Sunday, Aug 25th

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Новости 70-летие Победы «Ну вось мы і сустрэліся, тата...»

«Ну вось мы і сустрэліся, тата...»

E-mail Печать

Збылася даўняя мара маладзечанкі Варвары Асіповіч: яна пабывала на магіле свайго бацькі,
які загінуў у 1945 годзе ў Германіі на Кюстрынскім плацдарме, і памалілася за спачын яго душы.

 

Нядоўгае шчасце

Усяго 6 месяцаў было маленькай Вары, калі яе мама Алімпіяда Іосіфаўна ў ліпені 1944-га праводзіла мужа Канстанціна на фронт. Пайшоў ён ваяваць добраахвотнікам, хаця яму як работніку чыгункі была дадзена бронь. Тады здавалася, што вайна вось-вось скончыцца. Але свой лёс не абмінеш. І год не прайшоў, як вясной 45-га ў дом Бобрыкаў у вёсцы Вяжуці прыйшоў франтавы «трохкутнік»: баявы таварыш адправіў удаве ліст Канстанціна і прыклаў свой кароткі аповед пра апошнія хвіліны жыцця салдата. У час прывалу Косця пабег па ваду, і яго напаткала куля варожага снайпера. А праз некаторы час у дом прыйшла пахаванка...

Алімпіядзе на той момант было ўсяго 20 гадоў. Паўтара года пражыла разам маладая пара. Варвара Канстанцінаўна трымае ў руках сумесную фатаграфію бацькоў і гаворыць, што мама часта ўспамінала тату. Гэта быў той самы выпадак: кахала яго аднаго, чакала з вайны ўсё жыццё, спадзявалася, што пахавальны ліст даслалі памылкова, а яе муж у палоне. Адмовіла суседу, які быў закаханы ў яе і  засылаў сватоў. Замуж больш не выйшла.

Алімпіяда і Канстанцін Бобрыкі не паспелі зрабіць сумеснае фота. Гэта пасляваенны фотамантаж.

Кропка на карце

Калі ўпершыню ўзнікла ідэя знайсці магілу таты, мая гераіня дакладна не памятае. Але час толькі падмацоўваў гэта жаданне. Падрасталі дачка і сын, адзін за адным нараджаліся ўнукі. Варвара Канстанцінаўна Асіповіч, педагог малодшых класаў, працавала ў СШ №11 і кожныя чатыры гады адпраўляла ў далейшае жыццё сваіх любімых вучняў, кожнаму аддавала часцінку сваёй душы. Сотні, а можа, тысячы сем’яў прайшлі перад вачыма настаўніцы. Яна прызнаецца, што з узростам жаданне пакланіцца магіле роднага чалавека, які даў ёй жыццё і паклаў пачатак яе ўласнай сям’і, стала мэтай.

Па даных ваенкамата, Канстанцін Сяргеевіч Бобрык загінуў 9 лютага 1945 года і быў пахаваны ў брацкай магіле ў горадзе Кюстрын (Германія). Такія ж звесткі ёсць у кнізе «Памяць. Маладзечна. Маладзечанскі раён». Варвара Канстанцінаўна неаднойчы спрабавала знайсці гэты горад на карце, звярталася да калег — настаўнікаў гісторыі і геаграфіі. Аднак пра нямецкі Кюстрын ніхто не чуў. А калі з’явіўся інтэрнэт, яна даведалася, што гэты маленькі гарадок знаходзіцца ўжо на тэрыторыі Польшчы і называецца Костшын-на-Одры. Зварот у Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа вынікаў не даў. А вось з польскай арганізацыі прыйшоў доўгачаканы адказ: Канстанцін Сяргеевіч Бобрык пахаваны ў Польшчы, у брацкай магіле ў горадзе Хойна, што за 120 кіламетраў ад Костшын-на-Одры. Указалі і нумар магілы.

За спачын душы...

Немагчыма перадаць пачуцці, з якімі ехала Варвара Канстанцінаўна разам з сынам Дзмітрыем на сустрэчу з бацькам. Дарэчы, візу польскае консульства адкрыла пажылой жанчыне бясплатна. Апраўляючыся ў падарожжа, яна вельмі хвалявалася за сваё здароўе, што з-за ўзросту цяжка перанясе далёкую дарогу.

Спачатку прыехалі на могілкі ў Хойна, куды пры перапахаванні ў 1947 годзе перанеслі астанкі загінулых воінаў. Варвара Канстанцінаўна адзначае, што тэрыторыя вайсковых могілак знаходзіцца ў выдатным стане. Хоць магілы і даволі сціплыя, відаць, што іх пастаянна даглядаюць. Сярод нумараваных каменных пліт знайсці патрэбную пад нумарам «40» было няцяжка.

Перад дарогай Варвара Канстанцінаўна заказала ў царкве саракавуст, сустрэлася са свяшчэннікам і па яго парадзе прачытала над магілай таты малітву, рассыпала жменю асвячонай у царкве роднай зямлі і запаліла свечку. Якая гэта была радасць і адначасова невыносны смутак, прыгадвае жанчына. Потым маці і сын паехалі ў Костшын-на-Одры.

Як сведчаць гістарычныя крыніцы, у гэтых мясцінах каля 70 гадоў таму праходзілі жорсткія баі. Узяцце плацдарма было часткай Вісла-Одарскай аперацыі і доўжылася паўтара месяца. Гэта тэрыторыя была вельмі важнай для Чырвонай Арміі і ў далейшым выкарыстана для падрыхтоўкі наступлення на Берлін. Канстанцін Бобрык ваяваў у складзе 60-й гвардзейскай Паўлаградскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі. 15 тысяч савецкіх воінаў знайшлі тут апошні прытулак. У лесе, дзе і цяпер зямля скрозь у акопах, дачка загінулага салдата дала волю слязам. Ёй здавалася, што душа бацькі зусім побач... «Тата, ты не дайшоў да Берліна зусім няшмат, але мы абавязкова там пабываем!» — з такімі думкамі адправіліся дачка і ўнук Канстанціна Бобрыка ў крайнюю кропку свайго падарожжа — сталіцу Германіі, сфатаграфаваліся на памяць ля Рэйхстага і Брандэнбургскіх варот.

Сям’я будзе памятаць

...Салдацкай удаве Алімпіядзе Іосіфаўне Бобрык наканавана было пражыць доўгае жыццё. Яна гадавала дачку, працавала ў калгасе на свінаферме, не баялася ніякіх цяжкасцей і прывыкла разлічваць толькі на сябе. Дзесяць гадоў мінула, як няма яе ў жывых.

Варвара Канстанцінаўна любіць бавіць час у роднай вёсцы Вяжуці. Самыя шчаслівыя хвіліны — калі ў бацькоўскім доме збіраецца ўся яе сям’я. У гэты раз бабуля абавязкова раскажа ўнукам пра сваё падарожжа і пра сустрэчу з бацькам праз 70 гадоў — такую доўгачаканую і хвалюючую...

Лілія ЛІПНІЦКАЯ.
Фота: архіў СЯМ’І АСІПОВІЧ.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх