Sunday, Apr 21st

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Проекты Мы адкрываем свет Костница -- церковь из костей

Костница -- церковь из костей

E-mail Печать

Люстры, элементы дэкору, гербы, надпісы, алтар -- і ўсё зроблена з чалавечых касцей. Такое можна ўбачыць у касцясховішчы, што ў горадзе Кутна-Гора Чэшскай Рэспублікі.

Могілкі ў ІТ-інтэр’еры

Паездка з Прагі ў адзін са знакавых чэшскіх гарадоў не заняла шмат часу. Маршрут расказалі ў інфацэнтры на чыгуначным вакзале. Білет на дваіх з трыма перасадкамі каштаваў каля 200000 рублёў у эквіваленце (з улікам скідкі, бо двое чалавек ужо лічацца групай і вандруюць па льготным тарыфе). Чаканне на кожным прамежкавым пункце не перавышала 15 хвілін.

Насельніцтва Кутна-Горы (а гэта каля 20000 чалавек) ганарыцца былым званнем «сярэбранай» сталіцы Чэхіі. Менавіта тут упершыню ў Еўропе адбылася «сярэбраная ліхаманка». Цяпер у горадзе налічваецца каля двух дзясяткаў славутасцей. Найбольш цікавыя з іх – касцясховішча, музей серабра «Градэк» і сярэдневяковая сярэбраная шахта. Дарэчы, гістарычны цэнтр населенага пункта ўваходзіць у спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Увогуле, Кутна-Гора пакідае прыемныя ўражанні — утульны гарадок з вузкімі вуліцамі, маленькімі кафэ і ветлівымі жыхарамі. Эканамічнае жыццё ў ім сканцэнтравана вакол лагістычнага цэнтра. А па аб’явах у мясцовай газеце бачна, што культурнае жыццё тут віруе. Канцэр-
ты, музычныя фестывалі, літаратурныя сустрэчы, гастролі замежных калектываў адбываюцца амаль кожны дзень.

Будаўнічы матэрыял — косці

Мэту свайго візіту мы распазналі па шматлікіх турыстычных аўтобусах. На самай справе, касцясховішча – невялікае збудаванне, якое губляецца на фоне велічнага суседа, сабора Святой Варвары (другога па велічыні і значнасці гатычнага храма Чэхіі пасля сабора Святога Віта).

Ветлівымі ўсмешкамі сустракае наведвальнікаў персанал незвычайнага музея. Білет сюды каштуе каля 100000 рублёў у эквіваленце. Ля ўвахода прадаюцца сувеніры — пластыкавыя чэрапы і сцегнавыя косці, магніты з выявамі экспазіцыі. Жаданне такі набыць адразу астудзіла думка: а куды яго прымацаваць? Відавочна, не на халадзільнік! У выніку спыніўся на спецыяльна адчаканенай манеце.

Дарэчы, сувеніры яшчэ можна купіць у інфармацыйным цэнтры недалёка ад увахода. Аднак самы папулярны тавар – віно з чэрапам на этыкетцы. Так, у кожнага свой густ і сваё пачуццё гумару.    
Экскурсаводаў у касцясховішчы няма. Усім выдаюць аркушы з тлумачэннем на розных мовах. Мы па-
прасілі на беларускай. Просьбу пачулі турысты з Украіны і шчыра з намі павіталіся. Што прыемна здзівіла – у памяшканні можна фатаграфаваць. Праўда, без успышкі, але здымкі атрымліваюцца якасныя.

І вось некалькі крокаў — і ты трапляеш у царства… З вуснаў хоча сарвацца «мёртвых», але гэта не так. Усё тут незвычайна і відовішчна. І зусім не страшна. Як напісана ў даведніку, «калекцыя» касцей у Кутна-Горы пачала збірацца ў другой палове XIII стагоддзя. Тады абат кляштара прывёз жменю свяшчэннай зямлі з Галгофы. Яе рассеялі недалёка ад горада, дзе і заснавалі могілкі. Быць пахаванымі на іх марылі многія высокапастаўленыя асобы былой Свяшчэннай Рымскай імперыі. У выніку апошні прытулак на чэшскай святой зямлі знайшлі каля 40000 чалавек. Хавалі ў некалькі «слаёў».



Сучасны выгляд храм набыў толькі ў канцы XVIII стагоддзя, калі навакольныя землі перайшлі да роду Шварцэнбергаў. Адзін з яго прадстаўнікоў загадаў вядомаму разьбяру па дрэве Францыску Рынту «навесці парадак». Калі меркаваць па колькасці і геаграфіі наведвальнікаў, майстар выдатна справіўся з заданнем. Дзякуючы яго крэатыўнаму падыходу да мёртвых мясцовы бюджэт за кошт турыстаў спраўна папаўняецца на карысць жывых.

Думай… пра што хочаш

Па логіцы, касцясховішча ў Кутна-Горы павінна навяваць думкі аб вечным. Асабіста мае асацыяцыі, што ўсе мы роўныя перад Усявышнім: і прадстаўнікі эліты, астанкаў якіх у «калекцыі» большасць, і звычайныя смяротныя.

Хачу сказаць, што аўтару «кампазіцый» сапраўды ўдалося давесці да гледачоў, што чалавечае цела прыгожае. Нават нежывое яно натхняе на творчасць, прымушае задумвацца аб сэнсе існавання, падштурхоўвае да міласэрных учынкаў.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх