Monday, Nov 18th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы Культура І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц...

І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц...

E-mail Печать

Мы пабывалі ў «Дудутках» і асвоілі сакрэты старажытных промыслаў і рамёстваў.

На паўдня – у сівую даўніну

Апоўдні мы выехалі з Маладзечна. «Машынай часу» для нас стаў сучасны невялічкі аўтобус, на якім праз паўтары гадзіны мы апынуліся ў першым на Беларусі прыватным музейным комплексе старажытных народных рамёстваў і тэхналогій  з гучнай назвай «Дудуткі». Ён знаходзіцца за 40 кіламетраў ад Мінска ў Пухавіцкім раёне на рацэ Пціч і займае тэрыторыю ў 170 гектараў.

Дваццаць два гады таму беларускі пісьменнік літоўскага паходжання Яўгеній Будзінас, якога называюць «Калумбам айчыннага экатурызму», вырашыў сабраць у адным месцы і прадставіць ва ўсёй прыгажосці і велічы народныя промыслы. І тым самым дапамагчы братам-беларусам навучыцца цаніць сваё, роднае. А іншаземцам паказаць, што ў нас сапраўды ёсць што паглядзець і чаму па-добраму пазайздросціць. Месца, выдзеленае пад музейны комплекс, аказалася вельмі сімвалічным: з XVIII стагоддзя Дудуткі былі вядомым цэнтрам рамёстваў, гандлю, кірмашоў. З XVI стагоддзя тут размяшчаўся шляхецкі маёнтак, апошнімі ўладальнікамі якога былі прадстаўнікі роду Ельскіх, бацька і сын Станіслаў і Караль. А ўпершыню Дудуткі прыгадваюцца ў «Cлове о полку Игореве» ў XI стагоддзі.

Вось так: зусім неабавязкова ехаць за тысячы кіламетраў па новыя ўражанні. У гэтым выпадку можна не пагадзіцца са словамі вядомай песні: «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…». Іншы раз перш чым захапляцца чужаземнымі дзівосамі, варта ўбачыць, пачуць, спасцігнуць тое, што знаходзіцца зусім побач.

Млын бачны здалёк

Такога вялізнага ветранога млына вышынёй 14 метраў больш не ўбачыш нідзе. Ён пабудаваны па галандскім (шатровым) тыпе, яму 110 гадоў. Па ўсёй Беларусі падобных веліканаў было не больш за пяць. У Дудуткі яго перавезлі з Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Да рэвалюцыі млын належаў братам Паляковым, якіх саслалі ў Сібір. Да 70-х гадоў мінулага стагоддзя працаваў, затым яго закінулі, і ён паціху разбураўся. Як расказала нам экскурсавод Зоя Іванчык, цяпер млын «ажывае» раз на год, але ў апошнія часы муку на ім не мелюць (раней ёю забяспечвалі падсобную гаспадарку), а проста правяраюць механізм.

А вось турысты тут бываюць штодня. Гід навучыла, як правільна заходзіць унутр млына: трэба абавязкова наступіць на камень – стары жарон, загадаць жаданне, а затым з правай нагі пераступіць парог са словамі «Свят, свят, свят!». А ідучы назад, трэба не забыцца змахнуць рукой з левага пляча чорціка, які, магчыма, захоча ўвязацца ўслед за вамі… Мы разумелі, што гэта легенды, «фішкі» для турыстаў, між тым і на жораў наступалі, і жаданні загадвалі, і чорціка з пляча зганялі…

Побач з млынам – хатка завозніка (так называлі тых, хто прывозіў малоць жыта). У ёй нас сустрэла гасцінная гаспадыня Святлана Багель, прапанавала пакаштаваць дудуткаўскага сала з хлебам, салодкай цыбуляй (яна і сапраўды аказалася прыемнай на смак), квашанай капустай. Дэгустацыя прысмакаў мясцовай вытворчасці (у Дудутках свая ферма, перапрацоўчая вытворчасць) уключана ў кошт уваходнага білета. У невялічкай хатцы было вельмі ўтульна: палілася печ, насупраць яе ў «бабіным куце» сядзела за вышыўкай Святлана, якая да нашага прыходу паспела накрыць стол, зроблены са старога  ткацкага станка. Па дыяганалі ад печы – чырвоны кут, дзе вісіць ікона. Ля глухой сцяны — ложак, засланы вышыванкамі. Да столі прымацавана люлька. Ёсць павер’е, што той, хто яе пакалыша, у хуткім часе можа чакаць павелічэння сям’і…

Золата саломкі – на царскіх варотах

Усе турысты імкнуцца зайсці ў прыгожую драўляную царкву. Яна дзеючая, тут створаны прыход, які ўзначальвае айцец Дыянісій. Тут знаходзіцца цудатворная ікона Іаана Хрысціцеля, прывезеная з Чарнагорыі, у якой прысутнічаюць часцінкі мошчаў святога прарока. У яго гонар названы гэты храм.

Адметным гэты храм робяць царскія вароты на алтары, сплеценыя з саломкі (падобных у Беларусі толькі двое – у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры і ў адным з сельскіх храмаў пад Навагрудкам). Іх стварыла народны майстар Вера Салдатава разам з мужам Аляксандрам, мастаком-іканапісцам.

Збанкі, у якіх малако не скісае

Дзверы любой дудуткаўскай майстэрні адчынены для турыстаў. Мне давялося быць тут сем гадоў таму. Нельга не заўважыць, што за гэты час асартымент тавараў значна пашырыўся (выбар сувеніраў на любы густ і кашалёк – ад магнітаў да эксклюзіўных работ, сапраўдных твораў мастацтва), а экскурсіі сталі больш цікавыя. Гід заўважыла: «Наш музей жывы, тут усё дазваляецца браць у рукі, фатаграфаваць, каштаваць». Ганчар Канстанцін, не адрываючы рук ад кавалка гліны, які на нашых вачах ператварыўся ў збаночак, расказаў, што свае вырабы ён пакрывае слоем пчалінага воску. Гэта прыродны антысептык, таму малако, іншыя вадкасці захоўваюцца доўга.

Яшчэ адна цікавая тэхналогія – чорнадымленная кераміка: вырабы абпальваюцца ў печы з дымам і ў выніку становяцца знешне падобныя на жалезныя. Прыемна было даведацца, што дудуткаўскія майстры выкарыстоўваюць радашковіцкую гліну.

Хваліце печ – будзе хлеб смачным

Такое павер’е існавала ў нашых продкаў. А драўляную бочку – дзяжу, у якой цеста замешвалі, гаспадыня захоўвала як самую дарагую рэліквію. Дзяжа магла быць як жаночага роду, так і мужчынскага, гэта залежала ад цотнай ці няцотнай колькасці бярозавых і дубовых клёпак. Наогул, яе атаясамлівалі з жывой істотай… Калі дзяжу трэба было мяняць, новую на ноч накрывалі ручніком разам са старой, каб тая ўсяму навучыла пераемніцу. А калі людзі ўсяляліся ў новы дом, спачатку праз парог пускалі кошку, а потым пераносілі дзяжу. Пра гэта і многае іншае мы даведаліся ад абаяльнай Таццяны, адной з гаспадынь хлебапякарні. Пакаштавалі і дудуткаўскі хлеб з дамашнім маслам і трыма відамі сыру (з кмінам, кропам і часнаком), а таксама духмяную гарбату на травах.

Падкоўка на шчасце

У кузні нашаму галоўнаму рэдактару Аляксандру Лазоўскаму давялося пабыць памочнікам у каваля: ён раздуваў мяхі, якія падтрымліваюць у печы агонь, арудаваў цяжкім молатам. За свой спрыт і лоўкасць атрымаў эксклюзіўны сувенір: падкоўку, якую ў доме абавязкова трэба павесіць рожкамі ўверх, каб шчасце не ўцякло. Усе жадаючыя ў кузні маглі па-
званіць у невялікі звон: гук у яго меладычны, прыгожы. Раней ён знаходзіўся ў карчме: хто з наведвальнікаў у яго званіў тры разы, выказваў жаданне заплаціць за ўсіх… А некторыя з калег сталі ў гэты дзень памочнікамі майстроў.

Чарка на пасашок

Не прамінулі і легендарны дудуткаўскі бровар, які адзіны ў нашай краіне мае ліцэнзію на вытворчасць самагону. Безумоўна, без дэгустацыі не абышлося. Ведаеце, як праверыць якасць самаробнай гарэлкі? Трэба наліць яе ў далоні і пацерці, пакуль яны не стануць сухімі, а затым удыхнуць водар. Калі пахне хлебам – напітак якасны. Такім чынам, дарэчы, правяраецца і якасць каньяку, які павінен пахнуць разынкамі і ўрукам. Ад глытка моцнага напітку ніхто не захмялеў, але ў халодны дзень ён сагрэў. А найбольш здзівіў не самагон (хто з беларусаў яго не каштаваў?), а закусачны бутэрброд: хлеб, мёд і зверху кавалак салёнага агурка з бочкі. Вельмі незвычайнае спалучэнне салодкага і кіслага…

Пазнаёміліся мы з калекцыяй рарытэтных аўтамабіляў, самы каштоўны сярод якіх – трафейны нямецкі «Хорх» 1935-1940 гадоў. Яго выпадкова знайшоў і адкапаў у балоце на Брэстчыне адзін паляшук, за сімвалічную плату перадаў у Дудуткі. Па словах экскурсавода, амерыканцы давалі за гэту мадэль два мільёны долараў, але ім адмовілі – цана на рарытэт расце з кожным годам (такой мадэлі было выпушчана ўсяго 26 адзінак).

Апошнім акордам нашай экскурсіі стала катанне на брычцы па дудуткаўскай ферме, дзе шмат усялякай жыўнасці. Нягледзячы на халодны дзень, па дарожках комплексу прагульвалася шмат наведвальнікаў: нездарма ж гэта адзін з самых папулярных музеяў у Беларусі. Чаго мне асабіста не хапіла ў Дудутках, дык гэта беларускай мовы. Чамусьці экскурсія праходзіла на рускай, майстры таксама размаўляюць на ёй. Магчыма, па просьбе турыстаў яны могуць пераключыцца на родную, аднак лепш было б наадварот…

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Комментировать:

Комментарии 

 
0 #1 малинка 28.10.2016 14:34
Вот если б вы Северный полюс посетили, вот это ДА!!!А то Дудутки, подумаешь... Ничего там необычного нет.
Цитировать
 
 
0 #2 калинка 31.10.2016 09:30
везде интересно побывать. Вот только белорусам еще далеко да развитого туризма. ну, не умеем мы этого делать. то на выходной закрыто, то поесть негде, то людей важных принимают, а простой люд пусть подождет.
Цитировать
 
 
0 #3 Марья 01.11.2016 08:15
Цитирую малинка:
Вот если б вы Северный полюс посетили, вот это ДА!!!А то Дудутки, подумаешь... Ничего там необычного нет.

В Дудутках должен каждый побывать, чтобы знать, что и как. Ну чтобы хотя бы с тем же Северным полюсом сравнить, где лучше. И иностранных гостей туда вовсе не стыдно привезти.
Цитировать
 

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх