Sunday, Jul 21st

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы История, туризм Бывшие еврейские поселения Молодечненского района посетила международная экспедиция

Бывшие еврейские поселения Молодечненского района посетила международная экспедиция

E-mail Печать

Упершыню дарогамі штэтлаў прайшлі нядаўна ўдзельнікі краязнаўчай экспедыцыі па вывучэнні жыцця былых яўрэйскіх мястэчак Маладзечаншчыны. Маршрут пралёг праз Плябань, Краснае, Гарадок, Радашковічы.

 

Падарожнікі спыняліся таксама ў аграсядзібах «Традыцыі і сучаснасць» (ля Гарадка) і «Панскі куток» (недалёка ад Радашковіч).

Штэтлы -- так называліся месцы кампактнага пражывання яўрэяў да Другой сусветнай вайны.

— У экспедыцыі прымаюць удзел краязнаўцы, навуковыя работнікі, члены грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікі турыстычных кампаній, — гаворыць адна з арганізатараў праекта Інеса Ганкіна. – У падарожжа адправіліся як беларусы, так і грамадзяне Германіі, Украіны. Наша мэта – паказаць, што на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей заўсёды жылі ў міры і згодзе. Беларусы, палякі, яўрэі, татары ўзбагачалі культуру адзін аднаго, пераймалі традыцыі. Дзякуючы гэтаму наша краіна была адзінай з акупіраваных гітлераўцамі, дзе нацыстам не ўдалося справакаваць мясцовае насельніцтва на яўрэйскія пагромы.

Удзельнікі экспедыцыі ля помніка загінулым яўрэям у Красным. На гэтым месцы вясной 1943 года гітлераўцы расстралялі і спалілі звыш 2850 чалавек.



Субяседніца падкрэсліла, што праект не быў бы рэалізаваны без дапамогі гаспадыні аграсядзібы «Традыцыі і сучаснасць» Ліны Цывінай і іншых энтузіястаў.

Экспедыцыя рыхтавалася больш за год. Інфармацыі па тэме было шмат, але кожны факт, кожная лічба некалькі разоў правяраліся. Акцэнт у праекце зроблены не толькі на халакост (масавае знішчэнне яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны), але і на гаспадарчае, культурнае жыццё даваенных мястэчак. Таксама закранаюцца пытанні адукацыі ў былой Заходняй Беларусі.

— Населеныя пункты, праз якія праходзіць маршрут, маюць багатую гісторыю, — падкрэсліла калега Інесы Ганкінай Ірына Коваль. — Любы народ існуе да таго часу, пакуль шануе і падтрымлівае сваю самабытнасць. Адметнасць беларусаў у верацярпімасці, павазе да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, гатоўнасці абараняць Радзіму і дапамагаць іншым. Аб гэтым сведчыць праект «Дарогамі штэтлаў». Пра гэта заўсёды павінны памятаць нашы землякі.

Адным з пунктаў праграмы была сустрэча з жыхаркай Гарадка Валянцінай Мяцеліца і ўраджэнцам гэтага населенага пункта Вячаславам Шапавалам. Яны расказалі пра даваеннае жыццё сваёй малой радзімы і трагічныя падзеі, што адбываліся ў перыяд акупацыі.

Яўрэі пасяліліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі звыш шасці стагоддзяў таму. Да Другой сусветнай вайны месцы іх кампактнага пражывання называліся штэтлы. У такіх населеных пунктах былі свае культура, звычаі, традыцыі.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх