Thursday, Oct 17th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы Культура На творчы вечар «Я вечны парастак Радзімы» запраcіў паэт Кастусь Цыбульскі.

На творчы вечар «Я вечны парастак Радзімы» запраcіў паэт Кастусь Цыбульскі.

E-mail Печать

Кастусь Цыбульскі нарадзіўся ў невялiчкай вёсцы Забалацце, закончыў Лебедзеўскую сярэднюю школу, працаваў на заводзе «Спадарожнiк».

 

Адметны голас (у свой час пазаштатнага карэспандэнта Беларускага радыё) можна нярэдка пачуць на маладзечанскіх літаратурных сустрэчах, у фестывальнай паэтычнай гасцёўні. А зусім нядаўна ён запрасіў сяброў у канцэртную залу Палаца культуры на творчы вечар «Я вечны парастак Радзімы» з нагоды асабістага юбілею.

Вядучая свята Ларыса Грынько нагадала пра тое, што яшчэ студэнтам Белдзяржуніверсітэта Кастусь пасябраваў з музай, і тая стала вернай спадарожніцай на ўсё жыццё. Яго вершы палюбіліся слухачам, а песні выконваюць славутыя калектывы і вядомыя спевакі не толькі нашай краіны.

Нездарма ў народзе кажуць: ад добрага кораня – добры парастак.Тэма моцных каранёў, прадаўжэння роду гучала ў кожным творы, прасякнутым любоўю да Радзімы. Прыемным сюрпрызам для віноўніка ўрачыстасці сталі вершаваныя радкі ад землякоў Святланы Капуцкай і Міхаіла Лапушынскага. Паэтычны блок, прысвячэнне жанчыне-матулі і жанчыне каханай у выкананні самадзейных артыстаў тэатра мініяцюр «Брава!» Палаца культуры нікога не пакінуў абыякавым.

Вельмі цёпла, па-дзіцячы непасрэдна віншавала любага дзядулю ўнучка Даша Цыбульская.

Ёсць у рэпертуары ўзорна-паказальнага аркестра Унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусі марш на словы Кастуся Цыбульскага. Разам з новымі песнямі ён прагучаў на вечарыне. У святочнай праграме прынялі ўдзел пераможцы Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна» Аляксандр Саванец і Таццяна Валахановіч, а таксама госці з Мінска, Вілейкі, Смалявіч. Кожнаму калектыву ці артысту паэт прысвяціў чатырохрадкоўе, маленькі запамінальны экспромт.

Выступае тэатр мініяцюр «Брава!».

Не абышлося без прэм’ер. У сааўтарстве з кампазітарам Аленай Атрашкевіч нядаўна нарадзілася песня «Журавель», якую выканала спявачка Валянціна Альшанская. Творчае су-
працоўніцтва звязвае Кастуся Цыбульскага з кампазітарам Яўгеніем Хаменкам, які таксама прыехаў на вечарыну. Нямала папулярных песень з рэпертуару ансамбля «Бяседа» напісаны на словы нашага земляка. І зала горача вітала калектыў, падхоплівала знаёмыя словы…

Адзін з шаноўных гасцей – кампазітар Яўгеній Хаменка.

У канцы сустрэчы ў выкананні ўдзельнікаў вечарыны прагучала песня «Пажаданне», у якой ёсць такія радкі: «Не збірайце на вякі медзякі ў кашалькі, бо жыццё плыве ракою, век бясконцы ў ракі…». У юбілейны для Кастуся Цыбульскага год зычым яму моцнага здароўя, даўгалецця, творчага натхнення і радасці. А калі віншуюць сэрцам землякі, пажаданні абавязкова збываюцца.

Людміла ЦАР.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх