У якім балеце Чайкоўскага кветкі танцуюць вальс? Колькі кіпцюроў у кошкі? Што азначае слова «геральдыка»? Гэта, бадай, самыя простыя пытанні інтэлектуальнага конкурсу «Гульні розуму», які адбыўся ў цэнтралізаванай клубнай сістэме раёна.
Шырокі кругагляд, хуткая рэакцыя, лагічнае мысленне і пачуццё гумару – гэтыя і многія іншыя якасці неабходныя для перамогі ў падобных спаборніцтвах. І яны былі ў прадстаўнікоў каманды №6 «Філосафы» гімназіі №10, якая пасля васьмі раўндаў упартай барацьбы набрала найбольшую колькасць балаў. Капітан каманды Яўгеній Мялюк, Ангеліна Дземянкова, Ксенія Чалопула, Арцём Багнюк, Надзея Канановіч — адзінаццацікласнікі. У іх быў вопыт удзелу ў падобных інтэлектуальных гульнях у гімназіі. На міжшкольны ўзровень яны выйшлі ўпершыню і паказалі бліскучыя веды, зладжанасць, падтрымку адзін аднаго, за што і былі ўзнагароджаны кубкам, дыпломам і тортам. Загружанасць у гімназіі, падрыхтоўка да ЦТ, хранічны недахоп часу не перашкодзілі ім дастойна прадставіць сваю навучальную ўстанову. «Мы вельмі задаволены, што змянілі від дзейнасці, адарваліся ад заняткаў і атрымалі велізарны зарад бадзёрасці, усплёск станоўчых эмоцый!» — сказалі пераможцы.
Каманда №6 – пераможца: Ангеліна Дземянкова, Ксенія Чалопула, Яўгеній Мялюк, Арцём Багнюк, Надзея Канановіч.
Трэба сказаць, што ў іх было нямала дастойных сапернікаў. Выдатна гулялі каманды «Максімум» СШ №12, «Бабры» гімназіі №7. Добра паказалі сябе каманды СШ №14, №2, №5 і №1. Усе яны атрымалі дыпломы ўдзельнікаў і салодкія прызы.
Моманты конкурсу.
Упершыню ў цэнтралізаванай клубнай сістэме раёна адбылася інтэлектуальная гульня. Яе арганізатару і вядучай Дар’і Машко ўдалося адшукаць шмат цікавых пытанняў, стварыць на пляцоўцы атмасферу сумленнага саперніцтва. Шкада толькі, што групы падтрымкі ў каманд былі нешматлікія.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.
Комментировать: