Saturday, Mar 23rd

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Новости 70-летие Победы Партызан, франтавік, міліцыянер

Партызан, франтавік, міліцыянер

E-mail Печать

Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы партызан і франтавік Васілій Дзюндзін нягледзячы на свой 90-гадовы ўзрост, чытае кнігі, складае вершы і ахвотна дзеліцца ўспамінамі.

 

 

— Калі нацысты занялі вёску Хоцімск Касцюковіцкага раёна, дзе жыла наша сям’я, мне было 16 гадоў, — гаворыць Васілій Фёдаравіч. – Акупантаў ненавідзеў, таму разам з чацвярымі таварышамі пайшоў у партызаны. Партызанскі атрад імя Суворава базіраваўся ў бліжэйшых лясах і прыносіў ворагу шмат непрыемнасцей. Народныя мсціўцы пускалі пад адхон нямецкія эшалоны, узрывалі рэйкі, нападалі на гарнізоны, ладзілі засады на дарогах. За адну аперацыю партызаны выводзілі са строю да двух кіламетраў чыгуначнага палатна. Такая дапамога Чырвонай Арміі была вельмі эфектыўнай. Асабліва ў час Сталінградскай бітвы, калі да фронту не даходзілі варожыя падмацаванні.

Субяседнік успамінае, што ў атрадзе ён спачатку падносіў боепрыпасы. Потым стаў удзельнічаць у дыверсіях. На заданні выдавалі кулямёт і 200-300 патронаў. Было страшна, але загады камандзіра не абмяркоўваліся.  

Пасля вызвалення родных мясцін восенню 1943-га Васілія Дзюндзіна прызвалі разведчыкам у дзеючую армію. Ветэран з баямі прайшоў усю Польшчу, вызваляў Варшаву. Пад Віслай быў моцна паранены (за 15 метраў ад яго ўзарваўся снарад). Наступствы той кантузіі нагадваюць пра сябе і цяпер. Перамогу герой нашага аповеду сустрэў у Берліне. Потым яшчэ два гады ахоўваў нямецкі завод па вытворчасці сінтэтычнага бензіну.      

— Калі вярнуўся на Радзіму, то па рашэнні камсамольскай арганізацыі чатыры гады працаваў судовым выканаўцам у Касцюковіцкім раёне і паралельна вучыўся, — працягвае Васілій Фёдаравіч. – Аператыўная абстаноўка тады была вельмі складаная. У насельніцтва захоўвалася многа зброі, у сельскай мясцовасці арудавалі банды марадзёраў, хапала розных жулікаў і іншых крымінальных элементаў. Аднак паступова правапарадак умацоўваўся. Паўсюдна наладжвалася мірнае жыццё.

У Маладзечна В. Дзюндзін прыехаў па партыйным прызыве пасля вучобы ў Магілёўскай школе КДБ. Працаваў оперупаўнаважаным аддзела па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай маёмасці, следчым. Наш горад у пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя яшчэ не залячыў раны вайны. Уцалелі толькі вакзал і некалькі іншых будынкаў. Супрацоўнікі МУС разам з сем’ямі жылі ў бараках. Затое работы хапала. Даводзілася расследаваць мноства заблытаных спраў.
Былыя калегі не забываюць свайго старэйшага таварыша, рэгулярна наведваюць яго, дапамагаюць. Апякае падпалкоўніка ў адстаўцы пярвічная арганізацыя ветэранаў Маладзечанскага аддзялення ўнутраных спраў на транспарце на чале з Сяргеем Васілевічам.    

— Цяпер у распараджэнні праваахоўнікаў самая сучасная тэхніка і абсталяванне. Да таго ж супрацоўнікі МУС маюць магчымасць пастаянна павышаць сваю кваліфікацыю, што таксама немалаважна. Аднак патрабаванні да міліцыянераў заўсёды былі і застаюцца высокімі, — падкрэсліў былы партызан і франтавік.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх