Thursday, Oct 17th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Проекты Салдат-імя твае вядома Ордэн за мужнасць

Ордэн за мужнасць

E-mail Печать

У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. Аб гэтым 80-гадовы ветэран Віталій Епімахаў нагадвае ў час сустрэч з моладдзю.  

Характар загартоўваў у працы

Ён нарадзіўся ў невялічкай вёсачцы на Валагодчыне. З маленства спазнаў сялянскую працу. Але нават у самы цяжкі час хадзіў у школу, што была за некалькі кіламетраў ад дома.   
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Віталіку споўнілася толькі пяць гадоў. У 1943-м памёр бацька, і сын застаўся адзіным мужчынам у сям’і. Сямігадовы хлопчык раніцай дапамагаў маці па гаспадарцы і толькі потым бег у школу. А ўвечары яго зноў чакала праца. Цяпер, успамінаючы тыя далёкія гады, ветэран не скардзіцца на цяжкі лёс. Наадварот, лічыць, што менавіта дзякуючы паўсядзённай працы загартоўваўся яго характар, фарміраваліся такія неабходныя і каштоўныя для афіцэра якасці, як самадысцыпліна, вынослівасць, уменне правільна арганізаваць свой рабочы і вольны час, працавітасць і адказнасць.

Пасля «сямігодкі» Епімахаў паступіў у Вільнюскі тэхнікум чыгуначнага транспарту, які закончыў з чырвоным дыпломам. Менавіта ў час вучобы ў тэхнікуме раскрыліся яго арганізатарскія здольнасці, таварыскасць, уменне знаходзіць агульную мову з людзьмі рознага ўзросту і сацыяльнага ўзроўню. Вось радкі з характарыстыкі, выдадзенай выпускніку В. Епімахаву кіраўніцтвам навучальнай установы: «Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, выбіраўся членам камітэта камсамола тэхнікума, намеснікам сакратара камсамольскай арганізацыі навучальнай установы, з’яўляўся грамадскім інструктарам ДТСААФ…». А за актыўную працу ў якасці кіраўніка атрада па падтрымцы грамадскага парадку ў горадзе (тады іх называлі брыгадамі дапамогі міліцыі) камсамолец Епімахаў быў узнагароджаны Граматай ЦК ЛКСМ Літоўскай ССР.

Пасля службы ў арміі ён некалькі гадоў працаваў на розных пасадах на чыгунцы, затым — на Вільнюскай ЦЭЦ. Давялося паўгода пабыць у службовай камандзіроўцы ў Манголіі, дзе дапамагаў спецыялістам гэтай краіны будаваць Дарханскую ЦЭЦ.

Незвычайнае здарэнне

Вучыў іншых і сам вучыўся. У 1966 годзе В. Епімахаў паспяхова закончыў Ленінградскі інстытут чыгуначнага транспарту і быў накіраваны на адказную працу ў органы бяспекі Літоўскай ССР. У гэтай структуры адслужыў амаль тры дзесяцігоддзі, прайшоў няпросты шлях ад аператыўнага работніка да начальніка транспартнага аддзела КДБ Літвы. Адным з найважнейшых абавязкаў супрацоўнікаў яго аддзела было недапушчэнне надзвычайных здарэнняў і непрадбачаных сітуацый пры перавозках народнагаспадарчых грузаў па паветры, чыгунцы, аўтатранспартам. Віталій Андрэевіч не вельмі ахвотна дзеліцца ўспамінамі аб службе. Гэта была вельмі адказная, цяжкая паўсядзённая праца. Але пра адзін выпадак ветэран усё ж расказаў:

— Было гэта ў студзені 1981 года. На адным з участкаў Літоўскай чыгункі калінінградскага напрамку пацярпеў крушэнне грузавы цягнік. З рэек сышлі дзесяць вагонаў, было пашкоджана 200 метраў чыгуначнага палатна. Аднак самае страшнае тое, што сярод тых вагонаў тры былі запоўнены хлорам. Узнікла рэальная пагроза жыццю людзей. Па загадзе савецкага ўрада для высвятлення прычыны аварыі быў створаны аператыўны штаб, у склад якога ўваходзіў і я. Дарэчы, штаб узначаліў камандуючы хімічнымі войскамі Савецкай Арміі. Аб выніках працы кожны дзень дакладвалі ў Маскву і Вільнюс. І толькі дзякуючы бязветранаму надвор’ю і бясснежнай зіме мы змаглі ў сціслыя тэрміны без эвакуацыі насельніцтва зрабіць усё неабходнае, каб ліквідаваць аварыю. Як стала потым вядома, прычынай крушэння цягніка стала сколванне рэйкі. 20 мая 1981 года з’явіўся Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб узнагароджванні ваеннаслужачых, рабочых і служачых за мужнасць і адвагу пры выкананні спецыяльнага задання». У гэтым спісе было і маё прозвішча. Так у мірны час я атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі.

Па-ранейшаму ў страі

Пасля службы ў органах бяспекі В. Епімахаў з сям’ёй пераехаў у Маладзечна. І зноў, як у маладосці, акунуўся ў грамадскую работу. Шмат увагі ён надае патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Яго часта можна бачыць сярод школьнікаў, навучэнцаў кале-
джаў. Нягледзячы на свой салідны ўзрост (нядаўна Віталію Андрэевічу споўнілася 80 гадоў), ён прымае актыўны ўдзел у рабоце ветэранскай арганізацыі праваахоўных органаў «Гонар», з’яўляецца членам раённага савета ветэранаў.

Вячаслаў ТАБУЛІН.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх