Tuesday, Sep 17th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы Увлечения, отдых Мадэлі караблёў не тонуць, хутка плаваюць і слухаюцца капітанаў

Мадэлі караблёў не тонуць, хутка плаваюць і слухаюцца капітанаў

E-mail Печать

Адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па суднамадэльным спорце «Маладзечна-2016» адбыліся на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік».
Яны праводзяцца штогод з 1989 года. Дарослыя «капітаны» робяць усё, каб іх юныя калегі маглі абмяняцца вопытам, паказаць свае дасягненні, атрымаць прызнанне і спартыўны разрад. З Мінска, Гомеля, Слуцка, Салігорска, Навагрудка, Вілейкі, Фаніпаля «прыплылі» ў Маладзечна караблі, буксіры, субмарыны і іншыя судны. І кожнае ўражвала сваёй дасканаласцю.

— Над такімі складанымі мадэлямі, з якімі мы ўдзельнічаем у спаборніцтвах, хлопцы працуюць па два-тры гады. І яшчэ столькі ж на больш простых асвойваюць навыкі суднабудавання, — расказвае дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік», кіраўнік клуба спартыўна-тэхнічнага мадэліравання «Фрэгат» Аляксей Васільеў.

Гэтыя караблі ў сто і нават у тысячу разоў меншыя за сапраўдныя, аднак яны не тонуць у вадзе, развіваюць належную хуткасць і слухаюцца сваіх капітанаў.



Сёлета клубу споўнілася 30 гадоў, і ўвесь гэты час Аляксей Пятровіч узначальвае яго. Суднамадэліраванне – даўняе захапленне педагога. З усмешкай успамінае, як яшчэ ў трэцім класе свае першыя караблі выстругваў з палена, як адшукваў у бібліятэках іх здымкі і апісанне. Цяпер прыйшлі іншыя тэхналогіі, а інфармацыю пра любое судна можна ў інтэрнэце. Толькі адно засмучае Аляксея Пятровіча: не так, як у яго ў дзяцінстве, гараць у сучасных хлопчыкаў вочы, калі ён расказвае ім пра караблі і магчымасці гуртка. Адарваць ад мабільнікаў і камп’ютараў сённяшніх школьнікаў надзвычай складана, але Васільеву і яго не менш зацікаўленым калегам гэта ўдаецца. Два разы на тыдзень да Аляксея Пятровіча прыходзяць каля трох дзясяткаў хлопчыкаў рознага ўзросту. Акрамя таго, у «Маладзіку» ёсць яшчэ адзін гурток суднамадэліравання «Ветразь», які вядзе Мікалай Хрэшчык. Звычайна яго вучні выстаўляюць на спаборніцтвы адну каманду.

Ёсць у «Маладзіку» і гурток стэндавага мадэліравання, які вядзе майстар спорту, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету Віталій Шахно.Вопытныя педагогі вучаць хлопчыкаў мужчынскай справе — чытаць чарцяжы, працаваць з драўнінай, трымаць у руках малаток, лобзік, працаваць на станках, разбірацца ў электрарухавіках. Іх выхаванцы без праблем змогуць дома і цвік забіць, і лямпачку замяніць. Многія, дарэчы, і прафесіі тэхнічныя выбіраюць.

Сярод выпускнікоў Аляксея Васільева – неаднаразовы чэмпіён рэспублікі Павел Шыкавец, які цяпер вучыцца ў політэхнічным каледжы. Ганарыцца педагог і поспехамі Арсенія Вараб’я, які сёлета стаў студэнтам універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Неаднаразовым чэмпіёнам Беларусі станавіўся і сын Аляксея Пятровіча Ілья, цяпер ваеннаслужачы.

На гэтых спаборніцтвах маладзечанская каманда заняла трэцяе месца. Арцём Шахно стаў бронзавым прызёрам у класе С6 (стэндавыя мадэлі, копіі караблёў і суднаў) і выканаў нарматыў майстра спорту.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел дзве дзяўчыны – Валерыя Махлай са Слуцка і Вольга Ермакова з Мінска. Нягледзячы на свой юны ўзрост, гэта вопытныя і знакамітыя спартсменкі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ЦТДіМ «МАЛАДЗІК».

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх