
Ці з'явіцца на маладзечанскім чыгуначным вакзале пункт абмену валюты, хто гаспадар у прыбіральні і ці можна трапіць туды бясплатна, прад'явіўшы білет.
Жыхар Маладзечна Уладзімір Абрамян расказаў пра сітуацыю, у якую трапіла яго пажылая мама на чыгуначным вакзале ў Маладзечне.
«Маёй маме 71 год. Яна ад’язджала ў Санк-Пецярбург, я прывёз яе на вакзал хвілін за 15 да прыбыцця цягніка. Цягнік Калінінград — Санкт-Пецярбург расійскі, таму мама пакінула беларускія грошы дома. Раптам яна выказала жаданне зайсці ў прыбіральню. Зайшла ў домік з шыльдай «WC» і адразу ж выйшла. «У чым справа?» — пытаюся. «У мяне няма беларускіх грошай, і мяне не пусцілі», — адказала яна. Цікава, а каб на месцы мамы быў чалавек, які трапіў у горад без суправаджэння або ўпершыню? Што рабіць тым, хто прыехаў з Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы? Чаму на вакзале, дзе няма кругласутачнага пункта абмену валюты, платны туалет? Чаму ён наогул платны ў такім важным грамадскім месцы, як вакзал? Хіба гэта гасціннасць?» — абураецца Уладзімір.
На правах арэнды
Як патлумачыў начальнік вакзала Аляксандр Савачкін, грамадскі туалет належыць станцыі Маладзечна, але яго арандуе ТАА «Сэрвісгенуя», зарэгістраванае ў Гродне. Працуе кругласутачна, правілы карыстання і тарыфы ўстанаўлівае арандатар.
— У кіраўніцтва станцыі няма магчымасці ўзяць на сябе значныя выдаткі па ўтрыманні туалета і зрабіць яго бясплатным. У першую чаргу таму, што станцыя Маладзечна — структурнае падраздзяленне Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі, — сказаў Аляксандр Аляксандравіч. — Большасць грамадскіх туалетаў на вакзалах краіны платныя. Да таго ж нашаму прадпрыемству даведзены план па аказанні паслуг насельніцтву і павышэнні даходнасці (а значыць, рэнтабельнасці і акупнасці), які мы павінны выконваць.
Цяпер на многіх вялікіх вакзалах, у магазінах функцыянуюць пакоі маці і дзіцяці. Па словах субяседніка, планам рэканструкцыі нашага вакзала такое памяшканне не прадугледжана.
Кіраўнік дадаў, што ён і яго падначаленыя заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу людзям, якія апынуліся ў складанай сітуацыі.
Дарэчы, на чыгуначным вакзале ёсць буфет і медпункт. Згодна з надпісамі на шыльдах, працуюць яны кругласутачна.
- У Пастанове Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь №102 ад 12.10.2015 г. утрымліваецца пералік месцаў, дзе абавязкова павінны быць грамадскія прыбіральні, аднак аб спагнанні платы за паслугі нічога не сказана. Таксама ў Пастанове гаворыцца, што «на аўтазаправачных станцыях, аб’ектах грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, у магазінах пры адсутнасці ў іх грамадскіх туалетаў павінен быць дазволены доступ грамадзян у службовыя прыбіральні».
Кліентаў лічыць электроніка
Работнік грамадскага туалета на вакзале патлумачыла, чаму жанчыну маглі не пусціць без
аплаты.
Справа ў тым, што на ўваходзе ў санітарнае памяшканне ўстаноўлена электронная сістэма пропуску і падліку кліентаў, якія праходзяць праз турнікет. Заведзена спецыяльная кніга, дзе касіры пасля заканчэння кожнай змены фіксуюць паказчыкі лічыльнікаў і запісваюць колькасць людзей, якія скарысталіся паслугай, а таксама ставяць свой подпіс. І грашовую выручку здаюць у адпаведнасці з данымі кнігі і абсталявання. Такім чынам, чалавек не можа прайсці праз турнікет, не аплаціўшы паслугу.
Білет — асаблівая нагода?
Некаторыя лічаць, што білет на цягнік дае права скарыстацца грамадскім туалетам бясплатна. Начальнік вакзала абверг гэта меркаванне, спаслаўшыся на Правілы перавозак пасажыраў.
Пра абмен валюты
Аляксандр Савачкін згодны, што пункт абмену валют абавязкова павінен быць (і ён існаваў раней). Пытанне яго арганізацыі ўключана ў праект канцэпцыі развіцця вакзалаў, які знаходзіцца на разглядзе ў вышэйшай арганізацыі. Канцэпцыя яшчэ не зацверджана, і пакуль рана гаварыць аб з’яўленні пункта. На сёння ў зале чакання ўстаноўлены банкамат «БПС-Банка», у якім можна аплаціць паслугі або зняць з карткі наяўныя беларускія рублі.
І на заканчэнне...
Вакзал — гэта такое месца, дзе павінны быць пітная вада і бясплатны туалет, лічыць Уладзімір Абрамян. Ён нават прапануе закласці ў кошт кожнага білета 5 капеек і вырашыць праблему такім чынам. Магчыма, прапанова не пазбаўлена сэнсу, аднак яе трэба адрасаваць кіраўніцтву чыгункі.
Лілія ЛІПНІЦКАЯ.
Комментировать:
Комментарии