Sunday, Jan 19th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы История, туризм У Ленкаўшчыне – ніводнай Лены…

У Ленкаўшчыне – ніводнай Лены…

E-mail Печать

Як праходзіла свята вёскі Ленкаўшчына Маладзечанскага раёна.

Ніхто са старажылаў вёскі Ленкаўшчына так і не змог растлумачыць, адкуль пайшла назва вёскі. Наўрад ці ад слова «ленавацца», бо здаўна тут жылі надзвычай працавітыя людзі, якія ўсім самі сябе забяспечвалі.

 

А як інакш, калі адсюль да Маркава – каля дзесяці кіламетраў, і акрамя школы ў савецкі час ніякіх устаноў сацкультбыту тут не было. Магчыма, жыла ў даўніну прыгажуня Лена, у гонар якой назвалі паселішча? І ўсё ж найбольш праўдападобнай дырэктар Маркаўскага Дома культуры Людміла Асіповіч лічыць версію паходжання назвы ад слова «лён»: «На гарыстай мясцовасці не кожная культура вырасце, а вось лён, напэўна, радзіў. А можа, сюды яго звозілі ды малацілі?».

Кіраўнік сельгасфіліяла «Маркава» Васілій Буракоўскі дзякаваў за шматгадовую працу старэйшым работнікам сельскай гаспадаркі.

Як бы там ні было, а беларуская назва гучыць прыгожа і звонка, цешыць тых, хто тут жыве, прыязджае з горада на бацькоўскую сядзібу. Сёлета Ленкаўшчыне споўнілася 245 гадоў. З такой прычыны работнікі Маркаўскага Дома культуры, сельвыканкама і сельгаспрадпрыемства падарылі мясцовым жыхарам свята. Развесілі на плоце саматканыя посцілкі, на стол абрус заслалі, саламяных дзеда з бабай пасадзілі за гаспадароў. І вядучая, аўтар сцэнарыя Людміла Асіповіч, разам са старастай вёскі Яўгеніяй Гулецкай запрасілі ўсіх у беларускую хатку, назвалі ганаровых гасцей – старшыню Маркаўскага сельскага Савета дэпутатаў Івана Мацэвіча, кіраўніка сельгасфіліяла «Маркава» Васілія Буракоўскага, дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Ганну Владыка, настаяцеля Маркаўскай царквы протаіерэя Мікалая Пяшко. У гэты дзень у цэнтры ўсеагульнай ўвагі былі доўгажыхары. А самая старэйшая сярод іх – 90-гадовая Анастасія Вайцяховіч. Усё жыццё ў калгасе працавала, вырасціла траіх дзяцей, дачакалася дзесяцярых унукаў і васьмярых праўнукаў — самае вялікае яе багацце. Старажылаў у вёсцы шмат, а вось маладая сям’я толькі адна. Пяцігадовы Мікіта Гулецкі — самы малодшы жыхар Ленкаўшчыны. Рэдкая па сённяшніх часах удача была ва ўдзельнікаў свята – прывітаць брыльянтавых юбіляраў, якія пражылі ў шлюбе 60 гадоў. Гэта Анастасія і Уладзімір Сергіевічы. Дарэчы, Уладзіміру Паўлавічу падарыў ікону і падзякаваў за тое, што даглядае крыж на ўездзе ў вёску, протаіерэй Мікалай Пяшко. Адзначыў ён і адну з самых актыўных прыхаджанак Маркаўскай царквы Ксенію Дурко. Ушаноўвалі на свяце і Серафіму і Аляксандра Сергіевічаў, якія адзначылі 55-годдзе сумеснага жыцця, а таксама рубінавых юбіляраў Соф’ю і Івана Нарэйкаў.

Прыемна было пачуць словы падзякі за шматгадовую працу ў калгасе, атрымаць падарункі Ганне Стужынскай, Вользе Кошкінай, Марыі Буракоўскай, Людміле Русакевіч, Ірыне Беланожка, Марыі Сергіевіч, Валянціне Сергіевіч. У традыцыйным конкурсе на лепшы двор была адзначана Ксенія Дурко, самыя прыгожыя кветнікі – у Антаніны Мультан і Марыі Буракоўскай.

Старшыня Маркаўскага сельскага Савета дэпутатаў Іван Мацэвіч і дырэктар СДК Людміла Асіповіч віншуюць брыльянтавых юбіляраў Анастасію і Уладзіміра Сергіевічаў.

Не магла не ўспомніць вядучая легендарную жанчыну – Ганну Заянчкоўскую, былую партызанку атрада імя Варашылава, які базіраваўся ў мясцовых лясах. Пра тыя часы напамінае абеліск на Сакалінай гары. На свяце прысутнічала дачка партызанкі Соф’я Капцюг. Яе бацька Уладзімір Заянчкоўскі таксама быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.

Нямала добрых песень уплялося ў канву свята дзякуючы ўдзельніцам народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Маркаўчанка», яе салістам Марыі Баран, Ірыне Карташэвіч, гарманісту, аўтару песень і вершаў Віктару Сыраквашу. Усё ж Лена ў Ленкаўшчыне выйшла на сцэну – Алена Страдаева, якую ведаюць ва ўсім наваколлі як выдатную спявачку. А яшчэ адна Алена – Якімовіч, рэдактар цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна, зрабіла цудоўныя здымкі з гэтага мерапрыемства, і мы ёй вельмі ўдзячны за супрацоўніцтва.

Быў на свяце і экспромт. Людміла Асіповіч заўважыла сярод гледачоў Аляксандра Канановіча, які цяпер жыве ў Маладзечне, але часта прыязджае на бацькоўскую сядзібу. Ён піша вершы, і вядучая запрасіла Аляксандра на сцэну. Шчымлівыя радкі аб малой радзіме, аб старой лістоўніцы, якая стала адным з яе сімвалаў, расчулілі прысутных.

Па-дамашняму ўтульна было ўсім у беларускай хатцы. Жанчыны прасілі ўдзельніц «Маркаўчанкі» праспяваць іх любімыя песні, разам танцавалі польку, вальс і кракавяк. Ад імя ўсіх аднавяскоўцаў Людміла Дземеш шчыра падзякавала арганізатарам за цудоўнае мерапрыемства, уручыла каравай старшыні Маркаўскага сельвыканкама. І гэта лепшае сведчанне таго, што жыхарам аддаленых вёсак патрэбны такія святы.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Алена ЯКІМОВІЧ.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх