Sunday, Jan 19th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы История, туризм Пра славутых ураджэнцаў Маладзечаншчыны

Пра славутых ураджэнцаў Маладзечаншчыны

E-mail Печать

Маладзечанскі край, зрэшты, як усялякі іншы рэгіён Беларусі, можа ганарыцца людзьмі, што пакінулі адметны след у гісторыі — абаранялі яго ад ворагаў, мацавалі стваральнай працай, праслаўлялі талентам…

Сёння супрацоўнік занальнага дзяржаўнага архіва ў Маладзечне Юлія АЎЧЫННІКАВА прапануе чытачам газеты яшчэ раз звярнуцца да адметных постацей у нашай гісторыі. Свой расказ аўтар суправаджае цікавымі архіўнымі дакументамі.

Музыка

Міхал Клеафас АГІНСКІ (1765-1883 гг.) – дыпламат, кампазітар і грамадскі дзеяч. У нашым горадзе Міхал Клеафас апынуўся ў 1814 годзе, калі пасля смерці дзядзькі згодна з завяшчаннем дзеда Тадэвуша Агінскага ўсе ўладанні перайшлі Міхалу.

Нам жа ў спадчыну Міхал Агінскі пакінуў каля 60 музычных твораў: вальсы, мазуркі, маршы, менуэты і каля 20 паланэзаў. Маладзечанцы ганарацца знакамітым суайчыннікам і шануюць яго памяць. Музычны каледж носіць імя Агінскага, ля будынка навучальнай установы ўстаноўлены помнік музыканту і кампазітару, адна з вуліц горада названа яго іменем.

На Маладзечаншчыне ў 60-я гады пазамінулага стагоддзя жыла Каміла Вінцэнтаўна АСІПОВІЧ (1837-1880 гг.) – піяністка, кампазітар, педагог, дачка знакамітага класіка беларускай літаратуры В.І. Дуніна-Марцінкевіча. Некаторы час яна жыла ў мястэчку Гарадок, дзе арганізавала школу для дзяцей беднаты, вяла асветніцкую дзейнасць сярод сялянства.

Маладзечанскі музычны каледж (раней – музычнае вучылішча) у свой час закончылі вядомыя кампазітары і выканаўцы. Сярод іх і народны артыст Расіі Юрый Міхайлавіч АНТОНАЎ. Менавіта ў нашым горадзе ён зрабіў першыя крокі на шляху прафесійнага кампазітара і спевака.

Заява Юрыя Антонава аб залічэнні ў музычнае вучылішча.

 

Сярод навучэнцаў музычнага вучылішча былі Алег Мікалаевіч ЕЛІСЕЕНКАЎ і Аляксандр Рыгоравіч ЦІХАНОВІЧ.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Экзаменацыйны ліст Алега Елісеенкава.

Іосіф СУШКО.

Іосіф Фаміч СУШКО (1928-2016 гг.) – беларускі кампазітар, мастацкі кіраўнік маладзечанскага ансамбля песні і танца «Спадчына», заслужаны работнік культуры Беларусі (1977), ганаровы грамадзянін Маладзечанскага раёна. Яго сувязь з Маладзечнам пачалася з паступлення на другі курс музычнага вучылішча. За творчыя заслугі І. Сушко атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

У музычным вучылішчы займаліся беларуская спявачка, заслужаная артыстка Беларусі, лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І. Глінкі, міжнароднага конкурсу «Новыя оперныя галасы» Людміла Якаўлеўна КОЛАС, заслужаная артыстка Беларусі, эстрадная спявачка Тамара Рыгораўна РАЕЎСКАЯ.
Калі гаварыць пра беларускае музычнае мастацтва, то абавязкова трэба нагадаць прозвішча Алены Віктараўны АТРАШКЕВІЧ – кампазітара, аўтара музыкі для дзіцячых спектакляў, песенных цыклаў, хароў і сімфоній. А. Атрашкевіч з’яўляецца кіраўніком эстраднай студыі «Спяваем разам» гарадскога Палаца культуры, выхаванцы якой неаднаразова станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

Літаратура

Расказваючы пра таленты Маладзечаншчыны, у першую чаргу прыгадваем Янку КУПАЛУ (сапраўднае імя Іван Дамінікавіч ЛУЦЭВІЧ, 1882-1942 гг.) – Песняра Беларусі, вядомага ва ўсім свеце паэта, драматурга, публіцыста, перакладчыка, грамадскага дзеяча, класіка беларускай літаратуры, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, народнага паэта Беларусі. Яго жыццё і творчасць непарыўна звязаны з Маладзечаншчынай.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Сёлета ў снежні будзе адзначацца 125 гадоў з дня нараджэння Максіма БАГДАНОВІЧА (1891-1917 гг.) – беларускага паэта, публіцыста, літаратуразнаўца, перакладчыка, класіка беларускай літаратуры, аднаго са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы. Пэўны час ён правёў у вёсцы Ракуцёўшчына, дзе стварыў цыкл вершаў «Старая Беларусь», паэмы «Вераніка», «У вёсцы», напісаў верш «Слуцкія ткачыхі». У Ракуцёўшчыне і цяпер расце «Максімаў сад», іменем паэта названы адна з вуліц горада і цэнтральная раённая бібліятэка.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Браніслаў Адамавіч ТАРАШКЕВІЧ (1892-1938 гг.) – беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, філолаг, літаратар, акадэмік, друкаваўся пад псеўданімамі Адам Навука, «Тарас на Парнасе», Я. Тарас, Тарас Язычнік, Тарас Навіна. Менавіта «сямейная» частка яго жыцця звязана з пасёлкам Радашковічы, дзе ён жыў у 1923-1931 гадах. У 1972-м на доме, дзе жыў Б. Тарашкевіч, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго іменем названы вуліцы ў Радашковічах і Маладзечне.

Аркадзь Дзмітрыевіч ЧАРНЫШЭВІЧ (1912-1967 гг.) – пісьменнік, аўтар зборнікаў апавяданняў для дзяцей і дарослых, рамана-хронікі «Засценак Малінаўка». Некаторы час, у 1954-1961 гадах, жыў на маладзечанскай зямлі, у пасёлку Радашковічы. Яго іменем названа адна з вуліц пасёлка, на доме, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.

ЯДВІГІН Ш. (сапраўднае імя Антон Іванавіч ЛЯВІЦКІ, 1868-1922 гг.) – пісьменнік, краязнавец, некалі працаваў памочнікам аптэкара ў Радашковічах, загадваў крамай-кааперацыяй. Асноўную частку жыцця правеў у фальварку Карпілаўка ля Радашковіч. Тут Янка Купала ў 1919 годзе чытаў яму камедыю «Паўлінка». «Гэта была для мяне вялікая падзея, таму што ўпершыню сутыкнуўся з чалавекам, які не толькі пісьменнік, якога друкуюць, але і піша па-беларуску», – пісаў пазней Янка Купала.

ЯДВІГІН Ш.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

У вёсках Гелянова і Мясата Маладзечанскага раёна жыў Аляксандр ТЫШЫНСКІ (1811-1880 гг.) – літаратуразнавец, крытык, празаік, аўтар «Гістарычнага нарыса асветы славян», рамана ў лістах «Амерыканка ў Польшчы» і іншых цікавых работ.

Пісьменніца і краязнавец Габрыэла Альбіна Адамаўна ПУЗЫНА (1815-1869 гг.) пасля замужжа жыла ў маёнтку мужа Гарадзілаве. Габрыэла трымала там літаратурны салон, які наведвалі знакамітыя асобы, збірала мастацкую калекцыю і бібліятэку. Адначасова была аўтарам многіх кніг паэзіі і прозы, дапамагала даследчыку Адаму Кіркору ў правядзенні археалагічных раскопак курганоў.

Апошнія гады жыцця правёў у Маладзечне, актыўна супрацоўнічаў з мясцовым друкам пісьменнік Пётр Іванавіч БІТЭЛЬ (1912-1991 гг.) – аўтар кніг, настаўнік, перакладчык з рускай, украінскай, нямецкай, польскай моў на беларускую твораў вядомых паэтаў і пісьменнікаў: Аляксандра Пушкіна, Сяргея Ясеніна, Баляслава Пруса, Адама Міцкевіча, Юльяна Крашэўскага, Аляксандра Твардоўскага і іншых.

У Маладзечне жыў і працаваў Мікола Фаміч КАПЫЛОВІЧ (1937-2000 гг.) – пісьменнік, краязнавец. Выступаў пад псеўданімамі Астражанскі, Мікола Капыл, Мікола Корч. Шмат друкаваўся на старонках маладзечанскіх перыядычных выданняў.

Валянцін ТАЎЛАЙ.

У пачатку Першай сусветнай вайны ў наш горад трапіў Янка ДАВІДОВІЧ (сапраўднае імя Iван Мiкалаевiч ДАВІДОВІЧ (1909-1976 гг.)  – педагог, дзеяч культуры, сябар Максіма Танка. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маладзечне і працаваў у адміністрацыйна-гандлёвай школе (у іншых крыніцах – інстытут). Дырэктарам школы працаваў яшчэ адзiн вядомы беларус – Барыс Уладзіміравіч КІТ – педагог, матэматык, фізік, канструктар амерыканскай ракетнай тэхнікі, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.

Валянцін Паўлавіч ТАЎЛАЙ (1914-1947 гг.) – паэт, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі ў час Вялікай Айчыннай. Пасля вайны – першы намеснік дырэктара Купалаўскага музея, непасрэдна прымаў удзел у аднаўленні хаткі Янкі Купалы ў Вязынцы. Яго іменем названа адна з вуліц горада Маладзечна.

 

 

 

Мастацтва

Жыла і працавала ў нашым горадзе жывапісец і графік Ядвіга Іосіфаўна РАЗДЗЯЛОЎСКАЯ (1902-1992 гг.) – заслужаны дзеяч культуры Польшчы, у 1960-1970-я гады выкладала ў маладзечанскай студыі выяўленчага мастацтва, Доме народнай творчасці. Працавала ў жанры партрэта, краявідаў, нацюрморта. Жыла ў горадзе па вул. Савецкай (цяпер Віленская).

Жыў і працаваў у Маладзечне мастак, графік, партрэтыст Юрый Паўлавіч ЕРАСІМЕНКА-ЖЫЗНЕЎСКІ (1948-1997 гг.) – удзельнік рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставак, дыпламант рэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсаў кнігі. Мастак iлюстраваў кнігі Якуба Коласа, Васіля Віткі, Васіля Быкава і інш. Яго работы знаходзяцца ў розных музеях свету, у прыватных калекцыях.

Гісторыя і краязнаўства

Мікола ЕРМАЛОВІЧ (Мікалай Іванавіч ЕРМАЛОВІЧ, 1921-2000 гг.) – гісторык, крытык, публіцыст, паэт. У 1947 годзе пасля заканчэння педінстытута быў накіраваны ў Маладзечанскі настаўніцкі інстытут, дзе выкладаў беларускую літаратуру. Вынікам яго даследчай дзейнасці з’явіліся вялікія гістарычныя нарысы. Мікола Ермаловіч з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Кастуся Каліноўскага, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. На скрыжаванні вуліц Вілен-
скай і Валынца ўстаноўлены мемарыяльны знак гісторыку.

Вялікую работу па вяртанні з небыцця імёнаў знакамітых маладзечанцаў, воінаў-вызваліцеляў Маладзечаншчыны і тых, хто звязаў свой лёс з нашым краем, вяртанні забытых старонак гісторыі праводзіў Вячаслаў Антонавіч ЛЯШКОВІЧ (1924-1997 гг.) – заслужаны работнік культуры, аўтар кніг «Помнікі гераізму і славы Маладзечаншчыны», «Камень пры дарозе», «Найдаражэйшы скарб». Па яго ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле ўстаноўлены дзясяткі розных помнікаў.

Жыў і працаваў у Маладзечне заслужаны работнік культуры Расціслаў Фёдаравіч ГЕРАСІМОВІЧ (1938-2009 гг.). Свой працоўны шлях пачынаў старшым навуковым супрацоўнікам Мінскага абласнога краязнаўчага музея, затым 40 гадоў быў дырэктарам занальнага дзяржаўнага архіва ў Маладзечне.

Адным з цэнтраў, у якім працавалі і вучыліся таленты беларускай культуры, з’яўлялася ў свой час Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. Сярод яе навучэнцаў можна вызначыць iмёны тых, без каго немагчыма ўявiць культуру беларускага народа. Гэта паэт, грамадскі і культурны дзеяч Міхась Чарот (сапраўднае імя Мiхась Сямёнавiч Кудзелька), мовазнавец, празаік, публіцыст, палітычны і грамадскі дзеяч, дзядзька Якуба Коласа Язэп Юр’евіч Лёсік, фалькларыст, спявак і лібрэтыст Канстанцін Пуроўскі, акцёр трупы Першага беларускага тэатра пад кіраніцтвам Ігната Буйніцкага Дзяніс Крывадубскі, пісьменнік Леанід Савянок, педагог і пісьменнік Касьян Вясёлы (сапраўднае імя Вікенцій Язэпавіч Аўдзей), асветнік, педагог, этнограф і фалькларыст Мікалай Нікіфароўскі, педагог, культурны дзеяч, паэт Канстанцін Вераніцын, мастак і педагог Павел Южык, спявак, выканаўца славянскіх і іншых песень, педагог Міхась Iванавiч Забэйда-Суміцкі, спявак, акцёр і грамадскі дзеяч Вячаслаў Антонавiч Селях-Качанскі.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх