Wednesday, Jul 24th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Проекты Салдат-імя твае вядома Адзіны ў вёсцы ветэран

Адзіны ў вёсцы ветэран

E-mail Печать

Кожную нядзелю ён ходзіць у царкву, каб памаліцца і падзякаваць Богу, што застаўся жывым на той страшнай вайне, вярнуўся на радзіму, выгадаваў чатырох дзяцей, дачакаўся ўнукаў і праўнукаў.
23 чэрвеня адзначае 90-годдзе Віктар Канстанцінавіч Забагонскі – адзіны ветэран Вялікай Айчыннай вайны на ўсё Груздава. Землякі не абдзялілі яго ўвагай: на нядаўнім свяце вёскі шчыра дзякавалі за ратны подзвіг, уручылі падарунак.
Родам Віктар Канстанцінавіч з вёскі Шылавічы Смаргонскага раёна. Адтуль пасля вызвалення Беларусі яго і забралі на фронт. Ваяваў у складзе 143-га мотагвардзейскага стралковага палка, быў кулямётчыкам. Перамогу радавы Забагонскі сустрэў у Кёнігсбергу. Шмат узнагарод упрыгожваюць грудзі ветэрана. Сярод іх медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсберга» і нават дастаткова рэдкі медаль Жукава. У музеі ў Яхімоўшчыне захоўваецца падзяка смеламу кулямётчыку ад Сталіна.
Вайна скончылася, але дадому Віктар Канстанцінавіч вярнуўся толькі ў 47-м, бо прадоўжыў воінскую службу ў Кіеве.
У мірны час працаваў у калгасе кавалём, жыў на радзіме жонкі ў Лоску, што на Валожыншчыне. А калі жонкі не стала, дачка Надзея забрала яго да сябе. У ветэрана два сыны і дзве дачкі, шасцёра ўнукаў і тры праўнукі. Працавітасці, любові да жыцця, мудрасці вучацца ў яго родныя. Паважаюць аднавяскоўцы, ганарацца, што побач з імі жыве чалавек, які ў маладосці адстойваў нашу незалежнасць, аднаўляў разбураную вайной родную краіну, з дня ў дзень, з года ў год сціпла і ўпарта рабіў сваю кавальскую справу. Цяжка пералічыць, колькі коней падкаваў, колькі змайстраваў розных прынад, без якіх не абысціся ў сельскай гаспадарцы. І да гэтага часу моцныя рукі, пільнае вока ў былога каваля. «Аднойчы заходжу да Віктара Канстанцінавіча ў хату, а ён без акуляраў уцягвае нітку ў іголку», — гаворыць старшыня ветэранскай арганізацыі ААТ «Палачаны» Ніна Аляксандраўна Станевіч, якая ад імя ўсіх мясцовых жыхароў адрасуе юбіляру самыя шчырыя словы віншавання, жадае здароўя, дабрабыту, выдатнага настрою і абавязкова дачакацца слаўных дат – 70-годдзя вызвалення Беларусі і Дня Перамогі.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота АЎТАРА.


Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх