Sunday, Aug 25th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Проекты Салдат-імя твае вядома Дом, які не пабудаваў Дзіма

Дом, які не пабудаваў Дзіма

E-mail Печать

Уседлівасці Дзіму Карповічу было не займаць. Сцішыўшыся, гадзінамі праседжваў над сваімі макетамі. Цэлая эскадрылля мініяцюрных самалёцікаў «прызямлілася» за шклом секцыі ў зале. А побач на паліцы – домікі, якія можна размясціць на далоні. Нельга імі не залюбавацца – такія акуратныя, нібы з казкі, і фарбы не пабляклі ад часу.
Ён вельмі хацеў навучыцца будаваць сапраўдныя не менш прыгожыя дамы. Будучы здольным і старанным, з азартам, з цікавасцю вучыўся ў політэхнічным інстытуце на будаўнічым факультэце. Рабіў чарцяжы — і нібы бачыў сучасныя збудаванні, якія ён будзе ўзводзіць праз некаторы час, уяўляў, колькі радасці і выгод яны прынясуць людзям.
Ды толькі яго марам не суджана было збыцца…

 


 

  • «Сонейка свеціць, я жывы-здаровы», — пісаў Дзмітрый з Афганістана. Ён рос паслухмяным сынам, бацькі заўсёды ганарыліся яго поспехамі.

  • «Если папа далеко, значит, сердцу нелегко…»

Да пяці гадоў Дзіма гадаваўся ў бабулі ў вёсцы Бакшты, на Гродзеншчыне. Бацькі прыязджалі не кожныя выхадныя. Паслухмяны і спакойны, ён не капрызнічаў, не прасіў забраць яго з сабой. Разумеў, што ім трэба працаваць: Леанарда Іванаўна шмат гадоў была кантралёрам АТК, Канстанцін Іванавіч — наладчыкам на прадпрыемстве «БелТІЗ». Матуля і сёння памятае словы старой пласцінкі, што сын часцяком ставіў, калі яны прыязджалі: «Если папа далеко, значит, сердцу нелегко. Если мама далеко, значит, тоже нелегко…».
Любіў хадзіць з імі ў грыбы, ягады. Вясковыя жанчыны не маглі надзівіцца на пяцігадовага Дзіму, які старанна і хутка ў дзве рукі зрываў чарніцы з галінак. «Нібы кароўку доіць», — гаварылі з адабрэннем.  
Акуратыстам быў з маленства. Аднойчы тата паказаў, як трэба правільна, па-армейску складаць штаны, каб яны не памяліся, – адразу навуку засвоіў.
У Маладзечне іх сям’я жыла непадалёк ад гімназіі №10, якую толькі пабудавалі. Дзіма пайшоў у першы клас у год яе адкрыцця. Вучыўся вельмі добра. Асабліва яму падабаліся хімія, фізіка.
— Мы з мужам вельмі любілі бацькоўскія сходы, іншы раз нават спрачаліся, каму ісці, — успамінае Леанарда Іванаўна. – Класны кіраўнік збярэ ўсіх бацькоў і паказвае сшыткі лепшых вучняў: «Вось, паглядзіце сшытак па хіміі Дзімачкі Карповіча!». А нам яе пахвала – як бальзам на душу.
Сам, без усялякай дапамогі паступіў у політэхнічны інстытут. Бацькі нават не ведалі, дзе той інстытут знаходзіцца. Паабяцалі, што калі стане студэнтам, падораць яму прайгравальнік. Гэты рарытэт і сёння стаіць на паліцы пад тэлевізарам. Здаецца, возьме сын пласцінку — і загучыць любімая песенька яго дзяцінства: «Если папа далеко…». На вялікі жаль, і сын, і бацька далёка-далёка. Дваццаць пяць гадоў таму не стала Дзімы, толькі на чатыры гады перажыў яго Канстанцін Іванавіч, пакінуўшы сваю Лену (так завуць яе родныя і блізкія) у 47 гадоў удавой. Яны часта сняцца ёй і заўсёды нібы прадказваюць нешта добрае, прыемнае. Яна шчыра верыць, што любімыя муж і сын аберагаюць яе з нябёсаў…
«Пішу вам з Манголіі»
Ваеннай кафедры на факультэце, дзе вучыўся Дзіма, не было. Сесію за другі курс хлопцам давялося здаваць датэрмінова – летам іх прызвалі ў армію. Бацькі з малодшым сынам Сашам прыязджалі да старэйшага на прысягу ў падмаскоўныя Горкі. Леанарда Іванаўна памятае, як у час сустрэчы камандзір часці спытаў, у каго з родных салдат ёсць ільготы. На той час Канстанцін Іванавіч быў інвалідам другой групы, пакутаваў ад цукровага дыябету. Жонка хацела сказаць, але ён катэгарычна забараніў: «Не ганьбі мяне! Я буду такім, як усе!».
Хто тады ведаў, што ад гэтага мог залежаць лёс сына. У апошніх пісьмах з «вучэбкі» ён папярэджваў, што яго накіруюць на службу за мяжу. Перад адпраўкай глыбокай восенню Карповічы яшчэ раз яго наведалі, прывезлі цёплыя рукавіцы, іншыя рэчы – сын папрасіў. І вось прыйшоў першы ліст, у якім ён паведаміў, што знаходзіцца ў Манголіі.
На дваццацігоддзе маці паслала яму тэлеграму, а тая вярнулася з надпісам, што такой часці ў Манголіі няма. Тады ўпершыню сэрца яе скаланулася ад дрэнных прадчуванняў. Кінулася да знаёмага з ваенкамата: «Скажыце праўду! Чаму вярнулася тэлеграма?». І той, адводзячы вочы, ціха сказаў: «Ён у Афганістане». Што яны ў далёкім 1986 годзе ведалі пра трагічныя падзеі, якія там адбываліся? Абсалютна нічога – інфармацыі ні ў газетах, ні па тэлебачанні ніякай не было.
«Сынок, я ведаю, дзе ты», — напісала яму ў чарговым пісьме. Але ад гэтага яго лісты не сталі больш падрабязнымі. Паведамляў аб сабе  коратка (разумеў, што ўсе пісьмы праходзяць ваенную цэнзуру), ні на што не скардзіўся і толькі прасіў адказваць хутчэй. А каб часцей атрымліваць вестачкі з дому, усім пісаў асобна – маме, тату, брату.    
«Сонейка свеціць, і я жывы-здаровы», — маці штораз дзякавала Богу за гэтыя кароткія словы, самыя жаданыя для яе. Неяк у пісьме Дзіма паскардзіўся, што яго прымушаюць выкінуць нацельны крыжык, які маці дала яму з сабой. «Зашый у пагон, можа, ніхто там яго не знойдзе», — дала параду. Але пазней даведалася, што крыжык у яго ўсё ж такі адабралі…
Паўтара года ён прабыў у Афганістане. І вось – як гром з яснага неба яго пісьмо з Ташкента, у якім ён паведаміў, што знаходзіцца ў шпіталі.

  • Да апошняга верыў у лепшае

Праз некаторы час яго перавялі ў ваенны шпіталь імя Бурдэнкі ў Маскву. Пазычыў грошы ў медсястры, патэлефанаваў суседзям, бо ў бацькоў тады тэлефона не было. Па чарзе з роднай сястрой Валянцінай Леанарда Іванаўна кожныя выхадныя ездзіла ў сталіцу, каб маральна падтрымаць Дзіму. Ён расказаў, што ў сакавіку 88-га пры выкананні баявога задання атрымаў цяжкую траўму левай нагі, пасля чаго пачала развівацца саркома. Доўга ляжаў у шпіталях Кабула, Ташкента. «Калі б яго прывезлі да нас раней...» — з жалем гаварыў маці лечачы ўрач. Але яны спадзяваліся на лепшае, нягледзячы на тое, што Дзіму далі першую групу інваліднасці. Ён схуднеў, ад апраменьвання выпалі валасы. Але ні разу ніхто не пачуў ад яго скаргаў ці слоў адчаю. Наадварот, падбадзёрваў родных, гаварыў, што ўсё будзе добра. Пра Афганістан не хацеў расказваць. Аднойчы толькі сказаў маці, што ля горада Шынданд было так страшна і холадна, што салдаты грэліся, прыціснуўшыся спінамі адзін да аднаго… Там у час бою ён і быў траўміраваны.
Калі родныя прывезлі яго ў Маладзечна, першае, аб чым папрасіў маці, — паехаць у інстытут і ўзяць акадэмічны водпуск. Баяўся, каб яго не адлічылі – хацеў працягваць вучобу. Хадзіў на мыліцах, але ўмудраўся круціць педалі веласіпеда. Аднойчы з сям’ёй выехалі на возера, ён з такой асалодай катаўся на лодцы. Гледзячы на яго, маці верыла: усё будзе добра.
Усцешвала, што людзі хінуліся да іх сям’і, дапамагалі, падтрымлівалі. Неяк завіталі амаль усе аднакласнікі Дзімы разам з класным кіраўніком Ірынай Аляксандраўнай Раманоўскай. Падарылі гадзіннік, які Леанарда Іванаўна захоўвае да гэтага часу. Наведвалі воіны-«афганцы» на чале з Аляксандрам Вырвам. У той час і ўзнікла брацтва воінаў-інтэрнацыяналістаў, здружыліся сем’і, якія страцілі родных на той страшнай вайне. З вялікай удзячнасцю Леанарда Іванаўна расказвае, як дапамагала ёй вырашаць складаныя пытанні, выбіваць (інакш не скажаш) ільготы Ганна Мікалаеўна Новікава, настаўніца з Краснага, сын якой загінуў у Афганістане. На мясцовым узроўні немагчыма было ні аформіць ільготную пенсію, ні палепшыць жыллёвыя ўмовы, хаця ўсё гэта прадугледжвалася законам. Толькі пасля шматлікіх паездак у сталіцу, зваротаў у міністэрствы яна змагла адстаяць свае правы. Але, на вялікі жаль, Дзіма так і не ўбачыў іх новую кватэру па вуліцы  Францыска Скарыны. Ён няўдала ступіў на мыліцах, паваліўся і больш не падняўся… Памёр ён 27 кастрычніка 1988 года. Яму быў усяго дваццаць адзін год.

  • «Я застаўся…»

Летась на будынку гімназіі №10 была ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў памяць пра Дзмітрыя Карповіча. У музеі СШ №14 захоўваюцца яго ўзнагароды, асабістыя рэчы. «Хочацца, каб пра нашых сыноў памяталі», — выціраючы слёзы, гаворыць пасівелая матуля.
Яе адзіная пяцігадовая ўнучачка Юлечка, дачка малодшага сына Аляксандра, падыходзіць да партрэта: «Дзядзя Дзіма быў вельмі добрым! Ніколі бабулю не крыўдзіў, я таксама буду яе слухацца…».
Ён рэдка расказваў пра службу, і ўсё ж успамінаў асобныя моманты:     
«Калі нас прывезлі ў Ташкент пасля «вучэбкі», камандзір сказаў: «Хто баіцца – два крокі наперад!». Хлопец, які стаяў у страі побач, выйшаў. А я падумаў: «А што са мной будзе потым?». І застаўся…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота Аляксея ПЛАТКО, Юліі МОНІД
і з сямейнага архіва.


Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх