўна. – Ды толькі жыццё на ім скончылася ў адзін дзень: шасцёра чалавек з роду Шаранговічаў пахаваны ў брацкай магіле, якую пасля вайны перанеслі ў вёску Загорскае…
Ад бацькі засталася толькі спражка

Хіба можа чалавек усё жыццё памятаць тое, што з ім адбылося ў чатырохгадовым узросце? Аказваецца, можа. Столькі гадоў было Віктару Андрэевічу Шаранговічу, калі нямецкія карнікі прыйшлі на яго родны хутар Клайдуці. У той дзень Віктар і яго старэйшы на тры гады брат Іван сталі сіротамі – у агні згарэў іх бацька Андрэй Іванавіч. Разам з маці Марыяй Ігнатаўнай яны цудам выжылі, схаваўшыся ў бульбяной яме. 70 гадоў прайшло, але ўчэпістая дзіцячая памяць захавала ўсё да драбніц.

 

-- Нашы Клайдуці (менавіта так называлі іх да вайны) знаходзяцца прыблізна за кіламетр ад Сакаўшчыны, паміж імі былі балота, грэбля, -- расказвае Віктар Андрэевіч. – Калі вёску падпалілі, хутаране ўбачылі агонь, дым, пачулі стрэлы і павыходзілі з хат. Замест таго, каб бегчы хавацца ў лес, усе дома засталіся, ніхто не чакаў дрэннага. Прывыклі людзі, што днём на хутар прыходзілі немцы, а ноччу – партызаны. Народныя мсціўцы пастаянна прасілі, каб мясцовыя жыхары праводзілі іх да пуцей на станцыю Татаршчызна, яны там часта рэйкі ўзрывалі.

"Жыла на хутары  жанчына, прозвішча не памятаю, дык яна ў той дзень у сваім доўгім кажуху пайшла немцаў з хлебам-соллю сустракаць. А яны ў яе некалькі разоў выстралілі…"

У нас конь быў добры, карнікі прымусілі бацьку яго злавіць, а самі тым часам падпалілі ток, дзе ў нас збожжа захоўвалася. Бацька кінуўся выцягваць мяшкі і ўжо больш не выйшаў адтуль – немцы яго застрэлілі. Мы ж з маці і братам паспелі скочыць у яму, у якой захоўвалася бульба. Яна была паводдаль ад хаты. Я і цяпер памятаю, як мы сядзелі ў ёй, перапалоханыя да смерці, а па двары хадзілі немцы. Адзін, з аўтаматам, нас убачыў, аднак страляць не стаў. Можа, у яго свае дзеці дома засталіся і ён нас пашкадаваў? Усё навокал гарэла, было вельмі страшна. Калі ж дым рассеяўся, мы ўбачылі замест нашага дома папялішча. Мама падвяла нас да тока. Усё, што засталося ад бацькі, – жалезная спражка на рэмені ды абгарэлы труп.

Сям’я Шаранговічаў лічылася партызанскай.
Людзі ў наваколлі баяліся даваць прыстанішча беднай удаве з малымі дзецьмі. Віктар Андрэевіч памятае, як туліліся яны ў зямлянцы, як пакутавалі ад каросты, галадалі. Пасля пажару цудам уцалела іх кароўка, якая на пашы была. На яе, карміліцу, была ўся надзея, ды толькі забралі яе партызаны, не пашкадавалі дзетак. На зіму паехалі ў вёску Пажарышчы Гарадоцкага сельсавета, дзе жыў дзядзька Сцяпан – брат маці. Пасля вызвалення ім выдзелілі пакойчык у бараку ў Татаршчызне, пазней перабраліся ў вёску Загорскае. Там Віктар з братам хадзілі ў пачатковую школу, затым – у Выверскую. Марыя Ігнатаўна працавала ў калгасе. Сын памятае, як пайшла яна атрымліваць збожжа за работу: за адзін дзень – 100 грамаў. За цэлы год нялёгкай працы прынесла за плячыма паўмяшка збожжа… Лягчэй ёй стала, калі сыны падраслі, у армію пайшлі, сталі самі зарабляць. Ды толькі нядоўга пражыла яна – усяго 63 гады…

Не шкадавалі ні старых, ні малых
Ніна Андрэеўна дапаўняе сумную гісторыю сям’і Шаранговічаў:
-- Я нарадзілася сямімесячнай незадоўга да трагедыі, 3 лістапада 1943 года. Мае бацькі жылі ў Вялікім Сяле. Бабуля па мацярынскай лініі, Алена Мікалаеўна Шаранговіч, жонка таго самага лесніка з Клайдуцяў, разам з жонкай брата, якую таксама звалі Аленай, якраз у дзень маіх народзін прыходзілі ў Маладзечна на рынак і зайшлі да нас. Для іх маё нараджэнне было неспадзяванкай, паабяцалі, што прыйдуць у адведкі пазней, у адну з бліжэйшых нядзель. Але гэтаму не суджана было збыцца – яны загінулі ў час карнай аперацыі. Людзі расказвалі, што спачатку іх застрэлілі, а потым спалілі ў хляве. Самае жудаснае, што разам з імі было трое малых дзяцей братавай – Ніна, Ганна і Коля. І тых не пашкадавалі… Раслі сіротамі – іх бацька, родны брат маёй бабулі, памёр да вайны зусім маладым. Мой дзед-ляснік таксама пайшоў з жыцця яшчэ да Вялікай Айчыннай. У першыя яе дні загінулі і бацькі майго таты. Нікога са сваіх дзядуляў і бабуль мне не суджана было ўбачыць жывымі. Вось такі лёс дзяцей вайны…

Ніна Андрэеўна беражліва захоўвае сямейны архіў, падпісвае старыя здымкі, каб унукі, праўнукі ведалі сваіх продкаў, не забывалі, якую трагедыю ім давялося перажыць. Разам з Віктарам Андрэевічам, іншымі сваякамі яны на Дзень Перамогі абавязкова  едуць да брацкай магілы ў Загорскае, прыязджаюць і да кургана-абеліска, які ўзведзены на месцы былога хутара.

11 лістапада па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама там адбыўся жалобны мітынг. На яго сабраліся ветэраны вайны, жыхары суседніх вёсак, сярод якіх і сведка падзей Гелена Іванаўна Гоўзбіт з Мясаты, вучні ваенна-патрыятычнага класа СШ №14, прадстаўнікі раённага савета ветэранаў і раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, ДТСААФ. Людзі ўспаміналі імёны 24 загінуўшых у тым страшным агні, і здавалася, у гэтыя хвіліны ўся Маладзечаншчына схіліла галовы ў жалобным маўчанні. «Памятайце ўсе!» -- напісана на сціплым абеліску.

Мы памятаем. Мы не маем права гэта забыць…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота Аляксея ПЛАТКО і з уласнага архіва Ніны Андрэеўны Макуцэвіч.

Комментировать:

Комментарии 

 
+1 #1 виктор бельский 04.04.2015 17:56
Все это было на моей малой Родине. Все знакомые люди. Знал и Марию Игнатьевну. Тяжелая судьба. Поэтому нужно помнить и передавать молодым.
Цитировать
 

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх