Wednesday, Jul 24th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Новости 70-летие Победы Пайшоў з жыцця маладзечанскі ветэран Павел Рыжкоўскі

Пайшоў з жыцця маладзечанскі ветэран Павел Рыжкоўскі

E-mail Печать

На 95-м годзе скончыўся зямны шлях удзельніка Вялікай Айчыннай вайны  Паўла Іванавіча Рыжкоўскага.
П. Рыжкоўскі нарадзіўся 22 чэрвеня 1922 года ў вёсцы Петрыкава Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1940-м закончыў сярэднюю школу і паступіў у Мінскі педагагічны інстытут. Аднак прыйшла павестка на ваенную службу. У Краснаярскай палкавой школе атрымаў спецыяльнасць авіярадыста першага класа. Ваяваў на Заходнім, Ленінградскім, Сталін-градскім, 1-м Украінскім, 1-м і 2-м Беларускіх франтах у якасці стралка-радыста, затым кіраўніка радыёслужбы палка цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў. Яго баявая біяграфія – гэта абарона Масквы, Ленінграда, Сталінграда, бітва на Курскай дузе, вызваленне Беларусі, Украіны, Польшчы.

Удзельнічаў у баях з Японіяй на Далёкім Усходзе. Лёс быў літасцівым да яго. Калі са зрашэчанага кулямі і асколкамі самалёта вылазіў радыст, цэлы і не паранены, камандзіры ўсклікалі: «Замоўлены!». А лётчыкі, адпраўляючыся на складаныя заданні, не раз прасілі даць у напарнікі Паўла, які быў своеасаблівым гарантам удалага зыходу палёту.

За мужнасць і адвагу П. Рыжкоўскі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, ордэнам Славы 3-й ступені, медалямі «За адвагу», «За абарону Масквы», «За абарону Ленінграда», «За абарону Сталінграда», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй», «За Перамогу над Японіяй», шматлікімі юбілейнымі медалямі.

У мірны час П. Рыжкоўскі стаў педагогам не толькі па прафесіі, але і па жыцці. Закончыў Мінскі педінстытут. Працаваў настаўнікам, завучам, дырэктарам Першамайскай сярэдняй школы Слуцкага раёна. Абіраўся сакратаром Слуцкага РК КПБ, старшынёй калгаса. За добрасумленную працу ўзнагароджаны медалём «За працоўную доблесць», шматлікімі Ганаровымі граматамі і падзякамі.

У 1987 годзе, ужо на пенсіі, пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Маладзечна і адразу ўліўся ў ветэранскі рух. Актыўна займаўся патрыятычнай работай сярод навучэнцаў і моладзі. Удзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах раённага маштабу, вызначаўся яркімі патрыятычнымі выступленнямі. Яму прысвоена званне «Ганаровы ветэран» Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. У мінулым годзе да ўсіх яго ўзнагарод дадаўся яшчэ медаль Міру, які Павел Іванавіч атрымаў у музеі Вялікай Айчыннай вайны ад Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна за асабісты ўклад у барацьбу з фашызмам, перамогу над японскімі агрэсарамі.

Глыбока смуткуем з прычыны смерці легендарнага ўдзельніка Вялікай Айчыннай, па баявым шляху якога можна вывучаць гісторыю вайны. Выказваем шчырае спачуванне радні і блізкім нябожчыка. Памяць пра Паўла Іванавіча Рыжкоўскага застанецца ў нашых сэрцах.

РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ.
РАЁННЫ САВЕТ ДЭПУТАТАЎ.
РАЁННЫ САВЕТ ВЕТЭРАНАЎ.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх