Sunday, Jul 21st

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Новости Год культуры Васількі і вышыванкі «Ракуцёўскага лета»

Васількі і вышыванкі «Ракуцёўскага лета»

E-mail Печать

Пад знакам трох юбілеяў прайшло традыцыйнае свята песні і паэзіі «Ракуцёўскае лета».

Першая дата самая вядомая – 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Другая менш на слыху: 100-годдзе з дня выхаду верша «Пагоня», які, пакладзены на музыку, гучаў на свяце. А трэцяя асабліва блізкая нам, маладзечанцам. Гэтым летам споўнілася 105 гадоў з таго благаславёнага Богам часу, калі паэт завітаў у фальварак Ракуцёўшчына да гасціннага гаспадара Вацлава Лычкоўскага. Адпачываў тут, наталяўся беларускасцю, пісаў вершы, якія ўвайшлі ў яго адзіны прыжыццёвы зборнік «Вянок». Дзякуючы руплівасці неабыякавых людзей больш за 20 гадоў таму тут створаны філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Фальварак Ракуцёўшчына», расце Максімаў сад, б’е з-пад зямлі Максімава крыніца. А пра тое незабыўнае лета 1911 года нам штогод нагадвае традыцыйнае свята песні і паэзіі.

Вось і на гэты раз паэты і мастакі, супрацоўнікі музеяў, барды і самадзейныя артысты, мясцовыя жыхары і госці з Мінска, Маладзечна сабраліся разам, каб аддаць даніну памяці Максіму Багдановічу. «Мяне асабліва ўсцешвае, што ў апошнія гады ў наш музей прыязджае шмат моладзі, якая імкнецца размаўляць па-беларуску, носіць кашулі-вышыванкі, цікавіцца гісторыяй і літаратурай», — гаворыць загадчыца філіяла «Фальварак Ракуцёўшчына» Настасся Сярболіна. Яна і сама да свята прыбралася ў беларускія народныя строі. З хлебам-соллю сустракала Настасся гасцей, сярод якіх пісьменнікі Людміла Хейдарава, Таццяна Нядбай, Юлія Цімафеева, Зміцер Арцюх, барды Алеся Сівохіна (яна вяла свята), Алесь Камоцкі, Вольга Акуліч, Кацярына Ваданосава і гурт «Птушыны вырай», Раман Абрамчук і гурт «Гарадскі вал» і іншыя.

Адкрыла свята намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Сакалоўская. З прывітальным словам звярнуліся да прысутных дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч, загадчыца літаратурнага музея Максіма Багдановіча Марыя Запартыка. Адметна, што на свяце прысутнічаў аўтар мастацкай канцэпцыі афармлення музея Максіма Багдановіча ў Мінску і «Фальварка Ракуцёўшчына» Эдуард Агуновіч, які за гэтыя праекты адзначаны Дзяржаўнай прэміяй. Былі і госці з замежжа. Сваячка гаспадароў фальварка Лычкоўскіх Маргарыта Пярова прыехала з Санкт-Пецярбурга. «Я ў гэты дзень такая шчаслівая, бо зноў убачыла радзіму сваіх продкаў», — сказала госця, трымаючы ў руках букет васількоў. Яна перадала музею ўспаміны Лявона Луцкевіча пра свайго дзеда Вацлава Лычкоўскага. Прысутнічала на свяце і сваячка сям’і Багдановічаў Вольга Дашкоўская.

Шмат прыгожых беларускіх песень выконвалі мясцовыя самадзейныя артысты з Красненскага і Маркаўскага дамоў культуры.


Юныя мастакі з народнай выяўленчай студыі «Вернісаж» Красненскага Дома культуры наладзілі ў час свята пленэр, малявалі ракуцёўшчынскія краявіды, а затым выставілі свае работы на суд гледачоў. Прыцягвалі ўвагу і вырабы народных умельцаў з раённага цэнтра рамёстваў. Кожны, хто прыйшоў на мерапрыемства, меў магчымасць бясплатна зайсці ў музей, пазнаёміцца з экспазіцыяй – гэтай традыцыі ўжо шмат гадоў.

«Свята атрымалася па-дамашняму цёплым і шчырым, многія прыйшлі сем’ямі, утульная ўладкаваліся ў цяньку, адпачылі, адкрылі для сябе нешта новае, — гаворыць Настасся Сярболіна і запрашае не толькі на святы, але і ў будні ў «Фальварак Ракуцёўшчына». — Мы правядзём для вас экскурсію, цэны ў нас вельмі памяркоўныя. Прыязджайце, бярыце з сабой дзяцей і не забудзьцеся захапіць томік вершаў Багдановіча. У Ракуцёўшчыне іх хочацца чытаць услых…».

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Дзмітрый КАНДРАЦЮК.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх