Tuesday, Jun 25th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы История, туризм Тэрыторыя натхнення

Тэрыторыя натхнення

E-mail Печать

На думку гаспадыні гарадоцкай аграсядзібы «Традыцыі і сучаснасць» (культурна-гістарычная тэрыторыя) Ліны Цывінай, культурныя праекты могуць стаць асновай развіцця аграэкатурызму ў Маладзечанскім раёне.
Тым больш што 2016-ы абвешчаны ў краіне Годам культуры, а наш горад займеў статус культурнай сталіцы Беларусі.

 

Нас выбраў Гарадок

Ліна Іосіфаўна – вядомы ў рэспубліцы мастак-кераміст. У Гарадок разам з мужам Францам Станіслававічам яна пераехала ў 2006 годзе. Да гэтага жыла і працавала ў Мінску.
— Новае месца жыхарства шукалі больш за два гады, — гаворыць субяседніца. — Давалі аб’явы, у пошуках варыянтаў аб’ездзілі ўсю краіну. Хацелі купіць хутар або дом на ўскрайку вёскі. А калі пабывалі ў Гарадку, адразу ў яго ўлюбiліся. Спадабалася ўсё: прырода, людзі, гісторыя.

Калі ўладкаваліся, пачалі запрашаць у госці сваіх калег-керамістаў, іншых творчых людзей, ладзіць пленэры, выстаўкі, майстар-класы. Аграсядзібу зарэгістравалі ў канцы 2013 года. З таго часу прынялі ўдзел у многіх творчых праектах, такіх як міжнародныя форумы «Гарадок і яго яўрэйская гісторыя», святкаванне Каляд і г.д. Вялікую дапамогу ў правядзенні розных мерапрыемстваў аказваюць супрацоўнікі Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау.

— Частыя госці на аграсядзібе – студэнты з Дортмунда, іншых населеных пунктаў Германіі, — зазначыла Ліна Іосіфаўна. — Гасцілі ў Гарадку таксама літоўцы, палякі, расіяне… Не забываем мы і пра сацыяльныя праграмы. Так, летась у нас адпачывалі каля 60 жанчын, якія сталі ахвярамі сямейнага насілля.

Па словах Ліны Цывінай, мясцовыя жыхары толькі выйгралі ад таго, што ў іх населеным пункце развіваецца аграэкатурызм. Дзякуючы культурным мерапрыемствам, якія праводзяцца на аграсядзібе, Гарадок стаў больш прыцягальным для турыстаў. Ды і самі людзі многае даведаліся пра гісторыю паселішча.

Ліна Цывіна ў школе-інтэрнаце №2 для дзяцей з парушэннямі зроку вядзе гурток керамікі. Сярод яе вучняў – Аліна Шчуцкая і Уладзіслаў Шульга.

Дарогамі памяці

— Краязнаўства – адна з «изюминок» нашай аграсядзібы, — працягвае Л. Цывіна. – Работа па захаванні гістарычнай спадчыны Маладзечаншчыны будзе працягвацца. Так, разам з гаспадарамі аграсядзіб «Панскі куток» (в. Вялікія Бакшты) і «Сава» (в. Дзякшняны) плануем стварыць турыстычны маршрут «Дарогамі штэтлаў». Наша мэта – расказаць гасцям раёна пра лёс даваенных мястэчак, прычым зрабіць гэта на прыкладах канкрэтных людзей. У выніку атрымаецца цікавая гісторыя краю ў асобах.
Даведка. Штэтл — невялікае паселішча з перавагай яўрэйскага насельніцтва. Да Другой сусветнай вайны штэтлы былі распаўсюджаны ва Усходняй Еўропе да так званай «мяжы аседласці». Асноўнай мовай была ідыш.

— Яшчэ адзін праект называецца «У зару цывілізацыі», — адзначыла Ліна Іосіфаўна. – Разлічаны ён на дзяцей і падлеткаў. На аграсядзібах «Традыцыі і сучаснасць» і «Панскі куток» юныя жыхары горада і раёна будуць вучыцца жыць у гармоніі з прыродай (раскладаць агонь, рабіць посуд з гліны і г.д.). Прадугледжана вялікая гульнявая праграма.

Творчасць — мара — крэатыў

— Будучым гаспадарам аграсядзіб раю спачатку скласці бізнес-план, знайсці аднадумцаў і паплечнікаў, вызначыць, хто паедзе да вас адпачываць, — падкрэсліла мастак-кераміст. – Карпаратывы і шашлыкі на ўлонні прыроды сыходзяць у мінулае. А вось майстар-класы і розныя трэнінгі ўсё больш запатрабаваныя. Людзі жадаюць спалучаць вучобу і адпачынак, займацца ў вольны час нечым карысным для сябе і грамадства. І гаспадары аграсядзіб павінны дапамагчы ім у гэтым.

Сярод іншых сакрэтаў поспеху – рэалізацыя культурных праграм і стварэнне агратурыстычных кластараў. Гэта асабліва актуальна для Маладзечаншчыны. У раёне назапашаны вялікі культурны патэнцыял, працуюць таленавітыя творчыя калектывы, многія рамеснікі праславіліся далёка за межамі нашай краіны. А статус культурнай сталіцы Беларусі яшчэ больш павысіць цікавасць турыстаў да Маладзечна.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх