Friday, Dec 06th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы История, туризм Факты из истории Молодечненского района. Городок -- деревня еврейская

Факты из истории Молодечненского района. Городок -- деревня еврейская

E-mail Печать

Міжнародны форум, прысвечаны яўрэйскаму мінуламу гэтай вёскі, прайшоў 21 і 22 чэрвеня ў Гарадку. Каб ушанаваць памяць ахвяр халакосту, на Маладзечаншчыну прыехалі прадстаўнікі яўрэйскіх грамадскіх арганізацый, дзеячы

культуры, гісторыкі, музейныя работнікі.

 

 

Арганізавалі мерапрыемства гістарычная майстэрня Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханаса Рау і Гарадоцкі сельвыканкам пры падтрымцы міжнароднага фонду «Узаемаразуменне».

У рамках форуму прайшлі майстар-класы па выяўленча-прыкладным мастацтве, працавала выстаўка аўтарскіх работ удзельнікаў мерапрыемства. Госці паслухалі тэматычныя лекцыі па гісторыі яўрэяў у Беларусі і паглядзелі дакументальны фільм пра жыццё Гарадка ў 20-я гады мінулага стагоддзя.

-- Вывучэнне яўрэйскага мінулага Гарадка пачалося некалькі гадоў таму, калі прадстаўнікі культуры і адукацыі Маладзечанскага раёна наведалі гістарычную майстэрню, -- паведаміла дырэктар Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Вольга Артураўна Рэнш-Ветцаль. – Маладзечанцы расказалі, што ў ліпені 1942 года было знішчана амаль усё яўрэйскае насельніцтва гэтага мястэчка. Загінулі 720 мясцовых жыхароў і каля 180 з навакольных населеных пунктаў. З таго трагічнага дня яўрэйскае жыццё вёскі скончылася і больш не аднаўлялася.

Вынікам сустрэчы стала стварэнне клуба сяброў Гарадка. Сёння такія клубы існуюць у Германіі, ЗША і Ізраілі. Людзі, якія ўступілі ў іх, цікавяцца гісторыяй свайго роду, шукаюць свае карані. Сваякі многіх з іх жылі або пахаваныя ў Гарадку. Каб значны пласт гісторыі гэтай вёскі не быў забыты, неабходна добраўпарадкаваць яўрэйскія могілкі, сфатаграфаваць усе надпісы на магілах, а фотаздымкі размясціць у інтэрнэце.

Аднавіць яўрэйскую гісторыю вёскі зараз актыўна дапамагаюць кіраўнік Цэнтра культуры і быту в. Гарадок Таццяна Васільеўна Смолік і школьнікі мясцовай школы.

У другой палове ХІХ стагоддзя ў Гарадку існавалі валасная ўправа, 2 праваслаўныя царквы, 2 сінагогі, бровар, 22 крамы, 3 карчмы, заезны дом, народная школа, вадзяны млын, цагельня, суконная фабрыка, завод па апрацоўцы медзі.

На мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў ў вёсцы з’явіліся 2 яўрэйскія рэлігійныя школы, 3 гарбарні, 3 заводы па вытворчасці глінянага посуду, завод па вытворчасці мінеральнай і газіраванай вады. Колькасць яўрэйскіх крам (іншых не было) узрасла да 25, існавала яўрэйскае пазыка-ашчаднае таварыства, дзейнічалі аддзяленні яўрэйскіх палітычных партый.

Паводле слоў кіраўніка гістарычнай майстэрні К.І. Козака, яўрэйская культура аказала значны ўплыў на культуру беларускага народа. Да нямецкай акупацыі яўрэі складалі прыкладна 10 працэнтаў насельніцтва Беларусі. Іх ведалі як таленавітых рамеснікаў, музыкантаў, гандляроў. У асаблівай пашане ў яўрэяў была адукацыя. Адносіны паміж суседзямі (яўрэямі і беларусамі) былі паважлівыя і добразычлівыя. У тым жа Гарадку сінагога (будынак якой захаваўся да гэтага часу) размяшчалася на адной плошчы з праваслаўнай царквой і касцёлам.

"Беларусь -- адзіная акупіраваная гітлераўцамі краіна, дзе не ўдалося справакаваць мясцовае насельніцтва на забойствы яўрэяў. Наадварот, ёсць шмат прыкладаў, калі беларусы ратавалі яўрэяў, перапраўлялі іх у партызанскія атрады."

Словы К.І. Козака пацвердзілі мясцовыя жыхаркі Ванда Вікенцьеўна Калыска і Валянціна Філіпаўна Мяцеліца, якія нарадзіліся ў Гарадку і да гэтага часу жывуць там.

Калі пачалася вайна, Валянціне Філіпаўне было 10 гадоў. Да нямецкай акупацыі яна сябравала з суседскім яўрэйскім хлопчыкам. Дзеці частавалі адзін аднаго: яна -- салам, ён – мацой.

Жанчына ўспамінае, што беларусы і яўрэі добра ставіліся адзін да аднаго. Беларусы часта звярталіся да яўрэяў па медыцынскую дапамогу. Ды і асартымент тавараў у яўрэйскіх магазінах быў вельмі шырокі. Калі прыйшлі гітлераўцы, яны стварылі ў Гарадку гета. Пакінуць яго было няцяжка, але людзі да апошняга спадзяваліся на лепшае. Гета існавала да 11 ліпеня 1942 года. У той дзень карнікі сабралі ўсіх, хто мог хадзіць, і павезлі ў бок Краснага, каб знішчыць. У сваіх дамах засталіся толькі малыя дзеці, хворыя і старыя. Іх расстрэльвалі проста ў ложках. Потым трупы зносілі за вёску і спальвалі. У памяці захаваўся эпізод, як нацысты цягнулі на вяроўцы да жудаснага вогнішча пажылога яўрэя, яе былога аднавяскоўца.

Перад вайной у Гарадку пражывала 1,1-1,5 тысячы чалавек. Каля тысячы з іх былі яўрэі. Калі нацысты знішчалі гета, 36 чалавек уратаваліся. У партызанскіх атрадах супраць захопнікаў змагаліся больш за 50 яўрэяў -- ураджэнцаў Гарадка.

У тым, што яўрэйская гісторыя Гарадка не будзе забыта, упэўнена адна з удзельніц форуму, намеснік старшыні Саюза яўрэйскіх арганізацый мастачка Галіна Мендалеўна Левіна. Яна адзначыла, што вынікам сустрэчы на Маладзечаншчыне павінны стаць новыя карціны, кінафільмы, літаратурныя творы. Бо толькі той, хто памятае мінулае, упэўнена глядзіць у будучыню.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота АЎТАРА.

Комментировать:

Комментарии 

 
0 #1 амрок 26.06.2014 16:03
мне часто приходилось встречаться с представителями еврейской нации в самых разных ситуациях в Беларуси и далеко от неё. очень порядочные, талантливые люди. Желаю мира и счастья этому народу!
Цитировать
 

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх