Sunday, Aug 25th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы Увлечения, отдых Калі проза чаргуецца з вершамі

Калі проза чаргуецца з вершамі

E-mail Печать

Рэдактары аддзелаў прозы і паэзіі старэйшага ў Беларусі літаратурнага часопіса «Нёман» Алег Ждан і Наталля Капа прыехалі на сустрэчу з чытачамі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча.


Яна прайшла ў канферэнц-зале бібліятэкі сямейнага чытання «Верасок», сабрала не толькі чытачоў, але і мясцовых пісьменнікаў, супрацоўнікаў школьных бібліятэк раёна. Публіка падрыхтаваная, зацікаўленая, таму і гутарка атрымалася вельмі змястоўная. Прадставіў сталічных гасцей пісьменнік, краязнавец Міхась Казлоўскі. Ён нагадаў, што рускамоўны часопіс «Нёман» выходзіць з 1945 года з перыядычнасцю раз на месяц. Яго наклад – крыху больш за тры тысячы экзэмпляраў.

 

У розныя часы галоўнымі рэдактарамі былі Іван Шамякін, Пімен Панчанка, Андрэй Макаёнак. Цяпер выданне ўзначальвае Аляксей Чарота. Адметны факт: у савецкія часы «Нёман» першы ў Савецкім Саюзе надрукаваў раман «Восень патрыярха» Габрыэля Гарсія Маркеса, а таксама «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча ў перакладзе Валянціны Шчадрыной. Каб прачытаць гэтыя і многія іншыя творы ў часопісным варыянце, людзі запісваліся ў чаргу на «Нёман» у бібліятэках. Выданне, дарэчы, прадавалася нават у Маскве. «Я купляў яго на Казанскім вакзале, калі служыў у арміі», — прыгадаў Міхась Казлоўскі.

Супрацоўнікі часопіса «Нёман» Наталля Капа і Алег Ждан (у цэнтры) з маладзечанскімі бібліятэкарамі Святланай Алескіў, Анастасіяй Скапец і Таццянай Цярэшка.

«Па пашпарце я Пушкін»

Сапраўды, рэдактар аддзела прозы Алег Ждан мае падвойнае прозвішча Ждан-Пушкін, як і яго дзед, аднак з-за сціпласці падпісвае творы толькі першай часткай. Алег Аляксеевіч цікава расказваў пра свой шлях у літаратуру. Ён з даваеннага пакалення, у рэдакцыі самы старэйшы супрацоўнік. Першую п’есу напісаў яшчэ ў восьмым класе, але перш чым стаць пісьменнікам, прайшоў шмат жыццёвых універсітэтаў, атрымаў некалькі вышэйшых адукацый. Закончыў Магілёўскі педінстытут, маскоўскі Літаратурны інстытут. У маладосці шмат ездзіў па былым Савецкім Саюзе – вывучаў жыццё знутры. Працаваў будаўніком, рабочым у Алма-Аце, Ташкенце, быў камсамольскім лідарам у Брацку, пазней дзеля месца ў інтэрнаце ўладкаваўся звычайным рабочым у «гарачы» цэх на Мінскі трактарны завод. Свой першы раман, напісаны ў школьных сшытках, ён адправіў у пасылцы ў выдавецтва, а праз нейкі час атрымаў разгромны водгук. Аднак гэта не спыніла аўтара: «Мне ўвесь час свярбела, хацелася пісаць», — успамінаў Алег Ждан.

Сапраўднае прызнанне прыйшло, калі яго аповесць апублікавалі ва ўсесаюзным часопісе «Юнацтва», які разыходзіўся мільённымі тыражамі. Друкавалі творы і ў іншых літаратурных часопісах, асобнымі кнігамі выдавалі не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Алег Ждан з’яўляецца сцэнарыстам некалькіх кінафільмаў, сярод якіх «Честный, умный, неженатый», зняты на «Масфільме». Родам пісьменнік з Мсціслава, свайму гораду ён прысвяціў гістарычныя раманы «Князь Мсціслаўскі» і «Гасударыня і епіскап». Цяпер піша для дзяцей, у аснову твораў нярэдка кладуцца цікавыя выпадкі з жыцця яго сыноў, адзін з якіх выкладае матэматыку ў Оксфардзе, другі працуе праграмістам у Мінску.

Алег Ждан (Пушкін).

Расказваючы аб рабоце ў аддзеле прозы, Алег Аляксеевіч заўважыў, што свае творы дасылаюць не толькі беларускія аўтары, але і расійскія, а таксама нашы суайчыннікі, якія жывуць у іншых краінах. Як рэдактару аддзела, яму прыходзіцца вельмі шмат чытаць рукапісаў, даваць адказы аўтарам. «Заўсёды радуюся творчым знаходкам, люблю чытаць успаміны – самы шчыры жанр», — дзяліўся са слухачамі выступоўца.

«Нашы ідуць у літаратуру!»

Так некалі гаварыў, радуючыся за землякоў, вядомы краязнавец, пісьменнік Генадзь Каханоўскі. Услед за ім паўтарыў гэтыя словы Міхась Казлоўскі, калі прадстаўляў рэдактара аддзела паэзіі і літаратурнай крытыкі часопіса «Нёман» Наталлю Капа. Родам яна з Мядзела. Пасля філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта працавала настаўніцай на Астравеччыне, затым у гістарычным архіве. Выдала паэтычныя зборнікі «Панна Каханка» і «Бэзавыя дрэвы». Перад тым як прачытаць уласныя вершы, Наталля пазнаёміла слухачоў з творамі аўтараў «Нёмана».

Вершаў у часопіс дасылаюць вельмі шмат, публікуецца з іх трэцяя частка. Іншы раз аўтары балюча ўспрымаюць крытыку, не могуць зразумець, чаму іх вершы, якія падабаюцца сябрам і суседзям, не могуць быць надрукаваныя. Здараецца, што ў паэтычных творах ёсць хібы не толькі ў рыфме, рытме, няма цікавых думак і навізны, але элементарна шмат граматычных і стылістычных памылак. Няпростая справа – даць аб’ектыўную ацэнку твору. Не ўсе спакойна ўспрымаюць крытыку, нярэдка праўдзіва напісаная рэцэнзія можа прывесці да высвятлення адносін і сваркі.

Наталля з задавальненнем прадставіла маладзечанцам удалыя вершы аўтараў «Нёмана», па просьбе слухачоў прачытала свае. Цікава было даведацца, што яе псеўданім Капа ўзнік ад спалучэння першых складоў частак яе прозвішча Казапалянская, а яшчэ ён асацыіруецца з капішчам – язычніцкім храмам, месцам рытуалаў, нечым таямнічым і недасягальным…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх