Tuesday, Sep 17th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы История, туризм Памяць скрозь прызму часу

Памяць скрозь прызму часу

E-mail Печать

Знак ганаровага грамадзяніна Маладзечанскага раёна ўрачыста ўручаны ў Палацы культуры кіраўніку клуба «Пошук» настаўніцы рускай мовы і літаратуры СШ №5 Лідзіі Князевай.


Пачэснае званне Лідзія Князевай прысвоілі за асабісты ўклад ва ўвекавечанне памяці савецкіх грамадзян, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, вялікую работу па патрыятычным выхаванні моладзі, фарміраванні духоўных каштоўнасцей у жыхароў Маладзечаншчыны.

 

Лідзія Князева пасля ўзнагароджання.

Урокі будучай настаўніцы

У наш горад Лідзія Барысаўна прыехала з Ніжагародскай вобласці 40 гадоў таму. Працаваць у педагогіцы яна марыла з дзяцінства, з задавальненнем гуляла з равеснікамі «ў школу» і была захоплена работай настаўніцы пачатковых класаў Анастасіі Сучковай, якая жыла па суседстве. Яшчэ больш Лідзія пераканалася ў выбары будучай прафесіі, калі апынулася сярод яе вучняў.

— Я так любіла назіраць, як яна чырвоным стрыжнем выпраўляе ў сшытках памылкі! Стракатыя чырвона-сінія лісты падаваліся надзвычай прыгожымі, — успамінае субяседніца. – Калі сама стала выкладчыцай, імкнулася ў многім быць падобнай на Анастасію Фёдараўну, якая была добразычлівай, патрабавальнай, уважлівай да вучняў.

Назаўсёды Лідзія Барысаўна запомніла і сваю настаўніцу рускай мовы і літаратуры Валянціну Старшову, якую любілі абсалютна ўсе дзеці.
— Толькі ўявіце, на ўвесь наш клас — а гэта 42 вучні – быў адзіны экзэмпляр «Вайны і міру» Льва Талстога. І мы ўсе яе прачыталі, перадаючы адзін аднаму, — вяртаецца ў сваю школьную пару субяседніца.

Усе так пачынаюць

Лідзія бліскуча вытрымала экзамены ў Арзамаскі педагагічны інстытут імя Аркадзія Гайдара. У час вучобы адбыўся яе першы ўрок у якасці настаўніцы, які яна да дробязей памятае і сёння.
— Я так хвалявалася, што пераблытала пяцікласнікаў з шасцікласнікамі, да якіх прыйшла на ўрок, і распачала тэму, прысвечаную байкам Івана Крылова. Але адзін вучань падняўся і сказаў: «Извините, Лидия Борисовна, мы уже это проходили в прошлом году. Но вы не переживайте – все так начинают». Я не разгубілася і хутка сарыентавалася ў школьнай праграме. Было вельмі прыемна, калі праз шмат гадоў гэты хлопчык прыслаў мне з Масквы віншавальную паштоўку з 8 Сакавіка. Дарэчы, ён стаў журналістам.   
У Маладзечна Лідзія трапіла па размеркаванні пасля заканчэння педінстытута. Да гэтага часу ў Беларусі яна ніколі не была і ведала пра яе хіба толькі па кнігах. Маладой настаўніцы прапанавалі месца працы аж у чатырох школах. Інтуітыўна яна выбрала СШ №5.

Вытокі пошукавай справы

У сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі стала прэстыжным ствараць школьныя краязнаўчыя музеі. Тагачасны кіраўнік СШ №5 Ананій Асіповіч прапанаваў Лідзіі паехаць у Мінск на спецыялізаваныя тэматычныя курсы.

— Мяне з юнацтва цікавіла гісторыя. Стрыечны брат Анатолій (ён кандыдат гістарычных навук, член Саюза архітэктараў Расіі, аўтар шматлікіх кніг) заўсёды гаварыў, што філолаг абавязаны ведаць гэты прадмет, — заўважае яна.

Пакрысе ў СШ №5 былі сабраныя матэрыялы пра саму школу, педагогаў, якія працавалі тут у розныя часы, а таксама пра мясцовыя станказавод, настаўніцкую семінарыю, канцлагер «Шталаг-342», што існаваў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Але ў пачатку 1990-х сістэму адукацыі захлынула новае веянне: у школах пачалі абсталёўваць кабінеты інфарматыкі. У СШ №5 для яго быў выбраны… музейны пакой. Сабраныя рарытэты разнеслі па іншых памяшканнях, якія ўрэшце згубіліся сярод папер. Адзінае, што зберагла Лідзія Барысаўна, – пісьмы былых вязняў «Шталага-342», а таксама сваякоў тых, хто быў тут закатаваны. Так узнікла ідэя стварыць клуб «Пошук».

«Вы очищаете себя перед Богом…»

Некаторыя пісьмы яна захавала да гэтага часу. Ёсць лісты ад былых вязняў Дзмітрыя Казарэзава з Кіргізіі, Валянціна Івансона з Латвіі, якія прыязджалі на сустрэчу да «пошукаўцаў». У спецыяльнай кнізе водгукаў клуба захаваліся таксама запісы шматлікіх гасцей з Сахаліна, Рэспублікі Саха, Сібіры… Шчырыя словы прызнання пакінуў заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь, аўтар мемарыяльных комплексаў «Хатынь», «Шталаг-342» і іншых знакавых помнікаў Леанід Левін. «Вы очищаете себя перед Богом…» — напісаў ён у сваім водгуку аб рабоце клуба. У СШ №5 знакаміты архітэктар прыязджаў у 2005-м і хацеў сустрэцца са школьнікамі праз 10 гадоў. На жаль, летась яго не стала.

За час існавання клуба Лідзія Барысаўна разам з вучнямі аднавіла 1723 імёны вязняў «Шталага-342» (у 2015-м -- 138-мі чалавек). У гэтай надзвычай карпатлівай рабоце былі задзейнічаны звыш 700 выхаванцаў. «Пошукаўцы» плённа супрацоўнічаюць з Дзяржаўнымі архівамі Расійскай Федэрацыі і Літвы, Міністэрствам унутраных спраў Расіі, урадамі Омскай, Іркуцкай і многіх іншых абласцей. Адгукаюцца на іх запыты і адпаведныя структуры ў нашай краіне, абласныя выканкамы, ваенныя камісарыяты, праваахоўныя органы, таварыства Чырвонага Крыжа, архівы. Усяго ў спісе тых, з кім даводзілася супрацоўнічаць, 82 пункты. А яшчэ сотні пісьмаў, адпраўленыя сваякам былых вязняў.

— Апошнім часам людзі ўсё менш пішуць пісьмы адзін аднаму. У маёй паштовай скрыні пісьмы кожны дзень! – гаворыць Лідзія Барысаўна.

Часам сярод былых вязняў знаходзяць сваіх продкаў і самі выхаванцы «Пошуку». Аб такіх фактах у сем’ях іншым разам нават не ведаюць. Шмат гадоў адшуквала роднага дзядзьку і Лідзія Барысаўна. Ёй удалося ўстанавіць месца яго пахавання – гэта брацкая магіла ў польскай Сакулцы.

Вернем імёны героям

У нашай краіне гэта адзіны пошукавы клуб па аднаўленні імёнаў былых вязняў. Прычым школьнікі вывучаюць гісторыю не толькі «Шталага-342», але і канцлагера «Шталаг-352» (так званы лясны лагер), які быў размешчаны каля тады яшчэ вёскі Масюкоўшчына Мінскай вобласці. Некалькі гадоў таму з Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у «Пошук» перадалі матэрыялы па нямецкім канцлагеры «Цайтхайн», дзе былі закатаваны 15 тысяч савецкіх ваеннапалонных. Шэраг імёнаў ужо ўдалося аднавіць.

Гісторыю кожнай сям’і Лідзія Барысаўна прапускае праз сябе. І штораз уяўляе сябе на месцы тых, хто шукае сваякоў. Нават нярэдка бачыць іх у снах. У няпростай пошукавай рабоце ёй дапамагае муж, які даўно прывык да таго, што трэба кагосьці сустракаць на вакзале сярод ночы. Госці, як правіла, размяшчаюцца таксама ў іх дома.

— Вельмі часта з тымі, хто прыязджае пакланіцца памяці блізкіх, якія загінулі ў «Шталагу-342», мы знаёмімся на вакзале ў Маладзечне ці Мінску і дзіўным чынам пазнаём адзін аднаго з першага позірку, — гаворыць Лідзія. – Вельмі ўзрушыла гісторыя адной сям’і са Свярдлоўскай вобласці. Дзве сястры (адной было ўжо за 80) прыехалі пакланіцца памяці свайго бацькі. Старэйшая напісала яму пісьмо і прачытала каля шыльды з яго прозвішчам, замацаванай у «Шталагу-342». Жанчына расказала аб тым, як цяжка давялося ў жыцці іх маці, як склаўся лёс іх дзяцей, унукаў, праўнукаў. Здаецца, гэта была размова з жывым чалавекам…

Дарэчы, да 11 красавіка — Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў — там зноў установяць шыльды, дзе будуць пазначаны імёны яшчэ 175 палонных, якія ўдалося аднавіць «пошукаўцам» на працягу гэтага навучальнага года.

Жыхарка Астаны Тлевужан Амарава прыязджае з Казахстана, каб пакланіцца апошняму прытулку свайго бацькі Тулеша Амарава. Летась разам з бабуляй упершыню прыехала ў Маладзечна яе ўнучка Маржан Ільясава.

Сэнс жыцця

Выхаванцы клуба прымаюць удзел у краязнаўчых конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях, у тым ліку міжнародных. У іх скарбонцы дзясяткі дыпломаў і грамат. Аўтарскі праект Л. Князевай «Безыменным героям вернем імёны» выйграў грант у 1719 еўра ў конкурсе, арганізаваным у 2009 годзе нямецкім фондам «Памяць. Адказнасць. Будучыня». Гэтыя грошы пайшлі на стварэнне клуба «Цёплыя сустрэчы» для былых малалетніх вязняў канцлагераў, ветэранаў педагагічнай працы, пажылых людзей. З цягам часу ён быў ператвораны ў новы праект «Сям’я скрозь прызму часоў», дзейнасць якога накіраваная на цесную сувязь і пераемнасць пакаленняў. Летась Лідзія Барысаўна ініцыявала чарговы праект «Каб старасць была ў радасць», які таксама прапагандуе сямейныя каштоўнасці.

Л. Князева выдала тры брашуры – па архіўных матэрыялах, сабраных удзельнікамі клуба «Пошук» пра «Шталаг-342», а таксама па ўспамінах сваякоў вязняў канцлагера і былых малалетніх вязняў. Але ў яе дастаткова матэрыялу для напісання паўнавартаснай кнігі.

— Мне проста няма на гэта часу. Лёс незнаёмых людзей стаў для мяне сэнсам жыцця. Я хачу як мага больш аднавіць імёнаў тых, хто бязвінна загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, — патлумачыла Лідзія Барысаўна.

Ірына РАБУШКА.
Фота: Аляксей ПЛАТКO, Юліі ШАБЛОЎСКАЙ.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх