Tuesday, Jun 25th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы Культура Тэатральная студыя «Казка» адсвяткавала 30-годдзе казачным прадстаўленнем

Тэатральная студыя «Казка» адсвяткавала 30-годдзе казачным прадстаўленнем

E-mail Печать

Кіраўнік тэатральнай студыі «Казка», выкладчыца дадатковай адукацыі ЦТДіМ «Маладзік» Галіна Іванькіна расказала, як усё пачыналася.

— Спачатку гэта быў тэатр лялек «Пятрушка», які працаваў у падлеткавым клубе «Пралеска» пры ЖЭУ-3. Лялькі былі толькі пальчаткавыя. Прыбылі яны да нас накладным плацяжом з пасёлка Хлебнікава Маскоўскай вобласці. У той час гурток наведвалі навучэнцы з бліжэйшых СШ №10, 11. А першы спектакль па матывах рускай народнай казкі называўся «Каласок», — успамінае Галіна Пятроўна.

 

— Праз некаторы час у аб’яднання з’явілася новая назва…
— Так. Пашыраўся рэпертуар, умацоўвалася матэрыяльная база, і мы сталі тэатральнай студыяй «Казка». У спектаклях «Дзень нараджэння», «Крыстафер Робін і яго сябры» былі задзейнічаны планшэтныя лялькі адкрытага тыпу і марыянеткі. У пастаноўцы «Пра цара Максіміляна і яго непакорнага сына Адольку» — батлеечныя лялькі, у «Скарбах капітана Флінта» — вялікія пальчаткавыя. Спектакль «Тэатр на стале» прынёс калектыву першае месца ў намінацыі «Лялечны спектакль» на адкрытым фестывалі дзіцячых тэатральных калектываў Мінска.

— З кім найбольш цесна працавалі над творчымі праектамі?
— Шмат гадоў аказвалі дапамогу дзіцячаму тэатру мастак Міхаіл Лазар і яго сын Ігар. Вырабляліся дэкарацыі, афішы, праграмкі, распрацоўваліся эскізы лялек. Хачу падзякаваць таксама выкладчыцы аб’яднання па інтарэсах «Свет цацкі» Алене Сюзевай, кіраўніку эстраднай студыі «Эпізод» Уладзіміру Гарановічу, які пісаў музыку для спектакляў. Рэквізіт дапамагалі рабіць у студыі «Натхненне» (кіраўнік Святлана Бялова) і народнай студыі «Вясёлы церамок» (кіраўнік Наталля Сівая). Плённае супрацоўніцтва працягваецца. Шчырыя словы падзякі мастаку, педагогу, кіраўніку студыі выяўленчага мастацтва «Вясёлка» Наталлі Втулкінай. Не адзін год падтрымліваў наша творчае аб’яднанне Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка».

— Які сённяшні дзень тэатральнай студыі?
— Цяпер студыя «Казка» аб’ядноўвае лялечную і драматычную творчасць. Тут займаецца каля сямідзесяці чалавек ад сямі  да сямнаццаці гадоў. Сярод іх вучні сярэдніх школ №1,2, 4, 5, 9, 14, гімназій №3, 6, 7, гімназіі-каледжа мастацтваў. Для дзяцей чатырох-шасці гадоў працуе група «Малыш». Усяго за час работы з’явілася звыш васьмідзесяці пастановак: казкі, сцэнкі, байкі, мініяцюры, вершы. У студыі звыш трох соцень лялек.

— Якім запомнілася свята, прысвечанае адметнай даце калектыву?
— На «ўра» прымалі гледачы герояў спектакляў. На сцэну выходзілі  Уолт Дысней, Віні-Пух і Пятачок, Бураціна... Нямала прыемных хвілін падарылі юныя артысты сваім блізкім, а таксама ўсім аматарам тэатральнага мастацтва. Сярод шаноўных гасцей былі акцёры Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка», якія падрыхтавалі выдатны лялечны падарунак. Завіталі выпускнікі нашай студыі: акцёр Аляксандр Майрын, актрыса, выкладчыца тэатральных дысцыплін Анастасія Бажко, педагог Таццяна Гаўрылюк, навучэнка гімназіі-каледжа мастацтваў Ангеліна Смыкоўская...

Хачу выказаць падзяку Мінскаму абласному драматычнаму тэатру, установам і прадпрыемствам горада за дапамогу ў падрыхтоўцы свята і падтрымку таленавітай моладзі. А яшчэ жадаю ўсім любіць тэатр – крыніцу радасці і натхнення! І няхай у сэрцах дзяцей і дарослых заўсёды жыве казка!

Людміла ЦАР.
Фота: архіў ЦТДіМ «МАЛАДЗІК».

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх