
— У пачатку кастрычніка на тэрыторыі цэнтральнага рэгіёна краіны адкрыўся сезон палявання на капытных, — гаворыць намеснік начальніка міжрайінспекцыі Пётр Цывілька. – Акрамя гэтага, працягваецца здабыча вадаплаўных, зайцоў і іншых трафеяў. Лясы і водна-балотныя ўгоддзі наведваюць сотні аматараў дзічыны. Кожны з іх павінен мець пасведчанне паляўнічага, адпаведную пуцёўку, квітанцыю і г.д. Адсутнасць неабходных дакументаў, паляванне за межамі агавораных участкаў, перамяшчэнне да месца палявання з расчахлёным і зараджаным ружжом, а таксама іншыя парушэнні экалагічнага заканадаўства лічацца браканьерствам і караюцца штрафам у памеры ад 20 да 50 «базавых».
Пётр Мікалаевіч адзначыў, што не менш за браканьераў-паляўнічых клопату інспектарам дастаўляюць нядобрасумленныя рыбаловы. Аматары лёгкай нажывы выкарыстоўваюць сеткі і іншыя забароненыя прылады. Некаторыя не выконваюць тэрміны вылаву або ловяць віды, якія ахоўваюцца дзяржавай. Такія факты былі зафіксаваныя на вадаёмах ля аграгарадка Палачаны, вёсак Крыніца і Насілава, на Вілейскім вадасховішчы, Заходняй Бярэзіне і г.д.
Так, нядаўна ля вёскі Краснае быў затрыманы жыхар раёна, які вылавіў чатыры асобіны ручаёвай стронгі (від занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь). Браканьер вымушаны быў заплаціць за нанесены прыродзе ўрон 14 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.
Каля 140 мільёнаў «старых» рублёў каштавалі жыхару Валожына 222 асобіны рыбы, здабытыя ў недазволены перыяд на Бярэзінскіх разлівах.
За выкарыстанне сеткі на вадаёме ля вёскі Насілава ў дачыненні да жыхара Дамашоў была распачата крымінальная справа. Цяпер браканьер шкадуе, што вылавіў незаконным спосабам тры дзясяткі карасёў.
— Жыхары горада і раёна павінны ведаць: заканадаўства забараняе не толькі выкарыстанне сетак пры лоўлі рыбы, але і продаж гэтых прылад, — падкрэсліў субяседнік. – Таксама нельга прадаваць свежую азёрную і рачную рыбу ў неўстаноўленых месцах. За гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Пётр Цывілька папярэдзіў жыхароў Маладзечаншчыны, якія нарыхтоўваюць дровы на корані, што перавозіць іх з лясной дзялянкі на падворак можна толькі пры наяўнасці ўсіх неабходных дакументаў. Аб’ём і від нарыхтаванай драўніны павінен адпавядаць тым, што ўказаны ў суправаджальных паперах. Напрыклад, нельга пад выглядам дроў выпісаць дзелавы лес або замест бярозы спілаваць сасну. Міжрайінспекцыя па ахове прыроды прыцягвае за гэта да адказнасці. І такія выпадкі ў раёне ўжо былі.
— Прыродныя багацці не бязмежныя. Вось чаму захаванне навакольнага асяроддзя – гарантыя ўстойлівага развіцця раёна, — зазначыў Пётр Цывілька.
Тэлефоны гарачай лініі:
8-017-390-00-00 — цэнтральны апарат інспекцыі,
77-82-93 — Маладзечанскае міжраённае падраздзяленне гэтага ведамства.
Інспектары правяраюць усе паведамленні аб парушэнні экалагічнага заканадаўства, нават ана-
німныя.
Алег БЯГАНСКІ.
Комментировать: