Sunday, Apr 21st

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Проекты Мы адкрываем свет Каўнас -- горад, дзе сустракаюцца рэкі

Каўнас -- горад, дзе сустракаюцца рэкі

E-mail Печать

Адны з самых прыгожых рэк Беларусі і Літвы Нёман і Вілія сустракаюцца ў горадзе, які шмат гадоў быў сталіцай Літвы.

 

 

Уражанні пра Коўна (так у часы Вялікага Княства Літоў-скага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі называлі Каўнас) асабіста ў мяне склаліся супярэчлівыя. Турыст можа ўбачыць у горадзе шмат унікальных аб’ектаў. Для аматара культуры таксама адкрываюцца вялікія магчымасці. Не застануцца абдзеленымі людзі, якія любяць прыроду (узбярэжжа Каўнаскага вадасховішча ўражвае сваёй прыгажосцю). Падарожнік, нацэлены на шопінг, абавязкова знойдзе тое, што яму патрэбна. Для кожнага былая сталіца суседняй дзяржавы адкрываецца са свайго боку.

Каўнас быў галоўным горадам Літвы з 1919-га па 1940 год. Тады ўзводзіліся многія будынкі, якімі цяпер ганарацца мясцовыя жыхары. Пасля пераезду ўрада ў Вільнюс горад апынуўся на раздарожжы. Цяжка быць другім, калі раней быў першым. Вярнуць былую славу павінна музычная арэна, будаўніцтва якой пачнецца ў хуткім часе. З уводам яе ў эксплуатацыю Каўнас будзе мець поўнае права называцца культурнай сталіцы дзяржавы.

На пераадоленне Нёмана па гэтым мосце раней патрабаваліся амаль два тыдні…

Мадэрнавы настрой

Каб атрымаць найбольшае задавальненне ад горада, трэба завітаць на Ратушную плошчу, прайсці па Вільнюскай алеі, алеі Свабоды (самай доўгай пешаходнай вуліцы ў краінах былога СССР), а потым скіравацца ў суседнія кварталы.

Ратуша – адна са славутасцей Каўнаса.

Алея Свабоды – любімае месца адпачынку гараджан.

Менавіта ва ўтульных дворыках сярод узораў архітэктуры ў стылі мадэрн хаваецца самае «смачнае». Тут раптам можна ўбачыць жывапісную лесвіцу, якая вядзе праз парк на суседнюю вуліцу, або пабудаваны ў мінулым стагоддзі жылы дом з драўлянымі завітушкамі аконных рам. Яшчэ некалькі крокаў — і перад вамі паўстане арыгінальная скульптурная кампазіцыя.

Каўнаскі мадэрн яшчэ не за-крануты рэстаўрацыяй, не сапсаваны рэкламай і не прыстасаваны для турыстаў. Ён жывы, дынамічны, нават нейкі ўтульны. Менавіта дзякуючы ўзорам мадэрнавай архітэктуры Каўнас унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Будынкі ў стылі мадэрн строгія і велічныя.

Беларускае эсперанта

Трэба адзначыць, што кансерватызм уласцівы большасці жыхароў горада. Яны не раскрыюць сваю душу першаму сустрэчнаму. Іх давер трэба заслужыць. А зрабіць гэта можна, калі звярнуцца на сваёй мове. Тады людзі адкажуць на ўсе пытанні, пакажуць, дзе знаходзіцца той ці іншы аб’ект.
У Каўнасе яшчэ раз пераконваешся, што беларуская мова – сапраўднае эсперанта ў славянскіх краінах і на прасторах былога СССР.

Каўнаскія парадоксы

Палова прахожых, з якімі гутарыў у час прагулак, называюць горад на славянскі манер – Коўна, рэчкі – не Нямунас і Нерыс, а Нёман і Вілія.
Адзін і той жа маршрут грамадскага транспарту ў Каўнасе можа праходзіць па розных вуліцах. Маршрутнае таксі спыняецца не толькі на прыпынках.

Беларусы тут частыя госці. Наведваюць нашы землякі ў асноўным гандлёвыя цэнтры, а таксама музей Чурлёніса і музей чарцей. Шмат сумесных міжнародных праектаў рэалізуюць рэлігійныя аб’яднанні дзвюх краін. А вось у гарадской карціннай галерэі паведамілі, што я першы беларус, які завітаў сюды за апошнія 15 гадоў.

Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ў Каўнасе знаходзіцца самы доўгі ў свеце мост. І яны маюць рацыю. Раней частка горада на левым беразе Нёмана карысталася грыгарыянскім календаром, на правым лічылі дні па юліянскім. Такім чынам, на пераадоленне ракі патрабаваліся амаль два тыдні…
Бізнес, нічога асабістага

Мяне прыемна здзівіла мноства тавараў беларускай вытворчасці ў магазінах і гандлёвых цэнтрах Каўнаса. На прылаўках у асноўным прадстаўлены імпартаваныя з Беларусі бытавая хімія, касметыка, харчовыя вырабы. У адным з парфумерных магазінаў на алеі Свабоды прадавалася калекцыя маладзечанскай фірмы «Дыліс-Касметык».

Утульна ў другім па колькасці насельніцтва горадзе Літвы адчувае сябе індыйскі бізнес. Індыйцы адкрылі некалькі магазінаў і стварылі нацыянальны бізнес-цэнтр.

Па словах галоўнага бухгалтара аднаго з прадпрыемстваў па рэалізацыі марожанага Эрыкі Дацкавечане, зарэгістраваць уласную справу ў горадзе не вельмі складана. А вось каб ліквідаваць бізнес, трэба прадставіць мноства дакументаў. Таму гаспадары некаторых збанкрутаваўшых суб’ектаў гаспадарання проста «замарожваюць» дзейнасць (мясцовае заканадаўства гэта дазваляе).

— А чаму б і беларусам не пашырыць эканамічную прысутнасць у Каўнасе? – разважае Э. Дацкавечане. – Толькі марожанае імпартаваць не трэба, інакш мая фірма разарыцца.

Цэпеліны і суп з плаўнікоў акул

На другі дзень у Каўнасе на маршрутцы еду ў гандлёвы цэнтр «Мега», дзе знаходзіцца самы вялікі ў Прыбалтыцы акварыум з жывымі акуламі і штучна створаным каралавым рыфам.  
Уражанне ад убачанага перавысіла чаканні. Назіраць за метр ад сябе зубастыя пашчы небяспечных акіянскіх драпежнікаў – гэта ні з чым не параўнальныя эмоцыі. Міжволі пачынаеш паважаць усё жывое. Аднак страшна стала за дзетак, што абступілі акварыум. Рыбы, якія на іх глядзелі, напэўна думалі пра абед…

Вышыня самага вялікага ў Прыбалтыцы акварыума — звыш 12 метраў.

Я ж марыў пра суп з плаўнікоў акулы, калі ў бліжэйшым кафэ еў цэпеліны. А яшчэ разважаў, што славутасць накшталт марскога акварыума прыносіць гаспадарам гандлёвага цэнтра дадатковы прыбытак. Можа, такі вопыт варта пераняць і нашым прадпрымальнікам?

  • Каўнас — горад-порт, размешчаны ўдалечыні ад узбярэжжа Балтыйскага мора. Першае ўпамінанне аб ім датуецца 1280 годам.
  • Згодна з мясцовай легендай горад «нарадзіўся» са Святога агню. Магдэбургскае права Каўнасу падарыў вялікі князь Вітаўт у 1408-м.
  • У ваколіцах горада нямала рэк і азёр, таму кожнае лета тут адкрываюцца выдатныя пляжы. Некаторыя з іх разме-шчаны на берагах Нёмана і Віліі, некаторыя – ля Каўнаскага вадасховішча.
  • Назва горада перакладаецца як «нізкае багністае месца».
  • Каўнас здаўна змагаецца са сталіцай Літвы Вільнюсам за першынства, як Масква з Пецярбургам і Варшава з Кракавам.
  • Каўнас вядомы адзіным на прасторах былога СССР музеем чарцей.
  • Знакавы аб’ект горада – Нацыянальны мастацкі музей імя Чурлёніса, у якім прадстаўлена 334758 экспанатаў.
  • Адзіны ў Літве заалагічны сад таксама знаходзіцца ў Каўнасе. Тут знайшлі прытулак каля 270 відаў жывёл з розных кантынентаў Зямлі.
  • «Жальгірыс-Арэна» — самае вялікае ў краінах Балтыі крытае шматфункцыянальнае спартыўнае збудаванне. Яго кошт ацэньваецца прыкладна ў 50 мільёнаў еўра. Арэна размешчана ў цэнтры горада на беразе Нёмана і з’яўляецца адной з мясцовых славутасцей.
  • Музей народнага быту Літвы знаходзіцца на беразе Каўнаскага вадасховішча. У яго экспазіцыі прыкладна 88000 прадметаў. Разнастайную архітэктуру розных рэгіёнаў Літвы прадстаўляюць 140 будынкаў.


Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх