Sunday, Apr 21st

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Новости Год молодежи 13 жніўня – афіцыйны Міжнародны дзень ляўшы.

13 жніўня – афіцыйны Міжнародны дзень ляўшы.

E-mail Печать

Галоўная яго мэта – прыцягнуць увагу вытворцаў розных тавараў улічваць і іх патрэбы. А самая цікавая традыцыя – прапанаваць праварукім хоць крыху адчуць сябе «ў скуры» леварукіх — паспрабаваць левай рукой напісаць пісьмо, адкрыць бляшанку, зашпіліць гузікі на кашулі ды і проста парэзаць хлеб ці каўбасу.

Перавучваць не сталі. І не прагадалі

Віка Завадская, колькі сябе памятае, заўсёды малявала. Прычым аловак і пэндзаль трымала выключна левай рукой.
У школе настаўнікі не прымушалі яе ламаць тое, што дадзена прыродай. Яна не адчувала ніякага дыскамфорту, як і не лічыла сябе нейкай асаблівай: акрамя яе ў класе былі яшчэ тры ляўшы. Дарэчы, Віка гаворыць, што почырк у яе лепшы, чым у яе старэйшай сястры, якую перавучылі ў праўшу і цяпер яна шкадуе аб тым, што давялося распрацоўваць няўмелую правую руку, а левая пасля гэтага «забылася» свае ранейшыя навыкі.

Даследчыкі леварукасці сцвярджаюць, што вельмі часта такія людзі валодаюць неардынарнымі здольнасцямі. Тут дарэчы прыгадаць знакамітага Ляўшу Ляскова, які падкаваў блыху. Віка гэту тэорыю таксама пацвярджае: яна і дня не можа пражыць без творчасці. Ёй вельмі пашанцавала: адзінаццаць гадоў таму ў СШ №1 дзейнічалі класы з эстэтычным ухілам, і Віку ўзялі ў мастацкі. Яшчэ больш пашанцавала дзяўчыне з педагогам Вольгай Казунка, надзвычай таленавітым чалавекам. Яна ўмее захапіць сваімі ідэямі вучняў і не спыняецца ў творчым палёце, увесь час прыдумвае што-небудзь новае. Пад яе кіраўніцтвам дзеці асвоілі жывапіс, графіку, бацік, пап’е-машэ, выраб віншавальных паштовак. Паралельна Віка займалася ў гарадской мастацкай школе, атрымала дыплом. Яна і цяпер не расстаецца з пэндзлем. Нават у выпускным класе знаходзіла час, каб забегчы ў майстэрню да Вольгі Казунка і яе калегі Кацярыны Чырыца і дапамагчы ім у афармленні школьных інтэр’ераў, падрыхтоўцы да чарговага свята. У творчай скарбонцы Вікторыі дыплом рэспубліканскага конкурсу «ААН вачыма дзяцей», перамогі ў іншых конкурсах, удзел у выстаўках. Працуе яна ў розных тэхніках, як традыцыйных, так і сучасных. Валодае і майстэрствам роспісу па шкле. А нядаўна захапілася афармленнем фатаграфій: сама размалёўвае рамкі, фон, на які змяшчае здымак. Атрымліваюцца вельмі арыгінальныя падарункі.
На адным з яе пано змешчаны афарызм, якім юная мастачка кіруецца ў жыцці: ««Твой поспех залежыць ад твайго жадання быць паспяховым». Дзяўчына лічыць, што трэба абавязкова ставіць перад сабой мэту і ісці да яе. Яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «дызайн электронных і ВЭБ-выданняў». Віка спадзяецца, што дзякуючы вучобе, уседлівасці і вялікай зацікаўленасці будзе валодаць камп’ютарам гэтак жа віртуозна, як і пэндзлем.

Адной левай!

Лічыцца, што на Зямлі каля 10 працэнтаў насельніцтва планеты – ляўшы. Сярод іх маладзечанец Віталій Івашанка.

Псіхолагі перакананыя, што леварукія асаблівыя людзі: яны адораныя, творчыя, неардынарныя і наогул улюбёнцы лёсу. Нямногія ведаюць, што Цэзар, Македонскі, Напалеон, Рахманінаў, Бетховен, Чаплін, Эйнштэйн і многія іншыя знакамітасці былі ляўшамі. Наш зямляк лічыць сябе звычайным чалавекам. Хаця прафесія ў яго даволі рэдкая — Віталій працуе інкасатарам у маладзечанскім філіяле Беларусбанка.
— Сучасны свет створаны для людзей, якія ўсё робяць правай рукой. Пісьмовыя і кухонныя прылады, дзверы і замкі, камп’ютарныя мышы і шмат што іншае зроблена для праварукіх… — гаворыць субяседнік.
Хаця апошнім часам прасунутыя вытворцы сталі выпускаць шэраг тавараў, прызначаных спецыяльна для ляўшэй. Ёсць, напрыклад, ручкі, лінейкі, камп’ютарныя мышы, нажніцы, нават музычныя інструменты і спартыўныя тавары, якімі ім карыстацца больш зручна. Праўда, нашы землякі пакуль могуць убачыць іх хіба толькі ў сусветным павуцінні ці ў час замежных вандровак.
Цікава, што старэйшая сястра Віталія таксама ляўша. У пачатковых класах настаўнікі нават спрабавалі адвучыць Алену пісаць левай рукой (як вядома, такое практыкавалася ў савецкіх школах). Брата гэта не закранула.
З дзяцінства і да нашых дзён сябры, знаёмыя і нават незнаёмцы нярэдка пытаюцца ў Віталія, што ён умее рабіць і правай, і левай рукой. На асабліва важных сустрэчах малады чалавек стараецца «маскіравацца», каб не прыцягваць на сябе залішнюю ўвагу. Напрыклад, ён навучыўся вітацца і есці правай рукой. Аднолькава добра абедзвюма рукамі ён лічыць грошы. А жонка сцвярджае, што стравы, прыгатаваныя мужам-ляўшой, асабліва смачныя.
Па меркаванні Віталія, выдатна быць леварукім спартсменам. Маўляў, гэта заўсёды моцныя сапернікі, у чым пераканаўся на ўласным вопыце. Доўгі час ён займаўся лёгкай атлетыкай, хаця ўрэшце вырашыў пайсці па іншым шляху. Па службовых абавязках Віталій выдатна абыходзіцца са зброяй і метка страляе з пісталета і правай, і левай рукой. Упэўнена адчувае сябе і за рулём аўтамабіля. Цікава, што сярод інкасатараў Беларусбанка ён не адзіны ляўша.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Ірына РАБУШКА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх