Sunday, Jul 21st

Сайт обновлен08:35:36 AM GMT

Вы находитесь: Новости 70-летие Победы Яго дзевяноста пятая вясна…

Яго дзевяноста пятая вясна…

E-mail Печать

Былы франтавік, вядомы ў Маладзечанскім раёне педагог Аляксей Маскацінін прымаў віншаванні з 95-годдзем.

«Я уходил тогда в поход, в суровые края. Рукой взмахнула у ворот моя любимая…». Трэба чуць, як душэўна спявае сваю любімую песню ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Маскацінін. Нядаўна ён выконваў яе разам з дачкой Святланай для шматлікіх гасцей – сваякоў, сяброў, калег, аднавяскоўцаў, якія віншавалі яго з 95-годдзем.

 

У свае 20 гадоў Аляксей Іванавіч абараняў радзіму ад фашысцкай навалы: зведаў горыч адступлення, удзельнічаў у бітве за Маскву, вызваляў многія расійскія і беларускія гарады, у тым ліку Мінск і Маладзечна. Капітан Маскацінін быў камандзірам зенітнай батарэі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 годзе вярнуўся ў Маладзечна. Ураджэнец Разаншчыны, ён прыжыўся на беларускай зямлі, знайшоў тут сваё каханне, стварыў сям’ю, выгадаваў разам з жонкай сына і дачку. А ўвесь свой педагагічны талент аддаваў любімай рабоце. Педвучылішча, два інстытуты – такі багаж ведаў у гэтага чалавека. Яго дзецішча -- Заскавіцкая школа, дырэктарам якой ён быў 36 гадоў, выкладаў тут хімію, біялогію, геаграфію. Аляксей Іванавіч успамінае, як разам з вучнямі і настаўнікамі стварылі ў школе аркестр, які іграў на ўсіх святах. Музычнымі інструментамі забяспечыў калгас «Светлы шлях». Яго старшыня Уладзімір Калачык заўсёды падтрымліваў школу і ўсе добрыя пачынанні яе кіраўніка. «Якім дырэктарам быў Аляксей Іванавіч?» -- пытаюся ў сённяшніх педагогаў школы, якія разам з выконваючай абавязкі  дырэктара Людмілай Данькінай прыйшлі павіншаваць юбіляра. «Добрым, тактоўным, вельмі інтэлігентным. І настаўнікі, і вучні яго паважалі і любілі, добрым словам успамінаюць і сёння», -- расказалі маладыя калегі.

Ад імя педагогаў раёна звярнулася да юбіляра старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Каханоўская. Яна перадала віншаванні ад раённага выканаўчага камітэта, абласнога камітэта прафсаюза. Шмат цёплых слоў сказалі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Станіслава Зубкова, старшыня Заскавіцкай пярвічнай арганізацыі ветэранаў Маргарыта Монід. Асабліва чуллівым было віншаванне былой партызанкі, ганаровай грамадзянкі раёна Клары Філіпавай. Сем’і Маскацініных і Філіпавых звязвае шматгадовая дружба, якая пачалася яшчэ ў далёкія пасляваенныя гады, калі два былыя франтавікі, маладыя педагогі, а затым дырэктары школ Аляксей Маскацінін і Мікалай Філіпаў прыехалі ў наш раён, каб «сеяць разумнае, добрае, вечнае». Клара Лявонцьеўна ўспамінала, якой гасціннай гаспадыняй была жонка Аляксея Іванавіча Марыя Ігнацьеўна. Яна таксама працавала ў школе, выкладала рускую мову.  На жаль, яе няма ўжо на гэтым свеце, як і Мікалая Аляксеевіча Філіпава… У кожнага свой лёс, свой запас трываласці.

Не магла не спытацца ў ветэрана, як яму ўдаецца падтрымліваць сябе ў такой выдатнай форме. Ён з удзячнасцю гаворыць пра сваю дачку Святлану, у якой цяпер жыве ў Турэц-Баярах. Яна медык, працуе акушэркай у Заскавіцкай урачэбнай амбулаторыі, пільна сочыць за здароўем таты, выконвае ўсе рэкамендацыі ўрачоў.

Яны вельмі падобныя – Аляксей Іванавіч і яго клапатлівая дачка Святлана.

Дарэчы, загадчыца Заскавіцкай амбулаторыі Таццяна Кокала таксама віншавала ветэрана. Яна адзначыла, што на ўчастку, які абслугоўвае іх установа, толькі сямёра чалавек перасягнулі 90 гадоў, а Аляксей Іванавіч адзіны, каму споўнілася 95. У адным з пакояў кватэры мы ўбачылі велатрэнажор. Аказваецца, доўгажыхар кожны дзень займаецца на ім па 10 хвілін, нават дзень юбілею не стаў выключэннем. А баявы дух, настрой узнімаюць любімыя ваенныя, савецкія песні з дыска, які падарылі ўнукі. Адзін з іх названы ў гонар дзеда.

Дарагога бацьку, дзеда, прадзеда вельмі любіць сям’я, шаноўнага ветэрана паважае ўвесь раён. «Вельмі хачу ў Дзень Перамогі паехаць у Заскавічы», -- дзеліцца планамі Аляксей Іванавіч. Няхай жа яны абавязкова збудуцца! Няхай радуюць яго вясновая квецень, усмешкі землякоў і любімыя песні ў стылі рэтра, якія гучаць кожны дзень у яго доме. «Мой тата любіць жыццё!» -- гаворыць Святлана. І гэтаму мы можам павучыцца ў ветэрана…

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Комментировать:

Добавить комментарий

Защитный код
Обновить

▲ Наверх