Tuesday, Jun 25th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Официально Власть и люди У фармаце давернага дыялогу

У фармаце давернага дыялогу

E-mail Печать

17 лістапада Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю для расійскіх журналістаў. У час сустрэчы ён адказаў на больш чым 30 пытанняў.

Адносіны Беларусі і Расіі

Расія для Беларусі была і застаецца брацкай дзяржавай. Прэзідэнт адзначыў, што такі абсалютна даверны дыялог з прадстаўнікамі рэгіянальных СМІ Расіі стаў добрай традыцыяй. «Галоўная мэта такіх сустрэч — збліжэнне нашых народаў, магчымасць данесці аб’ектыўную інфармацыю аб самай блізкай і, спадзяюся, самай роднай для вас зямлі», — сказаў ён. «Ужо цяпер беларуска-расійскія адносіны маюць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень і даць чарговы штуршок больш хуткаму станаўленню Еўразійскага эканамічнага саюза, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Падкрэслю, што асновай для яго стварэння стала менавіта Саюзная дзяржава. Пры ўсім маштабе мэт і задач, якія адлюстраваны ў Дагаворы аб стварэнні ЕАЭС, гэтаму інтэграцыйнаму аб’яднанню па шэрагу напрамкаў яшчэ трэба будзе падняцца да ўзроўню нашага з вамі саюза».

Адказваючы на пытанне, на якія сферы развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Расіі трэба звярнуць асаблівую ўвагу, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў першую чаргу гэта сферы, звязаныя са звычайным жыццём людзей. «Харчаванне, адзенне, спакой, бяспека — усё, што вакол чалавека, гэта галоўнае. Таму што іншыя — абараназдольнасць і іншае — так, гэта важна, гэта адна з асноўных сфер нашага супрацоўніцтва, але давайце гаварыць шчыра: ніхто на нас нападаць заўтра не будзе і паслязаўтра таксама, ведаючы, што мы можам адказаць. А вось не ўпусціць бы нам за гэтымі вялікімі нібыта праблемамі звычайнае жыццё, каб не паўтарыць памылкі мінулага, гэта я лічу галоўным», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь гатова пастаўляць неабходныя аб’ёмы прадуктаў харчавання ў Расію па выгадных цэнах. Прэзідэнт адзначыў, што беларуская прадукцыя запатрабаваная, прадстаўлена ў розных рэгіёнах свету, у тым ліку ёсць зацікаўленасць з боку Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Пра нашу краіну

«Апошнім часам мы тут часта гаворым аб тым, што трэба па-новаму адкрываць Беларусь. Не ў тым сэнсе, што мы нейкая закрытая тэрыторыя — не. Мы адкрытыя ўсяму свету, амаль 70 працэнтаў таго, што вырабляем, ідзе на экспарт. Па гэтых прычынах мы не можам быць закрытай краінай, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Што такое Беларусь для тых, хто тут не бываў, якія выклікае асацыяцыі? Дранікі, Белавежская пушча, добрыя дарогі, зубры, гіганцкія самазвалы, шматфункцыянальныя трактары, якасныя прадукты... Але на самай справе наша краіна значна больш цікавая і багатая».

Беларусь з’яўляецца адным з самых стабільных куткоў планеты. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь прыкладае шмат намаганняў для таго, каб еўрапейскі кантынент спакойна жыў і развіваўся. «Гэта работа становіцца яшчэ больш эфектыўнай, калі мы робім яе разам як брацкія народы Саюзнай дзяржавы», — упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Памяць — гэта святое

Нават расіянам варта павучыцца ў беларусаў адносінам да памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, сказаў Прэзідэнт. У Беларусі няма недагледжаных помнікаў, нават калі гэта створаныя па ініцыятыве вяскоўцаў «саматужныя» аб’екты. Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад помніка ў Александрыі, які быў устаноўлены яшчэ ў савецкія гады па ініцыятыве калгаса. Прайшло шмат гадоў, і стан помніка жанчыне, якая страціла ў вайну дзяцей, на долю якой выпаў велізарны цяжар тых гадоў, вымушае жадаць лепшага, але заўсёды тэрыторыя ля аб’екта дагле-
джаная, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Там заўсёды парадак. Чаму? Бо кожнае дзіця ў школе ведае, што два разы на год, а можа, і тры трэба прыйсці, навесці парадак вакол гэтых помнікаў. Гэта памяць. Як мы ставімся, так і да нас будуць ставіцца потым нашы дзеці і нашы ўнукі. Таму гэта святое, у нас няма дыскусій у грамадстве па гэтым пытанні. Мы ніколі не падвяргалі яго ніякім сумненням», — сказаў Прэзідэнт.

Пра канфлікт ва Украіне

«Я сказаў нядаўна Уладзіміру Уладзіміравічу, што чаго б ні каштавала, трэба цяпер штосьці прыдумаць такое, каб пачаўся адваротны працэс, аднаўленне адносін. Пераможцаў у гэтай бойні не будзе, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба сёння выходзіць з гэтай сітуацыі. Мы гатовы любую ролю адыграць толькі дзеля таго, каб там быў мір». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што чым даўжэй будзе працягвацца канфлікт, тым горш будзе і для Украіны, і для Расіі. Беларусь гатова садзейнічаць міру ва Украіне аж да арганізацыі мясцовых выбараў. «Калі два бакі дамовяцца і ўбачаць ролю Беларусі, мы гатовы любую ролю адыграць толькі дзеля таго, каб там быў мір. Калі вы хочаце, каб мы правялі мясцовыя выбары (прытым сумленна, абсалютна сумленна), пра якія столькі гавораць, — мы гатовы гэта арганізаваць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі вы хочаце навесці парадак на 400 кіламетрах граніцы паміж Украінай і Расіяй, калі ласка, мы гэта зробім. Калі вы гэтага хочаце — самі мы не палезем туды».

Прэзідэнт адзначыў, што беларусы, расіяне, украінцы — родныя адзін аднаму людзі. «Ці ж нам сёння біцца? Гэта ж трэба было колькі грошай затраціць, гэта трэба было як марыць, каб сутыкнуць нашы народы! Вядома, ніхто не хоча ўплыву Расіі — трэба яе прыцягнуць недзе да канфліктаў, перш за ўсё ва Украіне. І ніякае кіраўніцтва ЗША, Еўрасаюза ад гэтага не адыдзе. Ім не патрэбны моцныя ні Расія, ні Беларусь. Украіна таксама. Вось і выкарыстоўваюць. Але ж нам трэба галаву на плячах мець і рабіць нейкія крокі. Мне здаецца, мы можам штосьці прыдумаць, каб там пачаўся адваротны працэс», — упэўнены беларускі лідар.

Пра эканоміку

У беларускай эканоміцы няма нейкага шарлатанства. «Мы лічым кожную капейку», — сказаў Кіраўнік дзяржавы. Калі дазволіць шарлатаніць і некаму набіваць кішэні, то людзі на прадпрыемствах застануцца без работы. «Як складваецца сёння ў эканоміцы сітуацыя, так мы і жывём. Хоць калі ўзяць у цэлым сацыяльны пакет, то мы абсалютна не горш жывём, чым іншыя», — адзначыў Прэзідэнт. «Мы не скінулі праблемы на плечы людзей. Калі падняць зарплату і скінуць на іх і ЖКП, і адукацыю, і ахову здароўя, то людзі не выцягнуць. Мы на гэта пайсці не можам», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У першым квартале 2017 года плануецца запусціць вытворчасць аўтамабіляў на «БелДжы». «Нядаўна я зацвердзіў праграму — ніводнай імпартнай машыны, толькі айчынныя ў дзяржаўных структурах. У нас ёсць уласная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, мы яе стварылі разам з кітайцамі, а цяпер завяршаем будаўніцтва завода па вытворчасці спачатку 60 тысяч аўтамабіляў на год. Дарэчы, гэтыя аўтамабілі прадаюцца ў Расіі. Мы не шмат іх цяпер вырабляем, тры мадэлі, я іх усе апрабаваў асабіста. Адзін з гэтых аўтамабіляў мы з вялікім задавальненнем будзем эксплуатаваць у дзяржорганах, суб’ектах гаспадарання», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выступае супраць бяздумных рэформ у сельскай гаспадарцы.«Мы штучна, агулам, як вы зрабілі некалі, не разбураем ні сельскую гаспадарку, ні прамысловыя прадпрыемствы, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. — Калі, скажам, ёсць добры прыватнік, які гатовы ўзяць калгас, саўгас па-старому, калі ласка. І ў нас ужо амаль чвэрць сельскай гаспадаркі прыватная. Але мы яе на кускі не парэзалі, як у вас у некаторых месцах».

Пра сферу паслуг

Сферу ЖКГ нельга падзяліць на кускі і прыватызаваць. Прэзідэнт канстатаваў, што Беларусь не пайшла па шляху прыватызацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а пачала ўдасканальваць сістэму. Была створана рабочая група, якая пачала займацца разлікам кошту паслуг. «Мы вылічылі сярэднюю цану, і я ўказам зацвердзіў кошт паслуг. І ніхто, акрамя Прэзідэнта, гэта змяніць не можа. Аказалася, што калі раней людзі пакрывалі 30 працэнтаў кошту паслуг ЖКГ, а 70 працэнтаў кампенсаваў бюджэт, то адразу пасля гэтых разлікаў высветлілася, што насельніцтва пакрывае 52 працэнты. Амаль у два разы. А ўявіце, што ў вашых прыватнікаў творыцца, хто іх кантралюе?» — сказаў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён не выключыў змянення зацверджанага кошту, але калі гэта і будзе зроблена, то на падставе дакладных разлікаў з улікам сітуацыі.

Пра зарплаты і інтэрнэт

Адносна невысокая зарплата ў Беларусі кампенсуецца таннасцю паслуг. «Можна чалавеку даць двайную зарплату, але забраць праз пэўныя паслугі. І што чалавек за гэту зарплату зможа купіць – пытанне», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што і прадукты ў нас былі б значна больш таннымі, «каб не падганяў расійскі рынак».

У наступным годзе Беларусь дасягне ўзроўню сярэдняй зарплаты 500 долараў. «Мы наблізімся да гэтай лічбы або выйдзем на 500 долараў. Я буду рабіць усё для таго», — сказаў Кіраўнік дзяржавы. Аднак для павышэння заработнай платы неабходны рост прадукцыйнасці працы. «Прадукцыйнасць працы перш за ўсё, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Няма прадукцыйнасці працы — якая зарплата? Але трэба і прыватныя, і дзяржаўныя бізнес і кампаніі падштурхоўваць, каб яны займаліся гэтым пытаннем».

Беларусь самая свабодная краіна ў плане інтэрнэту. «Мы — самая свабодная краіна ў плане інтэрнэту, і калі ў нас спрабавалі праз інтэрнэт здзейсніць каляровыя рэвалюцыі, мне многія гаварылі, што яго трэба закрыць. Але я сказаў, што трэба на гэтых сайтах, гэтых старонках змагацца з імі іх жа метадамі. І мы не закрылі, не абмежавалі нікога, а ў сацсетках працавалі як належыць», — адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

На пытанне, як удаецца ў краіне забяспечваць міжканфесійны мір і якія меры прымае дзяржава, каб не дапусціць канфліктаў на рэлігійнай глебе, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «У нас няма гэтай праблемы. Нават не магу сказаць, што мы робім для таго, каб так было. Мы проста жывём. Жывём як адзіны народ. Што тычыцца рэлігіі, лозунг адзін — кожны знойдзе сваю дарогу да свайго храма».

Пра школьную праграму

Прэзідэнт лічыць неабходным спрасціць школьныя праграмы па фізіцы і матэматыцы. «Мы наогул паставілі перад сабой задачу цяпер абнавіць падручнікі. Матэматыку, фізіку трэба спрасціць такім чынам, каб мы дзецям давалі ў сярэдняй школе той аб’ём, які ім неабходны. Не трэба там студэнтаў рабіць матэматычных ВНУ», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. «У нас часам такая бязглуздзіца. Нават тыя, хто добра вучыўся ў сярэдняй школе, новае пакаленне, ніякіх задач разабраць не могуць. Каму гэта трэба? Мы што, матэматыкаў або фізікаў рыхтуем у сярэдняй школе? Будзем крыху спрашчаць, але не вельмі, каб узровень усё ж быў высокі», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. На пытанне наконт адзінага падручніка гісторыі Саюзнай дзяржавы Прэзідэнт адказаў, што перш чым увесці яго ў працэс навучання, профільны міністр абавязкова дасць гэты дапаможнік яму для азнаямлення.

Пра спорт

У спорце неабходна больш адкрытае расследаванне допінгавых скандалаў. Прэзідэнт звярнуў увагу, што націск у плане допінгу аказваецца не толькі на Расію, але і на Беларусь, Казахстан. «Прэтэнзій да нас дастаткова, але яшчэ больш іх да нашых сапернікаў, якія быццам бы чыстыя», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, нагадаўшы аб уцечцы даных Сусветнага допінгавага агенцтва. «Спартсменам трэба быць сапраўднымі спартсменамі. Мы можам перамагаць без усялякіх допінгавых, фармацэўтычных прэпаратаў, але трэба, каб мы знаходзіліся ў роўных умовах. Трэба, каб гэта было больш адкрыта ўсё. А не тое што там нейкія тры чыноўнікі вырашылі — ідзіце ў суд. А суддзі хто?» — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. Вяртаючыся да сітуацыі з расійскімі спартсменамі, беларускі лідар падкрэсліў, што «нельга агулам абвінавачваць спартсменаў, каманду, тым больш дзяржаву, і заяўляць аб тым, што ледзь не вышэйшае кіраўніцтва краіны да гэтага мае дачыненне».

Па матэрыялах БелТА.


Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх