Tuesday, Jun 25th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Новости Год культуры Чароўных рук узмах – і песня паліецца

Чароўных рук узмах – і песня паліецца

E-mail Печать

У Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў адзначылі 45-годдзе творчай дзейнасці настаўніцы па харавым класе Вольгі Бялько.


Памятаеце казку пра царэўну, якая адным узмахам рукі будавала замкі, стварала іншыя дзівосы?

Гэта параўнанне ўзнікае, калі бачыш на сцэне Вольгу Паўлаўну.
Хор выстройваецца па струнцы, канцэртмайстар дакранаецца да клавіш. Усе погляды – на кіраўніка хору, а дакладней — на яе рукі. Вось яны выпісваюць у паветры складаныя дырыжорскія рухі — і ўсю прастору запаўняюць чароўныя гукі.  Кожны раз здзіўляюся: як такому можна навучыць дзяцей? Як зацікавіць іх вывучэннем песень на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай, лацінскай, стараславянскай мовах? А яшчэ навучыць прыгожым рухам, каб у кожнай песні хор жыў сваім жыццём, ствараў непаўторны міні-спектакль. Талент, прафесіяналізм, вопыт, працавітасць – складальнікі поспеху. І яшчэ нешта няўлоўнае, пра што цяжка сказаць словамі — энергетыка, прыродны дар ставіць, здавалася б, недасягальную мэту і пераканаць усіх, што яна рэальная…

 

Кіраўнік у кубе

Вольга Бялько – мастацкі кіраўнік трох калектываў: узорнага хору «Журавачка», народнага ансамбля выкладчыкаў ДШМ «Харашуха», хору хлопчыкаў «Пеўнікі». І ў кожнага з іх свой рэпертуар, свае перамогі ў самых прэстыжных конкурсах, як айчынных, так і міжнародных.

У 2013 годзе В. Бялько стала дыпламанткай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года» ў намінацыі «За адданасць прафесіі», яна мае шмат дзяржаўных узнагарод, была дэпутатам раённага, абласнога Савета дэпутатаў. Без удзелу яе калектываў не абыходзіцца ніводнае значнае мерапрыемства ў нашым горадзе. Пра ўсё гэта нагадала на ўрачыстасці нязменная і вельмі крэатыўная вядучая Людміла Раінчыкава – калега, сяброўка, надзейная памочніца ва ўсіх гастролях, паездках.

Як нараджаўся талент

«Якая сёння Вольга Бялько, мы добра ведаем. А вось як нараджаўся яе талент, як ішла яна да сваёй мары – пра гэта чулі нямногія. Давайце разам перагорнем яе альбом», — запрасіла прысутных вядучая. Дзякуючы яе цёплым сяброўскім каментарыям многія шмат новага даведаліся пра віноўніцу ўрачыстасці. Вось зусім маленькая Олечка, шостае дзіця ў сям’і, адзіная дачушка сярод пяцярых сыноў. Вось яна школьніца, якая марыла стаць такой вядомай спявачкай, як Людміла Зыкіна. Шчаслівыя імгненні вучобы ў нашым музычным вучылішчы, любімы педагог Анатолій Шунтаў, які першы разгледзеў у ёй здольнасці харавіка. Свае першыя ўрокі сальфеджыа яна давала ў Лебедзеўскай музычнай студыі, калі была студэнткай другога курса. А пасля заканчэння вучылішча амаль 20 гадоў кіравала ансамблем песні і танца «Усмешка» абласнога Палаца піянераў і школьнікаў, дзякуючы ёй калектыў атрымаў званне ўзорнага. Цікавы факт: яго салістам быў Аляксандр Дзяруга, які прадстаўляў наш горад у конкурсе маладых выканаўцаў на першым Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-1993».

Яшчэ адным знакавым чалавекам у лёсе Вольгі Бялько стала незабыўная Бэцці Аўдзеенка – былы дырэктар дзіцячай музычнай школы. Менавіта яна запрасіла Вольгу Паўлаўну працаваць у сваю ўстанову і, можна сказаць, дапамагла выйсці на новую арбіту. Выступленне на свяце ансамбля «Харашуха», хароў «Журавачка» і «Пеўнікі», вакальнай групы «Сюрпрыз» стала своеасаблівай творчай справаздачай, музычным падарункам і мастацкаму кіраўніку, і ўсім гледачам. З творчым юбілеем павіншавалі Вольгу Паўлаўну начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алеся Лукоўская, загадчык сектара культуры гэтага аддзела Тамара Дудзіч, начальнік фінансавага аддзела Таццяна Варывончык, былы рэдактар «Маладзечанскай газеты» Аляксандр Хазянін. Падзяку за плённую шматгадовую працу выказаў дырэктар ДШМ Уладзімір Яцыновіч. Былыя і сённяшнія вучні, іх бацькі жадалі юбілярцы творчасці, натхнення на доўгія гады. І, безумоўна, новых бліскучых перамог: хутка «Харашуха» едзе на фестываль у Эстонію, хор «Журавачка» прыме ўдзел у вялікім музычным форуме ў Германіі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ДЗІЦЯЧАЙ ШКОЛЫ МАСТАЦТВАЎ.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх