Sunday, Apr 21st

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Темы Экология, благоустройство Палепшыць жыццё можам мы самі

Палепшыць жыццё можам мы самі

E-mail Печать

Больш за дзесяць праектаў па паляпшэнні жыцця горада і раёна прэзентавалі грамадскія актывісты Маладзечанскага раёна ў час спецыяльнага кірмашу. Арганізавалі мерапрыемства культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і школа маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA.

Сярод прадстаўленых ідэй – стварэнне музея выцінанкі ў вёсцы Мойсічы, арганізацыя танцавальных вечарын у грамадскіх месцах, правядзенне адукацыйных семінараў, прысвечаных гісторыі і культуры Беларусі, майстар-класы па народных рамёствах і г.д.

Адзін з праектаў — «Здаровы горад» — тычыўся развіцця інфраструктуры веласіпеднага спорту ў Маладзечне, а таксама стварэння дадатковых магчымасцей яго жыхарам бясплатна займацца фізкультурай на свежым паветры.
— На жаль, пакуль веласіпедысты ў межах горада адчуваюць сябе нязручна, — адзначыў аўтар праекта Андрэй Буслаўскі. – Не хапае велапарковак, на некаторых вуліцах занадта высокія бардзюры. Верагоднасць стаць удзельнікам або ахвярай ДТЗ у аматараў круціць педалі таксама даволі высокая.

 

Пра ўсе праекты чытайце тут.

Між тым адпаведная інфраструктура дазволіла б павялічыць мабільнасць маладзечанцаў, палепшыць экалогію і далучыць гараджан да здаровага ладу жыцця.

Андрэя непакоіць таксама тое, што ў нас вельмі мала даступных добра абсталяваных спартыўных пляцовак і спортгарадкоў. Амаль усе яны знаходзяцца на тэрыторыях школ, і трапіць туды вечарам або ў выхадныя практычна немагчыма.
— Дапамагчы вырашыць пытанні маглі б валанцёры. Трэба толькі, каб адгукнуліся неабыякавыя людзі, а адпаведныя дзяржаўныя арганізацыі пайшлі ім насустрач, — падкрэсліў А. Буслаўскі.

Аўтар праекта «Гарадок вядомы і невядомы» Аляксей Жахавец зрабіў стаўку на сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Вось ужо некалькі гадоў ён напаўняе і прасоўвае сайт, прысвечаны населенаму пункту.

— Інтэрнэт не мае межаў. Таму інфармацыя, размешчаная на сайце, даступная амаль усім. Далейшая «раскрутка» рэсурсу дазволіць прыцягнуць у Гарадок дадатковую колькасць турыстаў, — падкрэсліў аўтар.
А. Жахавец таксама мае на мэце вывучэнне гісторыі мястэчка, захавання прадметаў побыту, аднаўленне біялагічнай разнастайнасці рэчышча Бярэзіны і інш.

— Вельмі прыемна, што на Маладзечаншчыне столькі неабыякавых, ініцыятыўных людзей, якія не баяцца браць адказнасць за будучыню горада і раёна, — падсумаваў вынікі кірмашу старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. — Таксама радуе трапяткое стаўленне ўдзельнікаў да культурнай і матэрыяльнай спадчыны рэгіёна. Грамадскія актывісты разумеюць: развіццё краіны немагчымае без захавання традыцый беларусаў.

Падчас прэзентацый гледачы пазначалі баламі розныя аспекты праектаў. Па гэтых пазнаках будзе абраны пераможца "Кірмашу праектаў”.

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: budzma.by

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх