Wednesday, Jul 24th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Новости Год культуры «...І сонца падарыць усім пры дапамозе слоў»

«...І сонца падарыць усім пры дапамозе слоў»

E-mail Печать

Маладзечанцы аднымі з першых ушанавалі і павіншавалі з прысваеннем Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор паэзіі» паэта са Смаргоншчыны Мар’яна Дуксу.


У Рагачове адбылося рэспубліканскае свята з нагоды Дня беларускага пісьменства. На ім былі агучаны імёны лаўрэатаў другой Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Асабліва радасна было ўбачыць сярод іх прозвішча нашага суседа-земляка Мар’яна Дуксы, ураджэнца Мядзельшчыны, які шмат гадоў жыве ў вёсцы Солы Смаргонскага раёна. Тут ён працаваў у школе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара. Тут нарадзіліся яго вершы, зборнікі, у тым ліку і апошні «Птушка вечнасці – душа», які выйшаў у 2015 годзе і быў удастоены Нацыянальнай прэміі. У яго ўвайшлі творы, напісаныя за апошнія дзесяцігоддзі. Іх вызначаюць высокая духоўнасць, філасафічнасць, абвостранае пачуццё часу. І надзвычай прыемна, што творчасць паэта так высока ацэнена на дзяржаўным узроўні.

Літаральна праз некалькі дзён у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшла творчая сустрэча з Мар’янам Дуксам, а таксама з паэтэсай, журналісткай Алай Клемянок-Страшынскай, ураджэнкай Маладзечна, якая жыве ў Смаргоні, працуе ў раённай газеце «Светлы шлях». Паэтаў прадставіў маладзечанскі пісьменнік, краязнавец Міхась Казлоўскі, добры сябар творцаў.

Ала Клемянок-Страшынская распачала імпрэзу песняй на словы Мар’яна Дуксы, якія яна паклала на музыку. Таленавітая паэтэса, аўтар зборнікаў «Мяне яшчэ пашукаюць», «Не пускайце ў сэрца адзіноту», «Яны не ведалі мяне» і іншых мае і несумненныя музычныя, артыстычныя здольнасці, умее трымаць увагу слухачоў. Ала вяла з навучэнцамі політэхнічнага каледжа дыялог пра хараство роднай мовы і яе засмечанасць замежнымі словамі, пра пачуццё нацыянальнай годнасці, сэнс жыцця і простае чалавечае шчасце.

Дыялог працягнуў Мар’ян Дукса. У эксклюзіўным інтэрв’ю «Маладзечанскай газеце» ён падзяліўся ўражаннямі ад Дня  беларускага пісьменства, расказаў аб сваёй творчасці.

— Мар’ян Мікалаевіч, хто першым павіншаваў вас з прысваеннем Нацыянальнай літаратурнай прэміі?
— Яшчэ не даехаў да Рагачова, як патэлефанавала Ала Клемянок-Страшынская, напэўна, у інтэрнэце інфармацыю знайшла. Яе віншаванне было першым.

— Якую кнігу вы прывезлі з Дня беларускага пісьменства?
— Нам усім уручылі важкі томік «Добры дух дняпроўскай зямлі. Рагачоўшчына літаратурная», укладальнікам якога з’яўляецца Міхась Казлоўскі. Гэта кніга з серыі «Беларусь літаратурная» выдадзена спецыяльна да свята.

 

 

— А які наклад у вашай кнігі «Птушка вечнасці – душа»?
— На жаль, зусім невялікі – 300 экзэмпляраў. Безумоўна, усцешвае, што яна выйшла і ўдастоена Нацыянальнай прэміі. Лічу, што друкаванае слова мае вялікае значэнне, яно ўдасканальвае душу чалавечую, дапамагае яму распазнаць дабро і зло, адказаць на пытанне, дзеля чаго мы жывём, мітусімся, працуем. Але іншы раз мяне адольвае песімізм: ці дойдзе гэта слова да людзей? На жаль, патрэбу ў чытанні сёння маюць нямногія…

— З вялікім задавальненнем слухала вашы вершы – глыбокія, вобразныя, эмацыянальныя. І чытаеце вы іх вельмі артыстычна, пранікнёна. Скажыце, калі вы адчулі ў сабе імкненне «агучыць сцятую душу пры дапамозе слоў»? Калі быў надрукаваны ваш першы верш?
— Тады мне было гадоў пятнаццаць. Мой першы верш прысвячаўся жанчынам, ён быў апублікаваны ў мядзельскай раённай газеце да 8 Сакавіка. Цікава, што ў савецкія часы пісьменніцкі стаж налічваўся з дня друку першага твора. Я быў трэцякурснікам філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, калі выйшаў мой першы зборнік вершаў. На пятым курсе, у 1969 годзе, мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў.

— Між тым пасля заканчэння вы працавалі ў Сольскай школе, усё жыццё пражылі ў вёсцы. Не адчувалі сябе адарваным ад калег, ад літаратурнага жыцця? Ніколі не было жадання перабрацца ў сталіцу?

— Характар такі – не люблю для сябе прасіць. Заяву на атрыманне кватэры ў Мінску пісаў, гадоў дваццаць яна праляжала ў Саюзе пісьменнікаў. Васіль Быкаў у свой час угаворваў перабрацца ў Гродна, але Мінск для мяне заўсёды быў больш блізкім. Магчыма, у маладыя гады і не хапала інфармацыі. Гэта цяпер інтэрнэт дазваляе быць у курсе. А што тычыцца творчасці, то для яе месца жыхарства значэння не мае. На прыродзе думаецца, пішацца лепш. А правінцыялам сябе ніколі не адчуваў, меў трывалыя стасункі з сябрамі-літаратарамі.

— Вы пішаце вершы ад рукі ці набіраеце на камп’ютары?
— Толькі ад рукі! Для мяне дзіўна і нязвыкла пісаць на экране.

— Хто дапамагае вам рыхтаваць зборнікі да друку?

— Апошні зборнік набіраў на камп’ютары мой старэйшы сын Аляксандр, які выкладае матэматыку ў Сольскай школе.      

— Ала Клемянок-Страшынская праспявала на сустрэчы цудоўную песню на вашы словы. Скажыце, магчыма ёсць і іншыя песні?

— Я не вельмі актыўна прапаную свае вершы кампазітарам. У свой час Эдуард Зарыцкі па-
клаў на музыку мой верш «Зязюля радзімы», песня гучыць на Беларускім радыё.


— Вы штодня адчуваеце патрэбу пісаць?
— Думкі, назіранні занатоўваю пастаянна. А вершы пішуцца больш у асенне-зімовы перыяд.

— Што для вас галоўнае ў паэзіі і наогул у літаратуры?

— Каб у ёй не было дыдактыкі, голай маралі, якая чытачамі, асабліва маладымі, успрымаецца ў штыкі. Лічу, што мараль павінна быць упрыгожана, «загорнута» ў мастацкую тканіну, тады яна будзе больш эфектыўнай і блізкай для людзей. Дастаеўскі сказаў: «Прыгажосць выратуе свет». І я лічу, што гэта геніяльная думка.

Мар’ян Мікалаевіч Дукса нарадзіўся 5 красавіка 1943 года на хутары ля вёскі Каракулічы Мядзельскага раёна. Закончыў філалагічны факультэт БДУ. Жыве ў вёсцы Солы Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Член Саюза пісьменнікаў з 1969 года. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова, другой Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор паэзіі».

Вершы Мар’яна Дуксы рэгулярна друкуюцца ў «ЛіМе», «Полымі», «Маладосці», «Нёмане», «Нашай веры». Усяго выдадзена 17 кніг паэзіі, з іх чатыры для дзяцей, адна ў перакладзе на рускую мову. Вершы друкаваліся за межамі Беларусі ў перакладзе на рускую, украінскую, балгарскую, польскую мовы.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх