
Наталля, дыпламаваны кіраўнік акадэмічнага хору, выкладчыца сальфеджыа, якая мела вопыт работы з дашкольнікамі, зусім не вагалася ў рашэнні. Хаця вельмі хвалявалася перад першай сустрэчай з асаблівымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі.
— Да гэтага часу ў мяне не было вопыту работы з сацыяльнымі сіротамі і цяжкахворымі дзецьмі. Перш чым заняцца дабрачыннасцю, я прачытала шмат літаратуры, кансультавалася з дасведчанымі педагогамі, — расказвае Наталля. – На жаль, у Беларусі няма ўстаноў адукацыі, дзе можна атрымаць прафесію аніматара. Хаця яе патрабуе само жыццё. У многіх краінах свету ёсць школы аніматараў, прычым у іх рыхтуюць спецыялістаў, якія могуць працаваць як з дзецьмі, так і з дарослымі. Пагадзіцеся, што ў так званага бальнічнага клоўна, пляжнага забаўніка ці арганізатара гульняў на святах абсалютна розныя задачы.
Абывацелі думаюць, што ў гэту сферу найчасцей прыходзяць прадстаўнікі творчых прафесій або студэнты, якія жадаюць падпрацаваць. Наталля з гэтым не згодная. Ва ўсялякім разе, сярод аніматараў, з якімі ёй даводзілася супрацоўнічаць, было нямала банкіраў, бухгалтараў, юрыстаў, часам сустракаліся педагогі. Але найперш гэта мамы, якія на ўласным вопыце разумеюць дзіцячыя радасці і беды. Нягледзячы на тое, што ў такіх аніматараў ёсць дакументы, якія дазваляюць працаваць у сферы забаў і зарабляць грошы, дабрачыннасцю яны займаюцца па поклічы сэрца.
Наталля -- мама дваіх сыноў – 10-гадовага Данілы і 2-гадовага Сцяпана. Прычым старэйшы ўжо дапамагае ствараць касцюмы для маміных выступленняў. Не застаецца ўбаку і галава сям’і. Анатолій (які, дарэчы, працуе ў сферы будаўніцтва) неаднойчы ператвараўся ў Дзеда Мароза.
«Я цябе люблю!» — для Наталлі гэта найвышэйшая пахвала ад хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзеці шчырыя ў сваіх пачуццях, падмануць іх немагчыма. Нядаўна яна пабывала ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзе таксама падарыла выхаванцам імгненні радасці. А цяпер разам з фатографам Таццянай Сафонавай рыхтуе фотапраект, мэта якога — пры дапамозе мастацтва паказаць, што дзеці з асаблівасцямі маюць права на паўнацэннае жыццё.
Ірына РАБУШКА.
Поўнасцю матэрыял змешчаны ў "МГ" за суботу, 29.10.2016.
Фота: архіў Наталлі ЛЯВОШКА.
Комментировать:
Комментарии