Sunday, Jan 19th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы История, туризм Месца трагедыі – Гарадок

Месца трагедыі – Гарадок

E-mail Печать

Адкрыты міжнародны форум «Сябры Гарадка: гісторыя, культура, памяць аб трагедыі» прайшоў у былым яўрэйскім мястэчку 22 чэрвеня.
Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў мясцовых улад, культурных, нацыянальных, адукацыйных і рэлігійных аб’яднанняў. Немалую цікавасць праявілі да яго і жыхары Гарадка. Ганаровымі гасцямі форуму былі памочнік Пасла Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь па сувязях з грамадскасцю Вера Дземідзенка і жонка паўнамоцнага Пасла ФРГ у нашай краіне Ілька Дэтмар.

У рамках мерапрыемства адбыліся мітынг, паказ і абмеркаванне дакументальных фільмаў пра гісторыю Гарадка і халакост. Госці пасадзілі алею памяці ля знака загінулым яўрэям, усклалі кветкі да помніка землякам, якія змагаліся з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай, адкрылі знак памятных месцаў Гарадка. Нікога не пакінула абыякавым выступленне хору былых малалетніх вязняў канцлагераў «Лёсы». Малітвы ў памяць ахвяр вайны прачыталі праваслаўны святар і яўрэйскі рабін.


— Сімвалічна, што форум праходзіць у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай, — адзначыла на мітынгу намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Іванько. – Роўна 75 гадоў таму пачалася самая жорсткая і крывавая вайна ў гісторыі нашага народа. Нацысты ператварылі Беларусь у жудасны канвеер смерці. На тэрыторыі рэспублікі яны стварылі звыш 260 канцлагераў і каля 110 гета. Адно з іх знаходзілася ў Гарадку. Мы заўсёды павінны памятаць пра тыя страшныя дні.

Да вайны ў Гарадку было 1,1-1,5 тысячы жыхароў, з іх каля тысячы — яўрэі. 11 ліпеня 1942 года, калі нацысты знішчалі гета, 36 чалавек уратаваліся. У партызанскіх атрадах супраць захопнікаў змагаліся звыш 50 яўрэяў — ураджэнцаў Гарадка.


Вера Дземідзенка ў сваім выступленні нагадала, што ў гады вайны на тэрыторыі Беларусі нацысты забілі звыш 800 тысяч яўрэяў. Аднак у перыяд акупацыі многія беларусы з рызыкай для жыцця ратавалі гэтых людзей, перапраўлялі ў партызанскія атрады. Былі такія і сярод жыхароў Гарадка.

— Захаванне гістарычнай памяці патрабуе пастаянных намаганняў і салідарнасці народаў усіх краін, — падкрэсліла выступоўца. — Для Ізраіля вельмі важна, што ў Беларусі ўшаноўваюць ахвяр халакосту.
На думку намесніка старшыні саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Галіны Левінай, такія мерапрыемствы вельмі запатрабаваныя ў грамадстве. Яны дазваляюць больш глыбока вывучыць, як жылі беларускія мястэчкі да 1941 года, якія ўзаемаадносіны былі паміж жыхарамі.

 

— Яўрэі пасяліліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі некалькі стагоддзяў таму, — падкрэсліла Г. Левіна. – Яны аказалі значны ўплыў на культуру краіны, узбагацілі яе гістарычную спадчыну. Таму халакост быў трагедыяй не толькі для яўрэйскага, але і для беларускага народа.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх