Wednesday, Jul 24th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Официально Власть и люди І пуху, і пер’я, і рыбінай лускі

І пуху, і пер’я, і рыбінай лускі

E-mail Печать

Маршрут выязной сесіі раённага Савета дэпутатаў быў наступны: паляўнічы комплекс «Верадова» – ТАА «Цвецень» – пляцоўка ўзвядзення будучага свінагадоўчага комплексу ля вёскі Соўлава – вадаём у вёсцы Трапалава – аграгарадок Лебедзева.

Названыя адрасы з’явіліся невыпадкова: цэнтральным пытаннем, вынесеным на разгляд сесіі, стала эфектыўнасць выкарыстання ў раёне водных аб’ектаў і паляўнічых угоддзяў, здадзеных у арэнду. Ну, а соўлаўскі кірунак таксама быў выбраны наўмысна: дэпутаты хацелі пераканацца, што будаўніцтва такога няпростага аб’екта вядзецца з захаваннем усіх экалагічных патрабаванняў і гарантый.

Пакуль аўтобус з дэпутатамі пераязджаў з месца на месца, інфармацыяй аб сацыяльна-эканамічным развіцці сельскіх Саветаў дзяліліся іх старшыні, аб рабоце падначаленых структур расказвалі кіраўнікі дзяржаўных арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў.

У прыватнасці, дырэктар ДЛГУ «Маладзечанскі лясгас», дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Анатолій Ермаловіч паведаміў, што калектыў паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі. У тым ліку і па вядзенні паляўнічай гаспадаркі. Агульная плошча арандуемых паляўнічых угоддзяў, якія месцяцца ў паўночнай частцы раёна, складае больш за 35 тыс. га, у тым ліку лясных – 19700 га, палявых – 14700 га, водна-балотных – 752 га. Да аб’ектаў палявання адносяцца ласі, казулі, бабры, зайцы, вадаплаўная і балотная птушка.

Аб дзейнасці арганізацыі ўдзельнікам выязной сесіі райсавета расказвае дырэктар Маладзечанскага лясгаса Анатолій Ермаловіч.


Рэнтабельная работа лясгаса ў цэлым станоўча адбіваецца і на вядзенні паляўнічай дзейнасці: у гэтым кірунку працуюць інжынер-паляўніцтвазнавец і два егеры. Яны забяспечаны транспартам, зброяй, прыборамі відэаназірання. Апошнім часам павялічыўся попыт на арганізацыю і правядзенне палявання з удзелам замежных грамадзян. Даходы, атрыманыя ад замежнага паляўнічага турызму, складаюць амаль трэцюю частку ад усіх, што сведчыць пра высокую культуру арганізацыі і правядзення адпачынку і палявання.

Пацвярджэннем апошняму стала знаёмства з паляўнічым комплексам «Верадова» і ўмовамі, створанымі тут не толькі для аматараў пахадзіць з ружжом, але для ўсіх прыхільнікаў актыўнага адпачынку на прыродзе.

Аб дзейнасці Маладзечанскай раённай арганізацыйнай структуры РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» расказаў дырэктар Алег Кулікоўскі. З інфармацыі вынікала, што ў раёне налічваецца больш за тысячу паляўнічых, з якіх 485 стаяць на ўліку ў раённай аргструктуры таварыства. Паляўнічыя ўгоддзі, якія арандуе таварыства на тэрыторыі раёна, складаюць без малога 68 тыс. га.

ТАА «Цвецень» арандуе водны аб’ект ля вёскі Хажова. Мэта дзейнасці таварыства – развядзенне, вырошчванне і рэалізацыя таварнай рыбы, а таксама арганізацыя адпачынку насельніцтва. Рыба пакуль яшчэ расце, набірае вагу, прамысловы вылаў плануецца распачаць у наступным годзе. А вось паслугі па арганізацыі летняга адпачынку і правядзенні карпаратыўных мерапрыемстваў таварыства ўжо актыўна аказвае.
Калі вакол вадаёма цяпер ціха і спакойна, то на пляцоўцы, дзе будуецца свінагадоўчы комплекс, ажыўлена. Ужо зманціраваны каркасы памяшканняў рэпрадуктыўнай зоны, работы вядуцца ў будучай зоне адкорму жывёлы і на лагунах сховішча гною.

Як запэўніў кіраўнік праекта, прадстаўнік кампаніі-генпадрадчыка «Агрыка», вырошчванне пагалоўя свіней будзе весціся па самых сучасных еўрапейскіх тэхналогіях. Як і ачыстка сцёкаў. Іх уплыў на навакольнае асяроддзе практычна выключаны. Увод свінакомплексу ў дзеянне запланаваны на лета наступнага года.

Далей на шляху ўдзельнікаў выязнога пасяджэння раённага Савета дэпутатаў быў Маркаўскі сельсавет, дзе яны пазнаёміліся з выкарыстаннем вадаёма ў вёсцы Трапалава, перада-
дзенага ў арэнду ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс». Зноў жа, аддача ад воднага аб’екта пакуль мінімальная.

Пленарнае пасяджэнне сесіі Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання праходзіла ў Лебедзеўскім сельскім Доме культуры. З інфармацыяй па азначанай тэме выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Каткавец.

– Мы пераканаліся, што пэўная работа ў кірунку эфектыўнага выкарыстання ў раёне водных аб’ектаў і паляўнічых угоддзяў праводзіцца. Разам з тым, заклікаю засяродзіць увагу на рэзервах, якіх яшчэ нямала. Так, нашы паляўнічыя недастаткова актыўныя ў адстрэле дзікоў, якія з’яўляюцца асноўнымі пераносчыкамі афрыканскай чумы свіней, вельмі небяспечнай хваробы. Існуе праблема шаленства сярод дзікай жывёлы, у прыватнасці, ліс – яны пагражаюць чалавеку. Работнікі лясной гаспадаркі, паляўнічыя павінны абараняць нашы лясы ад забруджвання, весці актыўную растлумачальную работу, – перакананы М. Каткавец.

Дакладчык таксама адзначыў, што больш чым з шасці дзясяткаў вадаёмаў, прыдатных для гаспадарчага выкарыстання, толькі пяць здадзены ў арэнду. Паляўнічыя і рыбалоўныя ўгоддзі павінны прыносіць прыбытак, так лічаць у раённым выканаўчым камітэце.

Дакладчыка дапоўніў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дэпутат райсавета дэпутатаў Уладзіслаў Чарноў. А старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец выказаў прапанову яшчэ раз вярнуцца да праблемы з удзелам патэнцыяльных арандатараў лясных і водных угоддзяў. «Ім патрэбен сапраўдны гаспадар. І тады карысць будзе для ўсіх: і для жыхароў раёна, і для бюджэту, і для самога арандатара», – перакананы кіраўнік раённай вертыкалі.

Алесь САВІЦКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх