Tuesday, Jun 25th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы История, туризм Падзеі 1968-га, 1992-га і 2004-га. Пра што пісала «Маладзенчанская газета»

Падзеі 1968-га, 1992-га і 2004-га. Пра што пісала «Маладзенчанская газета»

E-mail Печать

1968-ы, 1992-ы і 2004-ы былі таксама, як і 2016-ы, гады Малпы. Чым жыла краіна і Маладзечанскі раён. Гартаем падшыўкі старых газет.

 

 

1968: 40 тысяч баянаў «Беларусь» і Лебедзеўская капэла  ў Маскве

У 1968-м пра год Малпы ніхто не ўспамінаў: кітайскі каляндар тады не быў у модзе. Затое ў савецкім календары адзначалася знакавая дата – 50-годдзе БССР. З гэтай нагоды ў Мінск прыехаў Генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў і ўручыў рэспубліцы ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі. Цэлы год большасць старонак нашай газеты прысвячалася працоўным перамогам да юбілею. Хлебаробы абавязаліся вырасціць небывалы па тых часах ураджай – 19 цэнтнераў з гектара. Наша газета аб’явіла да знамянальнай даты конкурс на лепшыя верш, нарыс, п’есу. Галоўная прэмія была 25 рублёў — па тых часах немалыя грошы. Нумар газеты, да прыкладу, каштаваў 2 капейкі.

У Маладзечне ўзводзіліся новы будынак СШ №1 (на той час у горадзе  было 8 школ, у якіх займалася 7 тысяч вучняў), завод металаканструкцый, аўтавакзал. Паведамлялася аб пачатку будаўніцтва зоны адпачынку на Ушы: раку павінны былі расшырыць да 70 метраў, уладкаваць пляжную зону. На жаль, гэтага мы так і не дачакаліся… Прадукцыя мясцовых прадпрыемстваў была вельмі запатрабаванай. Станказавод пастаўляў станкі ў 40 краін свету, фабрыка музычных інструментаў выпусціла за юбілейны год 40 тысяч баянаў «Беларусь». Квітнела культура: працавалі ГДК, ДК чыгуначнікаў, клуб будаўнікоў, два кінатэатры, бібліятэкі. Сюды прыязджалі артысты з самой Масквы, напрыклад, кампазітар Салаўёў-Сядой, актрыса Валодзіна. Лебедзеўская харавая капэла пакарала сталіцу СССР — выступала на ВДНГ. У кінатэатрах ішлі культавыя фільмы таго часу: «Шчыт і меч», «Фантамас», «Анжаліка і кароль», «Чынгачгук – Вялікі змей».

Зіма ў 1968-м была халоднай і снежнай. У магазінах было прададзена 2 тысячы пар лыж, у пунктах пракату горада прапаноўваліся 100 пар лыж і 70 канькоў.

Любы чытач мог паскардзіцца ў газету на тое, што яго не задавальняла ў савецкім жыцці. У магазіне вёскі Лялькаўшчына, напрыклад, завышалі цану на польскую гарэлку, у Хоўхлаўскай школе нясмачна кармілі вучняў, у мэблевых магазінах горада не было выбару, у Вытрапаўшчыне яшчэ былі дамы без электрычнасці… Выкрываўся спекулянт з Маладзечна, які закупляў у Вільні і перапрадаваў дэфіцытныя футры, плашчы, шапкі. Яму далі два гады турмы і канфіскавалі тавар. (Цяпер з яго атрымаўся б добры прадпрымальнік… ).

Хаця пасля вайны на той час прайшло 23 гады, многія сем’і не маглі адшукаць сваіх блізкіх, якія прапалі без вестак. У газеце расказвалася пра чуллівую сустрэчу праз 26 гадоў пасля расстання маладзечанца  Міхаіла Мядзвецкага са сваім бацькам Трафімам Лявонавічам.

І яшчэ адна цікавая сямейная гісторыя: на вяселле да сваёй дачкі Раі Марыя Чарнышова запрасіла курсанта ваеннага вучылішча Мікалая Ушакова, які выратаваў дзяўчыну, калі яна танула ў час купання. Героя адшукалі праз некалькі гадоў, атрымалася сустрэча ў стылі папулярнай тады тэлеперадачы «От всей души» з Валянцінай Лявонцьевай.

Падзеі, якія ў гэтым годзе ўсхвалявалі ўсю краіну, – гібель у сакавіку першага касманаўта Юрыя Гагарына, а таксама ўвод савецкіх войскаў у Чэхаславакію.

1992: мянялі «шыла на мыла», прывыкалі да «зайчыкаў», вучылі беларускую мову

Дэфіцыт тавараў, рост цэн, рыначная эканоміка – няпростыя перабудовачныя часы паўплывалі як на змест нашай газеты, так і на цану: па падпісцы яна каштавала 9 капеек, у розніцу – 15. На першай старонцы змяшчаліся аб’явы і віншаванкі. Вельмі папулярнай была рубрыка «Шыла на мыла», аб’явы ў якую спачатку прымаліся бясплатна. Былі вялікія праблемы з газетнай паперай, рэдакцыя нават звярталася да тых, хто мог бы стаць пасрэднікам у яе набыцці. Жыхары рэгіёна смела выказвалі ў газеце сваю незадаволенасць ростам цэн, увядзеннем купоннай сістэмы. У адным з нумароў друкавалася інструкцыя аб тым, як карыстацца купонамі на тавары. Цікава, што гэты нумар каштаваў у розніцу нашмат даражэй – цэлы рубель. Бадай самымі цікавымі сярод аб’яў былі шлюбныя. Напрыклад, адзінокія французы шукалі сабе жонак на прасторах СНД. Каб атрымаць адрас французскага жаніха, агенцтву трэба было заплаціць 25 рублёў плюс 15 рублёў за пераклад ліста. Адкрылася «жалезная заслона», і многія з нашых суайчыннікаў падаліся пакараць замежныя краіны.

На фота - выкладчыца геаграфіі і біялогіі СШ №12 Людміла Полаз
стала пераможцам конкурсу «Настаўнік года — 1992».

А па тэлевізары ішлі бясконцыя серыялы «Санта-Барбара» і «Богатые тоже плачут». «Нам бы іх праблемы!» — гаварылі тэлегледачы, бо горад жыў ва ўмовах жорсткай эканоміі: на 50 працэнтаў было скарочана вулічнае асвятленне, на 5-15 працэнтаў зніжана тэмпература гарачай вады ў цепласетках. Паведамлялася, што ў студзені запас паліва на прадпрыемстве электрасетак быў толькі на 5-6 сутак работы. Але выкараскаліся, ацяпленне, памятаю, у тую зіму не адключалі.

Назіраўся магутны пад’ём нацыянальнай самасвядомасці, пачаўся перыяд адраджэння беларускай мовы. Праспект Леніна быў перайменаваны ў Вялікі Гасцінец, плошча Свабоды – у Старое Места. У камісію па перайменаванні вуліц уваходзілі гісторыкі, вучоныя Мікола Ермаловіч, Генадзь Каханоўскі. Мясцовыя чыноўнікі наведвалі курсы беларускай мовы, рыхтаваліся перавесці на яе ўсю дакументацыю.

Народным дэпутатам ад Маладзечна быў паэт Ніл Гілевіч, на канферэнцыю ў наш горад прыязджаў Васіль Быкаў. На старонках газеты пачалася падрыхтоўка да стварэння гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць», але для яе выхаду спатрэбіліся доўгія дзесяць гадоў. Нельга не адзначыць, што ўкладальніцай знакавай кнігі стала супрацоўніца рэдакцыі Любоў Карповіч.

А яшчэ ў гэты год назва нашага горада паляцела ў космас: быў запушчаны штучны спадарожнік зямлі «Радыё-М-І», у якім літара «М» азначала «Маладзечна». Гэты спадарожнік быў выраблены ў грамадскай лабараторыі касмічнай тэхнікі «Арбіта-2» пры гарадскім савеце ДТСААФ.

Запомніўся гэты год усім беларусам і тым, што ў маі яны ўпершыню патрымалі ў руках тагачасныя новыя беларускія грошы, якія ў народзе празвалі «зайчыкамі». Усё паўтараецца: зноў у год Малпы мы будзем прывыкаць да новых грошай…

2004: золата Параалімпійскіх гульняў, увядзенне ЦТ, аб’яднанне медыцыны

Як сведчыла наша газета, менавіта ў гэтым годзе пачаўся працэс аб’яднання гарадскіх і раённых структур. Першай стала медыцына: не адразу дэпутаты прынялі няпростае рашэнне. У гэты год у медыцынскіх установах было нямала наваселляў. З’явілася сучаснае прыёмнае аддзяленне ў цэнтральнай раённай бальніцы, аднавіў работу медвыцвярэзнік.

Менавіта ў 2004-м для выпускнікоў сярэдніх школ было ўведзена такое звыклае сёння цэнтралізаванае тэсціраванне, спачатку толькі па рускай ці беларускай мове на выбар. Яшчэ адно цікавае новаўвядзенне: летам у школы раёна завезлі звыш тысячы куранят-бройлераў, якіх там павінны былі выгадаваць і прадаць згодна з рашэннем аблвыканкама. Спачатку хацелі прымусіць гадаваць яшчэ 75 свіней, але ад гэтага ўдалося адбіцца. Вось такія рэаліі часу… Чаго толькі не навязвалі нашым школам, забываючыся аб тым, што яны ў першую чаргу павінны вучыць… 1 верасня ўсіх ускалыхнула трагедыя, якая адбылася ў Бяслане, дзе тэрарысты захапілі школу. Маладзечанцы выказвалі гарачыя пратэсты на старонках нашай газеты, усім горадам збіралі дапамогу сем’ям. Бяда аб’ядноўвае людзей…

І радасць таксама. Як свае ўласныя, успрынялі мы бліскучыя перамогі на XII Параалімпійскіх гульнях у Афінах маладзечанцаў Ігара Фартунава і Васілія Шапцібоя. Так што мінулы год Малпы быў для нас спартыўным. І ў культуры падзей было шмат. Наш горад наведаў міністр культуры Расіі Аляксандр Сакалоў з беларускім міністрам Леанідам Гулякам. Студыі «Спяваем разам», «Сонечныя праменьчыкі» і «Каскад» гарадскога Палаца культуры пабывалі на фестывалі ў Францыі.

Удачай года можна назваць выйгрыш жыхароў Чысці Віктара і Алены Семянчук – паездку на дваіх у Парыж, якая разыгрывалася сярод абанентаў сотавай сувязі «Сямёрачка».

Будзем спадзявацца, што і ў гэтым годзе Малпа прынясе ўсім нам удачу і стабільнасць, падорыць шмат незабыўных культурных і спартыўных падзей. А мы, журналісты «Маладзечанскай газеты», як і раней, будзем аператыўна інфармаваць вас аб жыцці раёна, разам з вамі ствараць гісторыю роднай Маладзечаншчыны.

Паважаныя чытачы!
Калі вы пазналі сябе на здымках, адгукніцеся! Мы абавязкова працягнем наш расповед, раскажам, як склаўся ваш лёс, як жывецца вам у новым тысячагоддзі. Тэл. 77-19-61.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў «Маладзечанскай газеты».

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх