Sunday, May 19th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы История, туризм Настаўнік гісторыі сабраў унікальныя здымкі і факты пра Лебедзева і выдаў кнігу

Настаўнік гісторыі сабраў унікальныя здымкі і факты пра Лебедзева і выдаў кнігу

E-mail Печать

Кніга «Лебедзеўская сага» — плён трыццацігадовай працы настаўніка гісторыі, загадчыка гісторыка-краязнаўчага музея «Спадчына» Лебедзеўскай сярэдняй школы Антона Апанасевіча.


Слова «сага» невыпадкова прысутнічае ў назве: на 260 старонках уваскрасае сівая мінуўшчына, усплываюць твары людзей, якія жылі тут стагоддзі таму. І ў той жа час значная частка аповеду прысвечана дню сённяшняму – сучаснай школе, аграфірме «Лебедзева», культавым установам. Безліч цікавых фактаў, постацяў землякоў, легендаў, дакладных гістарычных даных сабрана пад адной вокладкай. Асіліць такі пласт можа чалавек, які даўно і вельмі грунтоўна вывучае гісторыю сваёй малой радзімы, і не толькі ў архівах, бібліятэках, музеях, але і па расповедах старажылаў. «Бяру сшытак і ручку – і да людзей», — гаворыць гісторык і асабліва дзякуе за дапамогу Фёдару Семашкевічу і Антаніне Раманоўскай.

 

Благаславенне Барыса Кіта

Прадмову да кнігі напісаў вядомы вучоны Барыс Кіт, якому ў красавіку гэтага года споўнілася 106 гадоў. Упершыню Антон Апанасевіч патэлефанаваў вучонаму ў Франкфурт-на-Майне ў мінулым годзе. Нумар падказаў адзін з выдаўцоў і фундатараў кнігі — Аляксандр Валодзін, які меў стасункі з вядомым чалавекам. Калі Барыс Уладзіміравіч пачуў, што тэлефануюць з Лебедзева, узрадаваўся, вёў размову на чысцюткай беларускай мове, паабяцаў напісаць прадмову і тым самым вельмі падтрымаў аўтара. Пасля гэтага былі яшчэ званкі, і кожны раз вучоны радаваўся весткам з Беларусі. «Па волі лёсу частка майго жыцця была звязана з Лебедзевам. Працуючы выкладчыкам матэматыкі ў Баранавіцкім педагагічным інстытуце, я пазнаёміўся з ураджэнкай Лебедзева Нінай Іванаўнай Корсак, якая потым выйшла за мяне замуж. Калі пачалася вайна, я са сваёй сям’ёй знайшоў прытулак у мястэчку Лебедзеве. Гэта быў вельмі складаны перыяд у маім жыцці. Тут, у старажытным мястэчку, мне разам з яго жыхарамі давялося перажыць шмат трывог і няшчасцяў, страту знаёмых, сяброў і родзічаў. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці і небяспеку ў гэты перыяд майго жыцця, былі ў Лебедзеве і хвіліны радасці, напрыклад, нараджэнне майго старэйшага сына Уладзіміра. Лебедзева стала для мяне не толькі месцам часовага пражывання – яно мне дало магчымасць прыкласці свае веды і ўменні. Калі ў верасні 1941 года адкрылася мясцовая школа, мяне запрасілі выкладаць у ёй нямецкую мову і матэматыку. І сёння я добра памятаю працу ў школе, настаўнікаў, з якімі працаваў, многіх жыхароў Лебедзева і прагулкі за межамі мястэчка. Якраз з Лебедзева пачалося маё развітанне з Радзімай на многія дзесяцігоддзі. Хоць я жыў і працаваў далёка ад Беларусі, у маёй памяці родная зямля будзе заўсёды. Жадаю вам, дарагія лебедзеўцы, шчасця, росквіту, і каб усе беды абыходзілі вас!» — напісаў Барыс Кіт, якому Антон Антонавіч прысвяціў адзін з раздзелаў сваёй кнігі.

Прадмову да кнігі напісаў вядомы вучоны Барыс Кіт і пакінуў на ёй свой аўтограф.

Два Семашкевічы: паэт і мастак

Паэта, мовазнаўцу з Лебедзева Рыгора Семашкевіча землякі добра ведаюць. А вось пра таленавітага мастака Рамана Семашкевіча, карціны якога ёсць у Траццякоўскай галерэі, мала хто чуў. Антон Антонавіч пастараўся выправіць гэтую несправядлівасць, сабраў пра яго матэрыял, праілюстраваў здымкамі. Прыгадаў, што ў Лебедзеўскай царкве знаходзіцца фрэска «Прасвятая Тройца», якую стварыў мастак.
Не менш пазнавальны нарыс яшчэ пра аднаго земляка – вучонага Яўгена Шыраева, які жыве цяпер у Маскве. Ён – адзін з вынаходнікаў штрыхавога кадзіравання тавараў, што атрымаў распаўсюджанне ва ўсім свеце.

Імёны вядомых ураджэнцаў вёскі і тых, чый лёс звязаны з ёй, называе ў сваёй кнізе аўтар. Лебедзеўцы могуць ганарыцца, што тут быў Янка Купала, вучыліся вядомы краязнавец Генадзь Каханоўскі, Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Калачык, расійская оперная спявачка Тамара Супоніна, паэт Канстанцін Цыбульскі…

Першы даследчык гарадзішча

Антон Апанасевіч стаў першым даследчыкам Лебедзеўскага гарадзішча і селішча – старадаўніх паселішчаў, якія паралельна існавалі ў сярэднія вякі. Ён зрабіў іх гістарычную рэканструкцыю, апісаў форму, а яго вучаніца дызайнер Дзіяна Кобзун аформіла ў электронным выглядзе. Гэтаму папярэднічала праца ў архівах, расповеды старажылаў, уласныя даследаванні, вымярэнні месцаў, дзе размяшчаліся старажытныя пасяленні. У школьным музеі захоўваецца жалезная сякера, абразок з селішча – бясцэнныя гістарычныя экспанаты. Антон Антонавіч расказвае, што ў сярэднія вякі Лебедзева значылася ў Наўгародскім летапісе як прыватны горад. Між іншым, пра Маладзечна ў ім не ўпаміналася. Многія факты даюць падставу сцвярджаць, што Лебедзева ў тыя часы было больш буйным і значным населеным пунктам.

Антон Апанасевіч.

Здымкі друкуюцца ўпершыню

Шмат іншых цікавых адкрыццяў чакаюць чытачоў кнігі. Яны даведаюцца пра паходжанне назвы Лебедзева, з якім звязана таямнічая легенда. Старажылы казалі, што раней сяліба называлася Лебедзева Дно, узнікла яна на месцы вялікага возера.

Асобны раздзел прысвечаны знатнаму роду Свентажэцкіх, сядзіба якіх знаходзілася непадалёк, у вёсцы Маліноўшчына. У кнізе шмат здымкаў, многія з якіх друкуюцца ўпершыню. Каб апублікаваць некаторыя з іх, аўтару давялося браць дазвол у нашчадкаў паноў Свентажэцкіх, якія жывуць у Варшаве.

Лебедзеўскія самадзейныя артысты пасля выступлення. 1930 год.

Не абмінуў сваёй увагай даследчык і амаль 80-гадовую гісторыю Лебедзеўскай народнай харавой капэлы, якая пакарала сваёй творчасцю не толькі мясцовых слухачоў, але нават маскоўскую публіку. Гісторыя адукацыі, мясцовых храмаў, тэма Першай і Другой сусветных войнаў, лёс мясцовых яўрэяў, якіх тут у мінулыя стагоддзі жыло шмат, – пра ўсё гэта можна прачытаць у кнізе.

Лебедзеўскія пажарныя ў 1938 годзе. Пра лёс некаторых з іх Антон Апанасевіч распавядае ў кнізе.

Прысвячаецца землякам

Шмат гадоў Антон Антонавіч узначальвае школьны гісторыка-краязнаўчы музей, рыхтуе юных экскурсаводаў, якія дапамагаюць знаёміць з экспазіцыяй вучняў школы, яе гасцей. У мінулым годзе сюды завітаў рабін з Нью-Ёрка, карані якога – з гэтых мясцін. Прыязджалі прадстаўнікі Ізраіля, Швейцарыі. Людзі, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю, заходзяць у музей, падтрымліваюць стасункі з яго кіраўніком. Аднойчы тут пабываў і Алесь Квіткевіч, кіраўнік культурніцкай пляцоўкі «Беларуская прастора», які прапанаваў Антону Антонавічу напісаць кнігу, выкласці ў ёй самыя цікавыя і значныя факты з гісторыі самабытнага мястэчка. У сціслы тэрмін — за два месяцы – Антон Антонавіч падрыхтаваў матэрыял, і вось нядаўна «Лебедзеўская сага» накладам у 500 асобнікаў убачыла свет.

Яе прэзентацыя адбылася ў Ракаве сярод сяброў мастака і краязнаўцы Фелікса Янушкевіча. Аўтар атрымлівае ўжо першыя водгукі ад чытачоў. Асабліва прыемна, што цікавасць праяўляюць землякі, якім Антон Апанасевіч і прысвяціў сваю першую кнігу.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН, з кнігі «Лебедзеўская сага».

Комментировать:

Комментарии 

 
0 #1 Lissa 23.09.2016 08:15
Нядаўна купіла кнігу Лебедзеўская сага, так як часта бываю ў Лебедзеве, тут жывуць мае сваякі. Вельмі цікавыя факты, гісторыя гэтага мястэчка. дзякуючы Антону Антонавічу, я зусім іншымі вачыма гляджу цяпер на наша Лебедзева, на яго жыхароў. Вялікая праца руплівага чалавека.
Цитировать
 

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх